Родная вёска Вішнёўка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Родная вёска Вішнёўка
Родная вёска Вішнёўка
Неяк вясноваю парою дзве суседкі пасадзілі ў сваіх гародах маладыя саджанцы фруктовых дрэў. Гэта былі вішанькі-двухгодкі. Суседкам дала дрэўцы знаёмая бабуля Надзя, што жыла ў канцы вёскі. Бабуля выкапала саджанцы-самасейкі ў сваім гародзе і аддала жанчынам па тры высадка кожнай.      Хоць дрэўцы былі маленькімі, яны добра прыжыліся на новым месцы. Гаспадынькі, Вера з Валянцінай, абралі для іх месца каля брамак. Хай растуць вішанькі і адну на адну глядзяць. Яны ж, як-ніяк, сястрыцы родныя. А вішанькі гэтаму вельмі рады. Глядзяць праз тын, шэпчуцца, ды і растуць не па днях, а па гадзінах. Таму што добра ім быць заўсёды побач адна з адной. Так і не заўважылі самі, як ужо паненкамі сталі. Выраслі прыгажуні, расцвілі!
     Людзі ідуць па дарозе, то ў адзін бок паглядзяць, то ў другі – на вішанькі любуюцца. Ды і пахнуць яны так цудоўна!
     Праз некаторы час на вішнях першыя ягадкі завязаліся.
     – Паглядзі, Вера! – крычыць адна гаспадынька другой, стоячы ля тына. – У маіх вішанек ужо і плады спеюць.
     – І ў маіх тое ж самае! – усміхаецца суседка. – Добрыя дрэўцы нам баба Надзя дала. Значыць, не пашкадавала.
     На наступны год гаспадыням хапіла вішанек нават на вішнёвае варэнне, смачнае, духмянае. Дрэўцы трохі схітравалі, не ўсе свае ягадкі аддалі гаспадыням, некалькі штучак утаілі. Аднойчы ўзмахнулі вішні галінкамі і закінулі тыя ягадкі далей, за плот, марачы пра тое, каб з іх выраслі дрэўцы.
     Праз некалькі гадоў ля дарогі і сапраўды пачалі расці маладыя вішанькі, дзеці тых дрэўцаў, што пасадзілі калісьці суседкі Вера і Валя. Яны іх заўважылі, але выкопваць не сталі.
     – Няхай падрастаюць, бо яны не замінаюць нікому! – вырашылі гаспадынькі.
     Так за шмат гадоў уздоўж вясковых вуліц вырас сапраўдны вішнёвы сад вішань-самасеянак. У ім усе дрэўцы - родныя сёстры. Па вясне вёска расцвітае і напаўняецца вішнёвым водарам. Паглядзіш, быццам стаяць дзяўчыны-прыгажуні ля тына і чакаюць кавалераў. Вось і буслы не супраць звіць свае гнёзды пад дахамі хат, дзе цвітуць белыя вішні.
     А дзеці! Іх вясёлыя галасы напаўняюць кожную вясковую хату. І хто ж такія гэтыя дзеці? Спытайце ў Сашкі, які жыве ў хаце пад чарапічным дахам, колькі ў яго братоў і сясцёр.
     – Дзесяць ці пятнаццаць. Вунь у той, і ў той, і ў той хаце жывуць мае стрыечныя браты і сёстры, – усміхаючыся, пакажа Сашка на хаты суседзяў.
     – А ты сябруеш з імі?
     – Вядома! Яны ж мне родныя! – шчасліва адкажа хлопчык і ганарліва паглядзіць вам у вочы.
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
30.03.15