Мурзацік (чытае Ліка Пташук)
Аднойчы ў сонечны летні дзянёк павяла мама Качка сваіх маленькіх качанят на рэчку купацца. Дзевяць малышоў, пастроеныя ў радок, паслухмяна тупалі за мамай. Толькі дзясяты, самы няўрымслівы і вяртлявы сынок ніяк не жадаў ісці ў шэрагу за ўсімі. Ён раз-пораз адставаў ад братоў, разглядаючы ўсё вакол сябе. Такі дапытлівы!
Мама Качка абарочвалася, каб паглядзець на качанят і, не адшукаўшы ў страі самае апошняе дзясятае качаня, гучна клікала яго:– Піф! Ты адстаў ад усіх. Хутчэй даганяй!
А малыш быццам і не чуў мамінага голасу. Ён загледзеўся на вялікага зялёнага вусеня, які поўз па лісточку падбелу.
– Вось дык дзіва! Якая жывая касматая вяровачка паўзе! – здзівіўся Піф, не разумеючы, што перад ім звычайны вусень.
– Ды гэта ж вусень! – прасвістаў Шпак, схапіў няшчаснага і панёс у гняздо, такі выдатны ласунак для яго птушанят.
– Піф! Ты зноў адстаў, – гучна паўтарыла мама.
Толькі пасля гэтага малыш апамятаўся і пабег даганяць качанят. Але вось яго зноў штосьці спыніла. Вялікі хлопчык сядзеў на кукішках поруч з велізарнай бруднай лужынай і абмазваў сябе цёмным брудам.
– Гэта ён так купаецца. Я таксама хачу паспрабаваць! – крыкнуў Піф і тут жа плюхнуўся ў бруд.
– Чык-чырык! Ой, які ты чорны, як моцна загарэў! – здзівіўся Верабей, гледзячы на Піфа і скачучы па траве побач з лужынай.
– Так! – ганарліва адказаў Піф.
Яму спадабалася, што Верабей з захапленнем глядзіць на яго. Тое, што цяпер ён увесь у брудзе і стаў зусім не падобны на звычайнае маленькае шэранькае качаня, Піфа не спалохала, а, наадварот, узрадавала.
– Ура! – весяліўся Піф. – Зараз усе будуць мной захапляцца!
– Будуць, ды дзе там! – празвінела Сінічка. Яна разумела, што ніхто не стане захапляцца, гледзячы на такое мурзатае качаня.
Хлопчык у бруднай лужыне не адставаў ад Піфа. Ён з ног да галавы перапэцкаўся брудам і, здавалася, быў вельмі задаволены сабой.
– Ха-ха-ха! – затрашчала Сарока-белабока, пралятаючы міма лужыны. – Якія дурныя! Усе ў брудзе!
А мама Качка ўжо прывяла качанят на бераг ракі і пачала пералічваць іх:
– Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць... А дзе ж наш Піф? – спалохалася яна. – Ён страціўся!
– Дзе наш Піф? Дзе наш Піф? – запішчалі качаняты і сталі глядзець па баках. Малога ж нідзе не было. Толькі ў бруднай лужыне корпаліся дзве нейкія незразумелыя чорныя страшыдлы – маленькае і вялікае.
– Ай-ай-ай! – яшчэ больш спалохалася мама Качка.
– Ваш малыш у брудзе корпаецца, – затрашчала Сарока, прысеўшы на траву ля берага ракі і паказваючы крылом на лужыну бруду.
– Гэта не ён! Наша качаня было шэранькае. А гэта нейкі незразумелы чорны цуд, – сказала мама Качка.
– Гэта Піф! Ён проста перапэцкаўся да непазнавальнасці! – здагадаліся маленькія, аднак вельмі кемлівыя качаняты.
Яны падбеглі да браціка:
– Мурзацік! Пайшлі купацца! Паглядзі, на каго ты стаў падобны! – смяяліся браты-качаняты.
– Як на каго? На сябе! Цяпер я не такі, як вы, на мяне ўсе глядзяць і захапляюцца, – упарціўся Піф.
– Таму і глядзяць, што ты ў брудзе з ног да галавы, – усміхнулася мама Качка. – А ну, Мурзацік, хадзі ў ваду мыцца і больш не губляйся. Інакш, мы можам цябе не адшукаць. Ці ты хочаш застацца тут зусім адзін?
– Не хачу, – ціха адказаў Піф, сумна апусціўшы ўніз (да долу) сваю дзюбку. – Ён усё зразумеў і хуценька пабег да вады, каб змыць з сябе цёмную брудную скарынку.
А хлопчык, які ўсё яшчэ корпаўся ў бруднай лужыне, неўзабаве таксама зразумеў, што зрабіў дрэнна, перапэцкаўшыся ў бруду. "Мама ўбачыць мяне такога і будзе адчытваць, нават можа пакараць", – падумаў ён і пабег да ракі чысціцца.
Часам дзіця прыдумляе і робіць што-небудзь такое, што не дазваляюць рабіць дарослыя. Яму хочацца адрозніцца ад усіх і стаць самым-самым. Вось толькі не заўсёды гэтая задума аказваецца ўдалай і бяспечнай. Непаслухмянае дзіця можа прынесці шмат бяды сабе і іншым, здзяйсняючы неабдуманыя дурныя ўчынкі. А Вы, мае маленькія чытачы, сустракалі дзе-небудзь такіх непаслухмяных дзяцей (неслухаў)?
p.s. На фота Аляксея Кудраўцава шакаладнае качаня, зробленае на шакаладнай фабрыцы ў беларускім мястэчку Зацень. Малюнак аўтара казкі.
Гэтая казка на рускай мове
28.02.15