Лекавыя травы (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лекавыя травы (чытае Ліка Пташук)
Лекавыя травы (чытае Ліка Пташук)
На хутары ў Галіны Сяргееўны пасяліліся ўнукі, Маша і Саша. Іх на цэлае лета прывезла з горада мама.      – Пажывіце ў бабулі, – сказала яна. – Тут добра. Паветра чыстае, побач лес. Будзеце з бабуляй хадзіць па грыбы ды па ягады. Вам тут спадабаецца!
     На другі дзень мама паехала ў горад. Дзеці засталіся ў бабулі. Вельмі хутка яны пасябравалі з Нарзанам, нямецкай аўчаркай, і вялікім сібірскім катом па мянушцы Чарныш. А бабуля, хоць і была старэнькай, ва ўсім імкнулася дагаджаць унукам. Яны ўжо школьнікі, стаміліся за год, ім патрэбны адпачынак і клопат.
     Спачатку ўсё было добра. Дзеці гулялі ў двары, хадзілі з бабуляй у лес. Там суніцы паспелі на сонечных палянках. Водар ад ягад па ўсім лесе ідзе!
     Неяк раніцай ўнукі з бабуляй зноў адправіліся ў лес па суніцы. Бабуля вырашыла зварыць варэнне, ды і дзецям такі ласунак быў па гусце.
     – Як добра ў лесе! – зачаравалася Маша. – Столькі птушак і кветак, дрэвы да неба!
     – І ціха, – дадаў Саша. – Не тое, што ў нас, у горадзе, бясконцы шум ад машын.
     – Апрача таго, і паветра тут добрае, – усміхнулася бабуля. Яна паказала на стройныя хвоі. – У хваёвым лесе шмат кіслароду.
     – Бабуля! Мне мама даручыла сабраць і насушыць лекавыя травы, – раптам успомніла Маша.
     – Якія? – пацікавілася Галіна Сяргееўна.
     – Не ведаю, – збянтэжылася дзяўчынка. – Усе, якія ты ведаеш.
     – Я ведаю мноства лекавых траў. У іх рознае прызначэнне. Адны лечаць горла і лёгкія, другія – жывот, трэція дапамагаюць, калі баліць галава, – адказала бабуля.
     – Вось, глядзі! – яна паказала на пухнатыя жоўценькія галоўкі кветак, якія раслі на вялікай паляне. – Гэта святаяннік. Ён любіць сонейка. А гэта – сухацвет, – бабуля сарвала невысокую галінку жоўтагаловікаў. – Ён таксама сябруе з сонейкам і любіць яго. А гэта – крываўнік. Бачыш, які ў яго прыгожы капялюшык з маленькіх беленькіх кветачак. Такая трава лечыць хваробы жывата. А вунь тыя кветачкі ты ведаеш сама. Але, мабыць, і не здагадвалася аб іх карыснай уласцівасці? – бабуля паказала галінку, на якой распусцілася адразу некалькі белых рамонкаў.
     – Як жа! Я ведаю. Мама заварвае рамонак, як чай. І я п'ю яго альбо палашчу ім горла.
     Нарваўшы трохі гаючай травы, з поўнымі кашамі духмяных суніц лясныя вандроўнікі пайшлі да хутара. Па дарозе бабуля не стамлялася распавядаць дзецям пра лясную і палявую траву. Паабапал сцяжынкі, па якой яны ішлі, цягнуліся да неба і сонейка свечкі трыпутніка. Аказваецца, яго лісце добра лечыць скурныя парэзы і хваробы жывата. Тут жа можна сустрэць лопух і крапіву. Гэтая трава можа дапамагчы ў лячэнні шматлікіх хвароб.
     – Паглядзіце! Які прыгожы луг, увесь у ружовых кветках, – бабуля паказала на невысокія ярка-малінавыя пухнатыя галоўкі кветак, якія абсыпалі мяккую зялёную траўку. – Гэта канюшына. Ёй любяць ласавацца каровы і коні. Апрача таго, гэтыя кветкі лечаць галаўны боль і іншыя хваробы.
     Дзеці ўважліва слухалі аповеды бабулі і нават не заўважылі, як увайшлі ў свой двор. Але бабуля не павяла іх у хату, а павярнула ў агарод.
     – У мяне тут таксама расце лячэбная трава, – пахвалілася яна. – Вось гэта – мята, – бабуля сарвала галінку з лісцікамі, падобнымі на крапіву.
     – Мята! Я ведаю мяту, – сказаў Саша. – Мама часта дадае яе нам у чай.
     – А гэта меліса, – працягвала бабуля. – Яе таксама можна заварваць як чай. Яна дапамагае сэрцу лепш працаваць.
     – Бабуля! Ты сапраўдная траўніца! – усміхнулася ўнучка.
     – Зразумела, чаму мама папрасіла Машу сабраць лекавыя травы. Зараз і мы навучымся іх збіраць, – пажартаваў Саша.
     – Вельмі добра! Я буду толькі рада гэтаму. – Адказала бабуля і абняла дзяцей. – А заўтра я пакажу вам іншыя лекавыя травы.
     
     Гэты аповед на рускай мове
14.06.15