
Дзяўчынка Залатая Дзьмухаўчынка
У адным вялікім горадзе жыў адзінокі чалавек. Усё жыццё ён працаваў на розных працах і не ведаў адпачынку. Прыйшоў час, калі чалавек састарэў і кожны дзень хадзіць на працу ўжо не змог. Аднак толькі ў хаце сядзець ды на чатыры сцяны глядзець яму не падабалася. Сумна было старому аднаму ў пустой кватэры. Толькі рыжае плюшавае медзведзяня, калісьці падоранае яму матуляй на дзень нараджэння, нагадвала пра выдатнае, але ўжо такое далёкае дзяцінства. Стары глядзеў на медзведзяня і журыўся. Яму не з кім было пагаварыць, няма каму распавесці пра свае смуткі і радасці.
Неяк, шпацыруючы па вячэрнім горадзе і любуючыся навагоднімі ўпрыгожваннямі вітрын крам і вуліц, стары зноў адчуў сябе маленькім хлопчыкам. Яму вельмі захацелася скласці такую казачную гісторыю, якая б зацікавіла дзяцей!З таго самага часу і пачаў гэты чалавек складаць казкі. Шмат цікавых гісторый прыдумаў ён. Яго кніжкі пачалі чытаць бабулі маленькім унукам. Казкі падабаліся ўсім, аднак ніхто ніколі не бачыў самога аўтара казачных гісторый. Казачнік старэў, а складаць і запісваць усё новыя і новыя казкі не пераставаў, хаця нават хатнюю работу яму цяпер было ўжо нялёгка рабіць. Шкадаваў стары, што ў яго самога няма ні дзяцей, ні ўнукаў.
У адзін пагодны вясновы дзень падышоў ён да вітрыны шыкоўнай моднай крамы і, разглядаючы яе, убачыў за шклом маленькую лялечную дзяўчынку, вельмі падобную на гераіню адной са сваіх казак. Так, так! Чалавек успомніў даўнюю казку пра дзяўчынку Залатую Дзьмухаўчынку.
У гэтай казцы вясновае Сонейка вырашыла падарыць Зямлі тысячу малышоў. Яно прыгрэла адталую паверхню зямлі, і з яе на белы свет выйшлі маленькія жоўценькія дзьмухаўцы, вельмі падобныя на Сонейка. Сярод тысячы хлопчыкаў-дзьмухаўцоў на свет нарадзілася толькі адна дзяўчынка Залатая Дзьмухаўчынка. Яна была цудоўная! Залатая каса, блакітныя вочы, маленькі носік і роцік, які ўсміхаўся ўсім, усім, усім! Яе сукеначка была з танюткага залатога лісціка, а на галоўцы красавалася залатая панама, пашытая з сонечнага пялёстка.
І вось цяпер перад казачнікам у вітрыне крамы стаяла дзяўчынка з яго казкі! Ён паглядзеў на яе і запытаўся:
– Ты мая дзяўчынка Залатая Дзьмухаўчынка?
– Так, – адказала малая.
– Тады ж я забяру цябе дамоў!
Казачнік увайшоў у краму і хацеў купіць цацку, але прадавец не аддаў яе яму, сказаўшы, што гэтая цацка не прадаецца. Яна ўпрыгожвае вітрыны крамы. Засмуціўся стары, але выгляду не падаў. Ён падышоў да дзяўчынкі Залатой Дзьмухаўчынкі і паабяцаў, што абавязкова прыдумае, як забраць яе адгэтуль да сябе дамоў.
Прайшло шмат часу. Казачнік не змог забыцца на сваю казачную дзяўчынку. Аднак ён усё яшчэ не ведаў, як жа вызваліць яе з вітрыны крамы. Аднойчы яму прысніўся сон, быццам мама параіла яму:
– Ты ж казачнік. Складзі такую гісторыю, у якой тваю дзяўчынку хтосьці вызваліць, і тады яна прыйдзе да цябе дамоў.
Стары так і зрабіў. І наступнай ноччу пачаў складаць новую казку. У гэтай казцы дзяўчынку Залатую Дзьмухаўчынку вызваліла з палону шэрая Мышка. Яна перагрызла вяровачкі, якімі ручкі і ножкі малой былі прывязаны да вітрыны.
Раніцай казачнік пайшоў да крамы паглядзець, ці не адбылося там штосьці. Але казачная дзяўчынка стаяла на тым жа месцы. На яго пытанне, што адбылося ноччу, яна адказала, што ноччу бачыла шэрую Мышку. Аднак Мышка не змагла яе вызваліць. Ёй перашкодзіў велізарны чорны Кот, які жыве ў краме. Ён пагнаўся за Мышкай, а тая ледзь уцякла ад яго!
Задумаўся казачнік. І тады вырашыў ён наступнай ноччу прыйсці сюды, каб самому тут прачытаць сваю новую казку.
Уначы, калі стала зусім цёмна, стары падышоў да вітрыны, за якой стаяла дзяўчынка Залатая Дзьмухаўчынка, і пачаў чытаць казку. І калі аднекуль выбегла шэрая Мышка, казачнік убачыў, як за ёю адразу ж пагнаўся чорны Кот.
– Стой! – крыкнуў стары Кату. – Не чапай Мышку, бо яна хоча вызваліць дзяўчынку Залатую Дзьмухаўчынку!
Кот спыніўся, незадаволена прабурчаў штосьці на сваёй кацінай мове, але Мышку не крануў. Тым часам тая хутка перагрызла вяровачкі і вызваліла ляльку з палону.
Пасля таго казачная дзяўчынка пасялілася ў доме старога. Прыйшла вясна, і малая пайшла ў двор пагуляць. Дзяўчынка Залатая Дзьмухаўчынка хадзіла па мяккай маладой траўцы, дакраналася да далікатных пялёсткаў маленькіх дзьмухаўцоў, якія толькі-толькі з'явіліся на белы свет з зямлі, і прыгаворвала:
– Мае мілыя братачкі! Паглядзіце на Сонейка! Якое ж яно яркае гарачае прыгожае! Сонейка нас сагравае. Вы хутка вырасцеце вялікімі і будзеце такімі ж жоўценькімі, як і яно.
Пачула Сонейка, што хтосьці пра яго гаворыць, паглядзела на зямлю і ўбачыла маленькую рыжавалосую казачную дзяўчынку. Усміхнулася Сонейка і падумала: "Як добра, калі ў брацікаў ёсць такая добрая і ласкавая старэйшая сястрычка!"
Сонейка далікатна пагладзіла дзяўчынку Залатую Дзьмухаўчынку па галоўцы сваімі цёплымі праменьчыкамі, а тая адразу ператварылася з казачнай у сапраўдную дзяўчыну-прыгажуню з цудоўнай доўгай залатой касой!
А стары казачнік, калі даведаўся пра гэта, быў невымоўна рады, што ў яго доме пасялілася ўнучка, красуня, памочніца, якая прыйшла да яго з ягонай жа казкі!
p.s. лялька – Залатая Дзьмухаўчынка. Фота Аляксея Кудраўцава.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
19.05.15