Пчолкіна сям'я (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пчолкіна сям'я (чытае Ліка Пташук)
Пчолкіна сям'я (чытае Ліка Пташук)
У дарослай Пчалы нарадзіліся маляняты. Яна паклала іх у маленькія калысачкі ў сваёй вялікай хаце, вулеі. Маляняты ціхенька пасапвалі ў сне, а Пчала даглядала іх і напявала ласкавую песеньку. Яе больш дарослыя дочкі, заўважыўшы, што матуля стамілася, прапанавалі ёй дапамогу:      – Матулечка! Адпачні трошкі, а мы паглядзім за малянятамі.
     Калі ўдзячная матуля пайшла адпачываць, пчолкі пачалі нястомна сачыць за малянятамі. Усялякае можа здарыцца з такімі дзіцяткамі: кагосьці трэба ўбаюкаць, а камусьці пакласці ў роцік соску ці даць папіць.
     Праз некаторы час маляняты трошкі падраслі. Яны ўжо бегалі па вулею і хацелі паглядзець, што ж робіцца там, за дзвярыма, куды ўвесь час лётаюць іх старэйшыя сястрычкі. Малым было вельмі цікава даведацца, адкуль жа пчолкі прыносяць у вулей такі пахкі і смачны сок?
     Самай малодшай сястрычцы, Понечцы, больш за ўсіх захацелася злётаць куды-небудзь.
     – Калі ласка, Журылачка, пакажы мне той луг і сад, пра які ты мне распавядала! – вельмі жаласліва папрасіла яна сваю старэйшую сястрычку.
     – Добра, заўтра я цябе зважу туды, і ты ўсё ўбачыш. Але ведай, што нам, пчолкам, трэба старанна працаваць, каб назапасіць добрага мёду на зіму. Будзеш мне дапамагаць?
     – Абавязкова! – узрадавалася маленькая Понечка.
     І вось назаўтра сястрычкі ўсталі раней за ўсіх, пачысцілі сваі роцікі і крылцы, папілі вадзіцы і вылецелі з цёмнага вулея на святло.
     А там так хораша, так прасторна!
     – Ляці за мной і не адставай! – наказала малодшай сястрычцы Журылачка.
     Понечка не адставала. А калі яны дабраліся да лугу, старэйшая сястрычка тут жа прысела на прыгожую Ружовую Кветку з вялікімі тонкімі пялёсткамі. Як жа смачна пахла сярэдзінка кветкі! Побач з ёй Понечка ўбачыла іншую кветку, такую ж пахкую і прыгожую, але толькі жоўценькую, як сонейка ў небе.
     Калі лапкі пчолкі асцярожна дакрануліся да прыгажуні Залатой Кветачкі, яна ласкава прамовіла:
     – Мілая Понечка! Ведай, што ў маёй сярэдзінцы ты знойдзеш трошкі салодкага соку. Частуйся, калі ласка. Ён вельмі смачны!
     Усхваляваная пчолка дакранулася роцікам да кветкі і пацалавала яе. Залатая Кветачка шчодра напаіла малую духмяным сокам, ды яшчэ дадала ў прыдачу трошкі соку з сабой.
     – Шчыры дзякуй, цудоўная Залатая Кветачка! – Понечка была вельмі ўдзячная сваёй першай кветачцы за такі шчодры пачастунак.
     Потым пчолка ўзляцела ўгару і раптам ўбачыла наперадзе цэлае мора беласнежных і ружовых кветак!
     – Сколькі тут розных кветак! Што гэта такое? – запыталася Понечка ў сястрычкі Журылачкі.
     – Ды гэта ж сад цвіце! Ты чуеш яго водар?
     – Вядома!
     Сястрычкі абляцелі ўвесь сад. Які ж ён прыгожы вясною!
     – А зараз нам трэба вяртацца ў вулей, – сказала старэйшая сястрычка.
     – Ужо? Але я яшчэ не нагледзелася на вясновую прыгажосць!
     – Мы аднясём у вулей пачастунак, адпачнём трошкі і зноў паляцім.
     – Ура! Я зноў прылячу сюды і пагавару з кветкамі. Яны нашы сябры, праўда, Журылачка?
     – Яны нашы самыя лепшыя і добрыя сябры. Кветкі любяць нас, сумуюць без нас. Таму, калі мы прылятаем да іх, яны дораць нам сваё цяпло і свой пачастунак.
     – Я буду прылятаць сюды цэлае лета, пасябрую з кожнай кветачкай і нікому з іх не дазволю сумаваць! – вырашыла Понечка.
     
     Гэтая казка на рускай мове
16.06.15