Калыскавыя званочкі дзяўчынкі Ночачкі
Далёка-далёка за лясамі і марамі жыла цёмная Ноч. Яе мяккія, як чорны шоўк, валасы спускаліся да самай зямлі, а вялікія цёмна-сінія вочы глядзелі ласкава і спакойна. Цёмная Ноч вельмі любіла сваю маленькую дачушку Ночачку. Пакуль апошнія праменьчыкі Сонца не схаваліся за гарызонтам, яна старалася распавесці малой казку і паскласці спаць. І толькі тады цёмная Ноч апранала чароўную, усю ў маленькіх іскрынках-зорачках сукенку і сыходзіла далёка-далёка, за тысячу вёрст, каб накінуць на Зямлю бязмежнае бязважкае і вельмі цёмнае пакрывала.
Ноч рабіла гэта толькі пасля таго, як даведвалася, што ўсе маляняты ўжо спяць, закалыханыя песенькамі і баечкамі сваіх матуль і татаў. Яна разумела, што часам маленькія дзеці баяцца цемры. І як жа цёмная Ноч засмучалася, калі раптам заўважала, што ў нейкай хаце да яе прыходу дзіця яшчэ чамусьці не змагло заснуць. Яно ляжала ў ложачку і плакала, таму што ў пакоі стала цёмна і страшна! І тады бацькам прыходзілася запальваць святло і зноў укладваць сваё дзіця спаць.Аднаго разу цёмная Ноч распавяла пра свае засмучэнні дачцэ. І з той гадзіны Ночачка стала думаць пра тое, як жа ёй дапамагчы матулі. Аднойчы, яна прыдумала чароўную гульню "Калыскавыя званочкі" і кожны вечар стала гуляць у яе з усімі малымі.
Сутнасць гэтай гульні вось у чым.
У той час, калі перадапошнія праменьчыкі Сонца яшчэ асвятлялі Зямлю бірузовым святлом, Ночачка бегла ў двор. Там, патаемна ад мамы, яна надзімала тысячу маленькіх чароўных бурбалак і адпускала іх у неба. Бурбалкі падымаліся над лясамі, лугамі і, нібы птушкі, ляцелі ў далячынь. Такім чынам, яны запаўнялі сабой ўвесь нябесны абшар.
Месяц, заўважыўшы іх, тут жа накіроўваў да кожнай чароўнай бурбалкі яркі серабрысты праменьчык. Месяцовы праменьчык падлятаў да бурбалкі і лёгенька дакранаўся да яе. Пры гэтым бурбалка лопалася і меладычна звінела, нібы маленькі цацачны званочак:
– Дзінь!
У такія імгненні ўсё неба азаралася перламутравым ззяннем. А ў вышыні гучала цудоўная казачная мелодыя тысячы нябесных званочкаў. Гэтая чароўная калыскавая песенька была такая загадкавая, такая далікатная! Яна трапляла ва ўсе хаты, дзе жылі маляняты. І дзеці, пачуўшы яе, тут жа засыналі.
Ночачка ж, адправіўшы на неба свае чароўныя бурбалкі, таксама спяшалася легчы ў ложачак, каб паспець паслухаць цікавую казку сваёй мамы, цёмнай Ночы. Яе мама доўга не здагадвалася, хто ж ёй так дапамагае ўкладваць усіх дзетак спаць. Пакуль аднойчы дачушка сама не распавяла ёй пра гульню з чароўнымі бурбалкамі і месяцовымі праменьчыкамі, якую яна прыдумала.
p.s. малюнак Святланы Кротавай "Игра"
Гэтая казка на рускай мове
8.04.15