Ахайнае парася (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ахайнае парася (чытае Ліка Пташук)
Ахайнае парася (чытае Ліка Пташук)
У вясковым двары жылі: Сабака ў будцы, Певень і куры ў куратніку. Сабака ахоўваў бабуліну хату, а Певень і куры днём хадзілі па двары і часам нават выхадзілі за брамку ў пошуках смачных чарвячкоў.      У хляве жыла мама Свінка і яе маленькі сыночак, рыжае парася Хруша. Свінка вельмі любіла сваё дзіцё. Яна карміла яго смачным малачком і ўкладвала спаць на мяккую травяную падсцілку. Калі парася падрасло і навучылася гаварыць, яно папрасіла ў мамы дазволу пагуляць у двары побач з бабулінай хатай.
     – Ідзі, Хруша, толькі будзь асцярожным! Не дражні Пеўня – ён умее балюча дзюбацца, не падыходзь да Сабакі – ён можа ўкусіць, і глядзі, не выходзь за брамку. Ці мала хто там можа цябе напалохаць!
     – Добра, – паслухмяна адказаў сынок, хоць ён зусім не слухаў, пра што казала мама. У той момант Хруша глядзеў у шчылінку на двор, на траву і кветкі, бо марыў хутчэй туды збегчы.
     І вось парася ўжо ў двары! Першым, каго сустрэў малы, быў не Певень і не Сабака, а звычайнае рыжае кацяня. Але Хруша падумаў, што гэта парася, такое ж, як і ён!
     – Добры дзень, парася! – прывітаўся Хруша, віляючы сваім маленькім хвосцікам.
     – Няўжо ты не бачыш, што я зусім не падобны на парася, – адказала кацяня. – Парася – гэты ты, а я – кацяня.
     – Добры дзень, кацяня, – выправіўся Хруша, вінавата паглядзеўшы на новага сябра. – А я думаў, што толькі парасяты бываюць рыжанькія, як сонейка. Мяне клічуць Хрушам, а цябе як?
     – Бабуля мяне кліча Рыжыкам. Цяпер яе няма ў хаце, бо яна пайшла ў краму. Хочаш, я пакажу табе бабуліну казу Васіліну? Яна за брамкай на зялёнай траўцы пасвіцца.
     – Каза? Я ніколі не бачыў казу і хацеў бы на яе паглядзець, – пагадзіўся Хруша. Ён зусім забыўся пра маміны словы і пабег услед за кацянём.
     – Вунь глядзі, якая яна рагатая! – крыкнуў Рыжык, калі яны выбеглі за брамку на дарогу. Там, праз дарогу, на лузе пасвілася белая каза з доўгай бародкай і вялікімі рожкамі.
     – Бэ-э-э-э! – прабляяла Васіліна. – Кацяня і парася, будзьце асцярожныя, не выходзьце на дарогу!
     – Вы куды, вы куды! – а гэта ўжо бабуліна Курыца вызірнула з двара і спрабавала спыніць някемлівых малышоў. Яна, як і каза Васіліна, разумела, што дзецям вельмі небяспечна гуляць на дарозе.
     І праўда. Раптам перад малымі з'явіўся веласіпедыст. Гэта суседскі хлопчык Макарка ляцеў па дарозе поўным ходам і, вядома ж, патрапіў коламі прама ў брудную лужыну! Падняўся слуп пырсак і абліў няўдачлівых "вандроўнікаў" ды і самога веласіпедыста бруднай вадой.
     – Ой, мне пападзе ад бабулі! – спалохаўся Рыжык.
     Яго поўсць цяпер была ўжо не рыжай, а шэрай, быццам брудны палавік.
     – І мне таксама пападзе (застанецца на арэхі)! – незадаволена рохкнуў Хруша, бо ўбачыў чорны бруд на сваіх капытах і жываце.
     А Макарка зусім не спалохаўся, што запэцкаў чыстую адзежу, і весела пагнаў веласіпед па дарозе далей.
     
     Так чым жа ўсё гэта скончылася?
     Пайшоў цёплы летні дожджык, і паступова Хруша з Рыжыкам ачысціліся ад бруду. Нават, калі б гэтага не адбылося, парася памылася б у старым карыце, якое стаяла ў двары. У гэта карыта бабуля заўсёды збірала дажджавую ваду на выпадак, калі спатрэбіцца паліць гарод. Маленькі Хруша быў на здзіўленне ахайным! Напэўна, і Рыжык зрабіў бы тое ж самае. Хаця, кажуць, што каты не любяць купацца.
     А Макарку мама прысароміла:
     – Ты цяпер падобны на бруднае някемлівае парася, – сказала яна. – Калі ж, мой сынок, ты станеш акуратным!
     Старая Курыца, пачуўшы, як суседка сароміць свайго сына, пабегла ў двор да хлява, каб напаклёпнічаць Свінцы на яе непаслухмянага мурзу-сыночка. Але, убачыўшы чыстых парася і кацяня, яна вырашыла гэтага не рабіць.
     – Аказваецца, і парасяты могуць быць акуратнымі, – прамовіла Курыца, гледзячы на Свінку, якая выйшла з хлява ў двор, каб паклікаць сыночка дахаты.
     А малышы былі вельмі рады, што патрапілі пад дождж, бо гэтыя цёплыя струменьчыкі вады выручылі іх з бяды! Падаючы з неба на зямлю, дожджык змыў увесь бруд з Хрушы і Рыжыка. Мокрае, але чыстае кацяня ўжо спяшалася ў хату, каб сагрэцца і прасохнуць да прыходу бабулі. Парася ж уляглося ў хляве на цёплую падсцілку з травы і хутка заснула.
     Больш ніколі малышы не выхадзілі без дазволу за брамку на дарогу. Яны зразумелі, што непаслухмянасць да дабра не даводзіць. Гэтыя мудрыя словы не раз казала Рыжыку бабуля, а Хрушу – яго мама Свінка.
     
     p.s. на фота аўтара казкі гліняная свістулька-парася майстра Макарчук Валеры, г. Брэст.
     
     Гэтая казка на рускай мове
9.03.15