Будучыя даследчыкі іншых планет - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Будучыя даследчыкі іншых планет
Будучыя даследчыкі іншых планет
Ці будзе жыццё на Марсе? У наш час шмат людзей задаюць сабе такое пытанне. Магчыма, што праз дзвесце, а можа быць, пяцьсот гадоў на другіх планетах зямляне ўжо будуць будаваць новыя гарады. І злятаць з Зямлі на Марс ці на якую-небудзь іншую планету стане звычайнай справай. Але тут, на роднай планеце, таксама, як і цяпер, людзі будуць ствараць сем'і, гадаваць і выхоўваць дзяцей, жыць сваімі маленькімі і вялікімі радасцямі.      А зараз паспрабуем зазірнуць у гэтую не такую ўжо далёкую будучыню, каб пазнаёміцца з маленькім шасцігадовым зямлянінам і даведацца пра тое, як ён жыве і пра што думае...
     Хлопчыка завуць Сярожам. У яго ёсць брат Слаўка. Мама працуе ў краме дзіцячай адзежы, брат вучыцца ў сёмым класе, а тата – будаўнік іншапланетных гарадоў. У гэты час тата ў працяглай камандзіроўцы на Марсе, самай блізкай планеце, на якой селяцца зямляне. Там ужо шмат гадоў вядзецца вялікае будаўніцтва жылых памяшканняў і іншых важных аб'ектаў па тэхналогіі, створанай і распрацаванай знакамітымі навукоўцамі Зямлі.
     Бацька Слаўкі і Сярожы рэгулярна звязваецца па лініях імгненнай міжпланетнай сувязі са сваімі калегамі па працы на Зямлі, і, вядома ж, не забывае перадаць прывітанне жонцы і сынам. Але дзеці з матуляй не могуць самі з ім пагаварыць і таму вельмі сумуюць без таты.
     Слаўка добра вучыцца ў школе. Перад ад'ездам на Марс тата казаў, што возьме старэйшага сына да сябе на працу на час летніх канікулаў. А Сярожа яшчэ малы для такіх пералётаў, так лічыць тата. Але Сярожу было б не так крыўдна, калі б Слаўка не задаваўся. Той жа ўвесь час глядзіць на яго пагардліва. Бывае, брат нават зусім кепска абыходзіцца з малодшым братам, таму што заве Сярожу маленькім. Таму хлопчык зусім не рады, што ён малодшы ў сям'і. "Вось, калі б я быў старэйшы, – марыў ён, – тады б там, на Марсе, абавязкова даказаў, што магу штосьці зрабіць лепш, чым Слаўка".
     Учора ў Сярожы быў дзень нараджэння. Старэйшы брат падарыў яму канструктар. А мама заўсёды разумее, як патрэбна сыну падтрымка бацькі. Таму яна не пашкадавала грошай і купіла малодшаму сыну ў падарунак прыбор для касмічнай сувязі з іншымі планетамі – "Космасувязь". Вядома, гэта не такі дасканалы прыбор, як у таты і яго калег па працы. Аднак ён не цацачны, а сапраўдны!
     Сярожа дастаў са скрынкі каштоўны падарунак і пачаў яго вывучаць. Неўзабаве хлопчык разабраўся, што прыбор складаецца з апарата запісу і счытвання інфармацыі, а таксама – з магнітнага кантакцёра. "Гэта ж тое, што мне патрэбна! – узрадаваўся Сярожа. – Можна напісаць якое-небудзь паведамленне для таты на камп’ютары ў выглядзе электроннага ліста, а потым з дапамогай прыбора пераслаць яго на Марс! Вось гэты спецыяльны механізм, кантакцёр, падобны на паветранага змея, выведзе мой электронны ліст у выглядзе магнітных сігналаў на каляземную арбіту і перадасць яго тату на Марс!"
     Хлопчык меў рацыю. Добра вывучыўшы свой прыбор, Сярожа зразумеў, што сігналы яго "Космасувязі" змогуць улавіць марсіянскія звышадчувальныя прыборы. З дапамогай касмічных вызначальнікаў навукоўцы, якія працуюць на Марсе, наладзяць траекторыю пералёту сігналаў, ствараемых Сярожыным магнітным кантакцёрам так, каб яны даляцелі да Марса. А потым татавы калегі прымуць электронны ліст, запішуць яго ў марсіянскі камп’ютар і перададуць тату Сярожы.
     "Вось напішу яму, растлумачу, што і я змагу працаваць на Марсе не горш за Слаўкі. Папрашу тату ўзяць мяне да сябе, – вырашыў Сярожа. – Тата ўсё зразумее, бо ён любіць мяне".
     Усё атрымалася вельмі добра. Неўзабаве, з дапамогай мамінага падарунку, прыбора "Космасувязь", хлопчык змог адправіць электронны ліст у космас да таты!
     А жыццё на Зямлі працягвалася. За марознай і снежнай зімой прыйшла вясна, пабеглі ручайкі, і неўзабаве ўвесь снег растаў. На дрэвах набухлі покаўкі, зазелянела трава. І вось ужо зацвілі сады, на кветніках распусціліся цюльпаны і нарцысы. Сярожа нават не заўважыў, як надышло сапраўднае лета. І тады Слаўка, задаволены і радасны, паляцеў на Марс. Сярожу з мамай засталося толькі пажадаць гэтаму шчасліўчыку поспеху.
     Тры месяцы брат жыў на Марсе і дапамагаў бацьку будаваць новую навукова-даследчую станцыю. Марс і яго асаблівасці Слаўка падрабязна вывучаў на ўроках у школе. А цяпер веды ў гэтай вобласці яму вельмі спатрэбіліся. Хлопец падмацоўваў іх на практыцы, займаючыся вельмі цікавай справай.
     У канцы жніўня тата ўзяў водпуск і разам з сынам пачаў збірацца ў палёт на Зямлю.
     – Ведаеш, мы не будзем крыўдзіць Сярожу, – сказаў тата. – Я думаю, пройдзе некалькі гадоў, і твой брат таксама паляціць на Марс, каб нам дапамагаць. Вельмі хацелася б прывезці яму і маме марсіянскія падарункі! Толькі якія?
     – Учора я бачыў ля падножжа палярнай сопкі шмат перламутравых камянёў. Яны падобныя на зорачкі, – успомніў Слаўка свой шпацыр па марсіянскім парку. – Можна ўзяць з сабой некалькі самых прыгожых камянёў.
     – А яшчэ трэба прывезці ім у падарунак магнітны запіс шуму марсіянскага ветру і паху марсіянскіх кветак. З дапамогай свайго прыбора Сярожа зможа потым апрацаваць гэты запіс і перапісаць яго ў наш хатні відэафон, – вырашыў тата. – І тады яны з мамай адчуюць пахі і вецер Марса.
     – Марсіянскія кветкі? Дзе ты іх бачыў? – здзівіўся сын.
     – Пойдзем, я пакажу іх табе. Яны растуць на беразе Залатой ракі. Гэта незвычайныя кветкі. Яны зіхацяць на сонцы, нібы зробленыя з золата. Але гэта не золата, а жывы марсіянскі мінерал, – растлумачыў тата і прадоўжыў. – Ты ж ведаеш, усё марсіянскае нам, зямлянам, неабходна падрабязна вывучаць. Але цяпер нашым спецыялістам няма часу займацца даследаваннем марсіянскіх кветак. Вось няхай Сярожа і зоймецца гэтым. Так ён будзе рыхтавацца да дарослага жыцця, як сапраўдны навуковы даследчык касмічных аб'ектаў.
     
     Гэты аповед на рускай мове
14.01.15