Грыбны дожджык - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Грыбны дожджык
Грыбны дожджык
     
     На небе жывуць аблокі. І ўсе яны такія розныя!
     
     
У канцы вясны Янка скончыў другі клас мастацкай школы. А цяпер лета, і хлопчык з мамай жыве на дачы. Але нават там ён не перастае маляваць. Вось і цяпер Янка малюе аблокі...      А яны, такія белыя і пухнатыя, заўважыўшы, што іх малюе хлопчык, важна надзьмуліся, расчырванеліся на сонцы.
     – Я буду кветкай, – вырашыла прыгожая светла-ружовая Аблачына. І тут жа ператварылася ў нябесную ружу.
     Янку спадабалася пухнатая ружа з воблака, і ён яе намаляваў.
     – А я буду зорачкай! – прыдумала другая Аблачына і расцягнула свае пухнатыя пярынкі ў розныя бакі.
     Янка ўбачыў аблачыну-зорачку і намаляваў яе.
     – Я хачу быць слонікам, а я – конікам, а я – кошачкай, а я – сабачкай, – зашумелі Аблокі ад задавальнення.
     Янка старанна дамаляваў іх на карціне і пабег паказваць сваё тварэнне маме.
     Пухнатыя Аблокі аж падскоквалі ад шчасця, бо іх намаляваў на карціне маленькі мастак!
     – А цябе ён не намалюе, – крыкнулі беленькія Аблокі шэрай Хмарцы. – Ты непрыгожая!
     Шэрай Хмарцы стала так крыўдна! Яна змошчылася ад смутку і схавалася за ўзгорачкам у вузенькай лагчыне. Ёй захацелася плакаць. Але раптам унізе яна ўбачыла блакітную Кветку на тонкай ножцы. Кветка схіліла галоўку да зямлі і жаласна пішчала.
     – Піць! – прасіла Кветка. – Я хачу піць!
     "Што ж гэта я! Трэба зараз жа напаіць яе!" – зразумела Хмарка і паліла Кветку кропелькамі сваёй вадзіцы. А тая тут жа падняла галоўку, з удзячнасцю паглядзела на Хмарку і ўсміхнулася.
     "Я павінна ляцець у лес і напаіць усе расліны, бо яны могуць загінуць у такую спякоту!" – падумала добрая Хмарка. Яна выплыла з лагчынкі і, не звяртаючы ўвагі на ганарлівыя Аблокі, паспяшалася ў лес. Там Хмарка шчодра паліла цёплай вадой ўсе дрэвы, палянкі, горачкі і лагчынкі. А ўслед за гэтым на зямлі, пад кустамі і дрэвамі, сталі расці ягады і грыбы, бо вада, гэтак жа, як і сонечнае святло, патрэбна ім усім для жыцця.
     Хлопчык Янка паставіў карціну ля сцяны хаты, каб яна не прамокла, і гучна паклікаў свайго сабачку:
     – Шарык! Дзе ты схаваўся? Пойдзем па грыбы. Глянь, якая вясёлка над лесам! Грыбны дожджык прайшоў!
     – Ура! – узрадавалася Хмарка, пачуўшы словы хлопчыка. – Я недарма палівала лес!
     Шчаслівая Хмарка шчодра аддала лесу ўвесь свой цёплы дожджык. Яна не пашкадавала ні кропелькі вадзіцы. На змоклай зямлі пад кустамі і дрэвамі выраслі грыбы: сыраежкі і лісічкі, падбярозавікі і падасінавікі, махавікі і баравікі.
     Янка сабраў цэлы кошык грыбоў і прынёс іх маме.
     – Які ж добры ў мяне сынок! – сказала матуля. – Ён – здольны мастак і ўмелы грыбнік!
     І няхай хлопчык не намаляваў шэрую Хмарку на першай карціне, ён абавязкова намалюе яе на другой карціне, дзе пад залатым дожджыкам выраслі грыбы!
     
     Гэтая казка на рускай мове
30.07.15