Матулін памочнік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Матулін памочнік
Матулін памочнік
Прыйшла зіма. Усе лясныя звяркі атуліліся ў цёплых хатках, каб перажыць халады. Лес, дахі хат і норак, усе сцяжынкі і дарожкі пазасыпала снегам. Маленькія зайчаняты, якія жылі разам са сваёй мамай-зайчыхай на ўскраіне лесу, цяпер ужо не так часта, як улетку, выходзілі пагуляць на лясную палянку. Зайчаняты глядзелі ў акенца на снег, на елкі і хвоі, захутаныя ў пухнатыя беласнежныя футры, і чакалі ўсімі любімага самага галоўнага свята ў годзе – Новага года. А калі аднойчы мама прынесла ў хату пухнатую лясную прыгажуню Ёлку, маляняты адразу зразумелі, што доўгачаканае свята скора настане. І тады Дзядуля Мароз абавязкова прыедзе да іх у госці і прынясе кожнаму дзіцяці падарунак, а яшчэ – шмат смачных цукерак у яркіх каляровых абгортках...      
     І вось ужо Ёлка апранута ў цудоўны навагодні ўбор: на ёй красуюцца цацкі, зіхацяць гірлянды, пераліваецца рознакаляровы дожджык! А на самай верхавіне гарыць перламутравая зорачка! Заўтра Навагодняе свята! Мама гатуе пачастункі – салодкі маркоўны торт і пірог з любімай зайчанятамі капустай, а дзеці сервіруюць святочны стол. Старэйшая сястрычка, Лапачка-зайка, ставіць на стол кубачкі, талеркі, вазачкі. Малодшая, Пухнатая-зайка, кладзе відэльцы і лыжкі. Старэйшы брацік, Хуткі-зайка, падносіць да стала крэслы. Вось толькі малодшы, зайка-Гарэза, раздурэўся недарэчы, скокнуў з размаху на сваё крэсла і … зламаў яго!
     – Гарэза! – дакараюць яго зайчаняты. – Што ты нарабіў? Заўтра – Новы год! На чым ты будзеш сядзець за сталом?
     Збянтэжыўся зайчык, бачыць, што вінаваты. Але старэйшы брацік вырашыў яму дапамагчы.
     – Мама! – просіць ён. – Дай мне малаток, я папраўлю крэсла.
     Аднак мама-зайчыха ў разгубленасці. У хаце няма малатка. Ну і ну! Што ж рабіць? Куды бегчы і ў каго прасіць малаток? Найбліжэйшая хатка – лісіная. Але ў даўгахвостай рыжухі малатка сапраўды не знойдзеш. Малаток павінен быць у бабра. Ён майстар на ўсе рукі, добры гаспадар, умее ўсё чыніць. Але бабёр жыве вельмі далёка, на другім канцы лесу, і да яго па такім глыбокім снезе не дабярэшся, застудзішся і захварэеш.
     – Заўтра прыедзе Дзядуля Мароз, і я папрашу ў яго малаток! – сцяміў старэйшы зайчык.
     На наступны дзень усе зайчаняты ўжо з раніцы сядзелі ля акна ў чаканні Дзядулі Мароза. Яны ведалі, што Дзядуля абавязкова прыедзе да іх напярэдадні свята і прывязе падарункі. І сапраўды! Ён прыехаў на цудоўных звышхуткасных санках з вялікім мяшком навагодніх падарункаў. Зайчаняты скакалі ад радасці! На стол з рук Дзядулі Мароза пасыпаліся шакаладныя цукеркі ў маляўнічых абгортках, а потым ён сказаў:
     – А зараз, дзеці, выбірайце сабе навагоднія падарункі! – і развязаў свой вялікі мяшок, да верха набіты рознай драбязой.
     Пухнатая-зайка ўзяла ляльку ў бальнай сукенцы, Лапачка-зайка – модную сумачку, зайка-Гарэза – машынку, а Хуткі-зайка зазірнуў у мяшок і нічога не ўзяў.
     – Чаму ты не ўзяў сабе падарунак? – спытаў Дзядуля Мароз.
     – Мне патрэбны малаток, а ў Вас яго няма, – засмучана сказаў старэйшы брацік.
     – Малаток? Так, такія прылады я з сабой не бяру. Прабач мяне, зайчык! На наступны год прывязу табе цэлы набор прылад, каб ты мог дапамагаць сваёй матулі па гаспадарцы. Я бачу, ты працавіты і разумны. А цяпер прымі ад мяне ў падарунак, хоць бы, вось гэта. Дзядуля дастаў з мяшка і аддаў зайку вельмі прыгожую навагоднюю хлопаўку.
