Муравік і дзьмухаўцы
МУРАШНІКУ лесе заўсёды можна адшукаць мурашнік. Гэта сапраўдны шматкватэрны дом, дзе пражываюць мурашкі. Колькі іх там, паспрабуй злічыць! Мабыць, сто тысяч ці болей? Свой дом мурашкі майструюць з сухіх галінак і лісця. На зямлі ён падобны на ўзгорачак, але частка яго схаваная пад зямлёй. Мурашкі – вялікія працаўнікі, іх называюць санітарамі лесу.
Маленькі няўрымслівы Муравік кожны вясновы дзень бегаў на палянку, дзе ўжо расцвілі белыя падснежнікі, каб палюбавацца на іх. Аднойчы ён не пазнаў сваю палянку. Яна стала зусім іншая. Падснежнікі адкрасавалі, а замест іх распусціліся ярка-жоўтыя кветкі. – Хто вы такія? – спытаў Муравік.
– Мы дзьмухаўцы, – адказалі кветкі, павярнуўшы да яго свае чароўныя залацістыя галоўкі.
– Дзьмухаўцы? Што гэта азначае?
– Гэта азначае, што калі на нас падзьмуць, то мы паляцім, як парашуцікі. Але толькі гэта адбудзецца потым, калі мы ператворымся ў белыя пухнатыя шары.
– Як цікава! – здзівіўся Муравік.
– Цяпер мы падобныя на маленькае сонейка, і ўначы, як і сонейка, мы спім.
– Я таксама ўначы сплю, – сказаў Муравік.
Ён успомніў, што ўжо трэба вяртацца дахаты, і пабег у свой мурашнік. Вось так маленькі Муравік і не даведаўся, якім чынам дзьмухаўцы спяць. А гэта вельмі цікава, таму што ўначы дзьмухаўцы хаваюць свае жоўтыя тварыкі ад усіх. Яны складаюцца як сапраўдныя парасонікі!
Прайшло некалькі дзён. У Муравіка было шмат спраў. Ён дапамагаў маме і старэйшым братам наводзіць парадак у мурашніку, насіць галінкі, травінкі і зярняты. Але праз тыдзень Муравік не вытрымаў і пабег на палянку, каб паглядзець, як жа там пажываюць яго знаёмыя дзьмухаўцы.
– Пойдзем са мной да старой елкі! – паклікаў яго з сабой старэйшы брат. – Дапаможаш прыцягнуць доўгую галінку.
– Выбачай, але зараз я не змагу пайсці з табой, – сказаў Муравік і паспяшаўся ў іншы бок, на любую палянку.
– Вось які ты памочнік! – пакрыўдзіўся на яго старэйшы брат і пайшоў за галінкай адзін.
А Муравік ўжо не слухаў брата. Ён бег на запаветную палянку, каб пагаварыць з жоўтымі дзьмухаўцамі. Але калі прыбег туды, то ад здзіўлення нават разгубіўся.
– Дзе, дзе, дзе… – шаптаў ён, – дзе ж дзьмухаўцы?
– Мы тут, тут, тут! – адгукнуліся на яго ціхі кліч кветкі.
Яны стаялі, нібы белыя пухнатыя шары, на доўгіх зялёных ножках, імкнучыся падцягнуцца яшчэ вышэй, каб з-за высокай травы іх змог разгледзець маленькі Муравік.
– Дык вось якімі вы сталі – такімі белымі пухнатымі шарамі! – усміхнуўся Муравік.
– Хутка мы паляцім, як парашуцікі! – весела зашумелі дзьмухаўцы.
– Залазь на мяне і чапляйся за які-небудзь парашуцік на маёй пухнатай галоўцы! – прапанаваў Муравіку адзін з дзьмухаўцоў.
Як толькі Муравік узлез на яго, падзьмуў моцны вецер. Ён падхапіў парашуцікі з галовак дзьмухаўцоў і панёс іх высока-высока над зямлёй! Маленькі Муравік лунаў у небе, як сапраўдны аэраплан, і захоплена думаў:
"Я палячу далёка-далёка! Можа, нават на іншую планету!"
Аднак, неўзабаве парашуцік апусціўся на зямлю, і Муравік убачыў, што ён прызямліўся ў знаёмым лесе. Побач са старой елкай працаваў яго старэйшы брат. Ён спрабаваў цягнуць за сабой яловую галінку.
– Добра, што ты ўсё-такі прыйшоў дапамагчы мне! – узрадаваўся ён, заўважыўшы Муравіка.
– Я… я не прыйшоў, я прыляцеў, – разгублена адказаў Муравік.
Яму стала сумна ад таго, што парашуцік не змог аднесці яго на іншую планету. Хоць, усё ж, паляцець так далёка ад хаты маленькаму Муравіку яшчэ было боязна.
"Я куды-небудзь абавязкова злятаю, можа, нават на іншую планету. Калі стану дарослым", – вырашыў Муравік і пачаў дапамагаць свайму старэйшаму брату.
p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
2.02.15