Нявеста для Іванькі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Нявеста для Іванькі
Нявеста для Іванькі
Быў у маці адзіны сынок, Іванька. Любіла яна яго ўсім сэрцам, гадавала і берагла. Шмат чаго ў жыцці давялося перажыць жанчыне, шмат поту праліць, каб сына выгадаваць і ў людзі пусціць. Не шкадавала яна ні сіл, ні свайго здароўя, толькі б яму было добра. Але час ішоў, састарэла маці і зразумела, што ўжо не можа працаваць так, як раней. Прыйшоў час яе сыну жаніцца і прывесці ў хату маладую гаспадыню, ёй, сваёй матулі, памочніцу. А Іван хлопец статны і моцны, ды і кемлівасцю яго Бог не пакрыўдзіў. Вось толькі дапамогі па гаспадарскіх справах ад яго не дачакаешся, не ляжыць у сына душа да хатняй працы.      – Табе Іванька жаніцца трэба, – аднойчы сказала маці сыну.
     – Дзе ж я знайду сабе жонку, – адказваў ён, – сярод тутэйшых дзяўчын мне ніхто не падабаецца.
     – А ты вазьмі ды пахадзі па свеце, паглядзі, папытай, як другія людзі жэняцца, як знаходзяць сабе добрых жонак. Дасць Бог, і ты сустрэнеш дзяўчыну па душы. Бо, седзячы ў хаце, нічаму такому не навучышся і нікога не знойдзеш.
     Вось так і адправіўся Іван у дарогу. Прайшоў ён трыдзевяць зямель, але нідзе нявесты сабе так і не знайшоў. Шмат дзяўчын сустракалася ў яго на шляху, аднак, як падысці, як пагаварыць і даведацца, што ў іх на розуме, хлопец не ведаў. Ніхто ніколі не вучыў яго гэтай прамудрасці.
     Стаміўся Іван з дарогі, сеў пад ценем старога дуба перадыхнуць. А дуб зашастаў лістотаю і навучыў малайца:
     – Ідзі, – кажа, – вось па той сцяжынцы. Падыдзеш да ручая, перайдзі праз яго па каменьчыках і патрапіш ў Даўніну. Жывуць там мудрыя людзі. Усе яны калісьці былі жаніхамі і нявестамі. Пагавары з імі, парайся, можа, падкажуць табе чаго-небудзь.
     Пайшоў Іванька туды, куды паказаў яму стары дуб, і патрапіў у старую вёсачку. Куды ні паглядзі, усюды толькі і ўбачыш дзядоў ды бабулек. Хто кудысьці ідзе, а хто на крамцы сядзіць і думу думае. "Па ўсім відаць, што досведу жыццёвага ў іх звышдастаткова", – зразумеў Іван і, доўга не думаючы, падышоў за парадай да высокага дзядулі, які стаяў каля брамкі сваёй хаты.
     – Парай мне, добры чалавек, – спытаў хлопец ў старога, – як падабраць сабе нявесту. Як разглядзець і зразумець, што яна тая, якая мне патрэбна і можа стаць добрай і каханай гаспадыняй у маёй хаце.
     Паглядзеў сівы дзед у вочы Івану, пагладзіў доўгую бараду і даў хлопцу такую параду:
     – Жыццё – няпростая штука, - сказаў стары. - І як ты будзеш ставіцца да яго, ці будзеш цаніць тое дабро, якое яно табе падарыла, ці будзеш сам імкнуцца рабіць добрыя справы, так і яно будзе да цябе адносіцца. Усё дрэннае верне назад, а добрае аддасць удвая. Добрую нявесту знайсці лёгка, калі сам будзеш добры і ўважлівы да яе. А лепш за ўсё, шукай такую, каб яна была падобная на тваю любую маці, бо радней і бліжэй цяпер у цябе нікога няма.
     Паслухаў Іван парады старога, падзякаваў яму і адправіўся назад дахаты. Ідзе ён, усё думае, словы сівога дзеда ўспамінае. А наперадзе, у найблізкім да дарогі мястэчку, кірмаш шуміць, нядзельны гандаль на ўсю моц ідзе. "Дай, – вырашыў хлопец, – зайду і я на рынак, можа, які-небудзь падарунак будучай нявесце прыкуплю. Казаў жа мне стары, што трэба быць уважлівым і добрым". Але для маладой дзяўчыны падарунка Іван так і не знайшоў. Вось толькі пуховая хустка, цёплая і прыгожая, такая, аб якой яго матуля даўно марыла, усё на вочы яму траплялася. Толькі ж моцна дарагая па грошах яна аказалася.
     Стаіць Іванька, на хустку глядзіць, не ведае, што і рабіць. А прадавец кажа:
     – Бяры хустку, калі для маці, дык я ўважу, дзясятку скіну. Але ж, які падарунак ёй будзе!
     Падумаў Іван і пагадзіўся. Купіў матулі ў падарунак хустку. Такіх хустак яна ніколі не насіла. "Чаму я ёй нічога не дарыў?" – зразумеў сын сваю памылку, успомніўшы навучанні старога.
     Дома маці ўзрадавалася падарунку сына. І сапраўды, яна ніяк не чакала ад Іваньку такога ўважлівага ўчынку. Раней толькі яна рабіла яму падарункі. З таго часу яе сына нібы падмянілі. Самую цяжкую працу па хаце ён узяў на сябе. Стаў старацца кожны дзень яе выконваць. Цяпер, калі маці стала лягчэй спраўляцца са справамі, яна паправілася, і ранейшае добрае самаадчуванне стала вяртацца да яе.
     Паглядзелі суседкі на Івана, на яго змену, на тое, як ён стаў шкадаваць сваю маці, і па-добраму пазайздросцілі ёй. Таму што такіх клапатлівых сыноў на свеце не так ужо і шмат. А Іван і сапраўды вельмі змяніўся. І такім яго зрабіла дабрыня і чуласць, якія нібы ажылі ў яго душы. Хлопец стаў сур'ёзней, дасведчаней у жыццёвых справах. Цяпер ён глядзеў на маладых дзяўчын зусім па-іншаму, таму што навучыўся цаніць дабро, якое робяць яму. І зразумеў, як трэба берагчы і шанаваць роднага чалавека.
     І нявесту ён абраў для сябе не столькі па прыгожай і моднай адзежы, па прыгожых вачах і нагах, колькі па добрым позірку, па чулым сэрцы і ўмелым рукам. З тых часоў сапраўднае шчасце пасялілася ў яго хаце. А галоўнае, Іван зразумеў, з чаго гэтае шчасце складаецца – з дабрыні, клопату аб сваіх дарагіх людзях і любові.
     
     p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
     
     Гэтая казка на рускай мове
4.02.15