     Вось і ўсё. Дзед Мароз паехаў далей па лесе развозіць падарункі маленькім зверанятам. А зайчаняты, падзякаваўшы Дзядулю за падарункі, захоплена з імі гулялі: малодшая сястрычка – з лялькай, старэйшая – з сумачкай, малодшы брацік – з машынкай. Толькі іх старэйшы брацік паклаў на стол сваю хлопаўку, а сам сумна глядзеў у акно на цямнеючы лес і маленькія іскрынкі-зорачкі ў небе.
     Але трэба ж было такому здарыцца! У гэты час недалёка ад заячай хаткі выпадкова апынулася Фея лесу. Яна ўбачыла сумнага зайчыка ў акенцы і адразу ж пра ўсё здагадалася! Фея лесу была вельмі добрая і спагадлівая да чужых бедаў. І тады яна вырашыла дапамагчы малому.
     Як толькі настала ноч, і ўсе ў хаце заснулі, Фея дастала сваю чарадзейную палачку і паднесла да акна заечай хаткі. За акенцам стаяла вазачка з цукеркамі, тымі самымі, якія прынёс зайчанятам Дзядуля Мароз. "Дзінь-дзінь-дзінь!" – Фея ўзмахнула чарадзейнай палачкай. І здарыўся цуд – на ганак заячай хаткі выйшлі казачныя звяркі: цялё Борка, медзведзяня, а следам за імі – дзяўчынка Алёнка. Так, так! Яны, як па чараўніцтве, сышлі з цукерачных абгортак!
     Фея паглядзела на іх і сказала ціхім голасам:
     – Мае дарагія сябры! Я паклікала вас сюды з вашага Казачнага Свету для таго, каб вы дапамаглі аднаму маленькаму зайчыку. Зараз вы паедзеце на другі бок лесу, адшукаеце там хатку бабра і папросіце ў яго малаток для зайчаняці!
     Фея яшчэ раз узмахнула чарадзейнай палачкай, і побач з ёй з'явіліся чароўныя санкі. Алёнка запрэгла цяля Борьку ў санкі і забралася ў іх, а медзведзяня пабегла наперад, каб пракладаць у снезе дарогу да хаткі бабра.
     Стары бабёр зусім не раззлаваўся на няпрошаных госцей за тое, што яны разбудзілі яго сярод ночы. Ён разумеў, што дапамагае старэйшаму зайчыку, які хоча зрабіць добрую справу дзеля сваёй сям'і. Бабёр абраў для зайчаняці спецыяльны малаточак, такі, якім зручна працаваць маленькім дзецям. Цяля Борька, медзведзяня і дзяўчынка Алёнка адвезлі прыладу ў заечую хату, паклалі на стол, а самі зноў увайшлі ў свай Казачны Свет, намаляваны на абгортках шакаладных цукерак.
     Раніцай старэйшы зайчык падыйшоў да стала і ўбачыў побач са сваёй хлопаўкай малаток, падораны бабром, і яго ліст з пажаданнямі шчаслівага Новага Года ўсёй заячай сям'і. Колькі ж радасці было ў вачах у зайчаняці, словамі не перадаць! Неўзабаве крэсла малодшага браціка было адрамантавана. Але ж, хто ўначы прынёс малаток у хату? Гэтага ніхто так і не зразумеў.
     Увечары ўсе зайчаняты ўселіся за стол, каб разам з матуляй, яе смачнымі пірагамі і салодкімі напоямі, з цудоўнымі падарункамі Дзядулі Мароза і бабра сустрэць Новы год!
     А калі сышоў снег, зайчаняты адправіліся ў госці да старога бабра, каб аддзячыць яго. Той распавёў ім гісторыю з няпрошанымі госцямі, якія прыехалі да яго сярод ночы прасіць малаток для Хуткага-зайкі. Бабёр сцвярджаў, што гэта былі цяля, медзведзяня і маленькая дзяўчынка ў чырвонай хустачцы, і што іх паслала да яго добрая Фея лесу. Зайчыкі тут жа пра ўсё здагадаліся, бо цяля Борка, медзведзяня і дзяўчынка Алёнка намаляваны на абгортках шакаладных цукерак, якія ім падарыў Дзядуля Мароз!
     
     Пад Новы год здараюцца цуды, і гэта праўда. Так здарылася і ў тую чароўную ноч, калі Фея лесу і сябры з Казачнага Свету вырашылі дапамагчы заячай сям'і, а галоўнае, падарыць жаданы падарунак старэйшаму зайчаню. Зайчаняты захоўваюць цудоўныя абгорткі ад цукерак, падораных Дзядулем Марозам, у кнізе з чароўнымі казкамі. Яны вераць, што яшчэ калі-небудзь казачныя звяркі і дзяўчынка Алёнка сыдуць з малюначкаў, намаляваных на цукерачных абгортках, каб стварыць што-небудзь неверагодна цудоўнае і патрэбнае камусьці.
     
     Гэтая казка на рускай мове
26.06.15