Бярозка
Вёска, дзе жылі дзяўчынка Алёнка і хлопчык Васілёк, размясцілася на раўніне. Каля вёскі няма нічога асаблівага, толькі адны палі. Затое, калі перайсці праз поле, то патрапіш на пагорак у цудоўны бярозавы гай. Такіх прыгожых стройных белых бяроз не адшукаеш ва ўсёй акрузе!
Увосень дзеці збіраюць у бярэзніку падбярозавікі, нават баравікі часам трапляюць да іх у кошыкі. Васілёк летась цэлы звязак баравікоў насушыў. А Алёнка ўсяго толькі пяць штук адшукала. Што рабіць, няма ў яе такіх зоркіх вачэй, як у Васі. Затое спяваць яна ўмее лепш за ўсіх дзяўчынак. Дый сама Алёнка прыгажуня, яе русая каса ўжо да пояса дастае.Цяпер зіма. Вёску замятае снегам. Амаль што кожны дзень трэба дарожкі ад ганка да брамкі расчышчаць. А за варотамі, на вуліцы, так і казаць няма чаго. Сцежку пратопчаш, а снег на яе зноў насыпле. Вось так і ходзяць дзеці ў школу ўсю зіму. А да школы ў вёсцы не некалькі крокаў, як у горадзе, а некалькі кіламетраў.
– Алёнка! Пайшлі ў бярозавы гай на лыжах катацца! Нядзеля ўсё ж такі, і надвор'е добрае, мароз і сонца! – прапанаваў Васілёк, калі аднойчы зайшоў у госці да аднакласніцы.
Надзеўшы лыжныя касцюмы і курткі, дзеці адправіліся на лыжны шпацыр. Ім пашанцавала. Да бярозак праз поле ўжо хтосьці праклаў лыжню. Сам жа гай стаіць на гары. Пракаціцца на лыжах з яе вельмі прыемна!
Накатаўшыся і трохі прытаміўшыся, Алёнка забралася наверх, да бярозак, ды так і не стала зноў з'язджаць з гары ўніз. Агледзелася. Навокал такая прыгажосць! Белыя бярозы на бліскучым снезе стаяць, быццам снягуркі ў карагодзе. Гэтыя дрэвы заўсёды разам, побач, неразлучныя. "Цяпер ім нялёгка ў такія халады і мароз! – падумала дзяўчынка. – Сумна, бо ніводнай пеўчай птушкі не відаць, толькі завіруха вые ды снегам замятае".
– Глядзі, Васілёк, якая маленькая Бярозка! Колькі ж ёй гадоў?
– Я думаю, гадоў дзесяць.
– Яна такая, як мы! Мы станем дарослымі, і яна вырасце, – усміхнулася Алёнка і пагладзіла тонкі гнуткі стволік дрэўцы.
Дзеці паехалі дахаты адпачываць і адагравацца. А бярозы засталіся. Ім хавацца няма куды. Тут, на пагорку, іх хата, іх даўні прыстанак.
– Замерзла? – гэта адна з самых старэйшых сясцёр, вялікая разгалістая бяроза, звярнулася да малой Бярозкі, да той, пра якую казала Алёнка. – Хавайся за маёй спіною! Завіруха снег прынясе, так ты атуліся ім, цяплей будзе. Снег пухнаты, як зімовае футра, ад марозу выратуе. Перазімуем як-небудзь...
Усю зіму маленькая Бярозка спала і бачыла добрыя сны. Пра тое, як увесну прыляціць цёплы Ветрык, як аблашчыць ён яе галінкі, пацалуе далікатныя зялёныя лісточкі і распавядзе новую казку.
Аднойчы ўсё, пра што марыла ў сваіх снах Бярозка, пачало спраўджвацца. Неяк адразу пасля халоднай зімы настала бурная вясна. Снег на пагорку хутка растаў і ператварыўся ў ручайкі адталай вады. Павылазілі з халоднай зямлі на цёплае сонячнае святло чарвячкі і жучкі, а потым і зялёная траўка прабілася. Бярозка прачнулася ад зімовага сну, расправіла свае тонкія галінкі, а на іх з'явіліся малюсенькія лісцікі – такія далікатныя празрыстыя і бліскучыя!
"Мне б такі белы ствол, як у сястрыц, – пазайздросціла малая вялікім бярозам. – Ён у іх яркі, кара тоўстая, белая. І мне б такія завушніцы, як у іх!"
– Сонейка! – паклікала Бярозка. Яна не пабаялася паглядзець на Сонца і задаць яму сваё пытанне, бо для малой гэта было так важна!
– Што, Бярозка! – адгукнулася Сонца.
– Скажы, калі ласка, калі на маіх галінках распусцяцца такія цудоўныя завушніцы, як у маіх сясцёр?
– Чакай іх, мілая, ужо сёлета, – адказала Сонца і асвяціла праменьчыкамі далікатныя лісточкі маленькай Бярозкі.
Неўзабаве прыляцеў вясновы Ветрык. Ён распавёў сястрыцам-бярозам, што заўтра з поўдня вернуцца гракі. Яны прынясуць сапраўднае вясновае цяпло.
Так і здарылася. Назаўтра ў бярозавы гай вярнуліся з цёплых краёў даўнія сябры – гракі. Гэтыя моцныя чорныя птушкі тут жа прыняліся за работу. Хтосьці з іх ўмацоўваў і абнаўляў старыя гнёзды, а хтосьці віў новыя на верхавінах самых высокіх бяроз.
А тым часам снег на полі ля бяроз паступова растаў, зямля счарнела і насычылася вільгаццю. Прыехалі трактары. Яны разаралі зямлю і засеялі яе насеннем. Цяпер гракі цэлымі днямі скакалі па разараным полі, вышукваючы на зямлі чарвякоў.
Бярозка расла на ўзлессі бярозавага гаю. Яна глядзела на чорных птушак і думала: "Калі я стану вялікай, з такімі велізарнымі галінамі, як у маіх старэйшых сястрыц, тады і на маёй верхавіне гракі саўюць свае гнёзды і будуць гадаваць у іх птушанят".
– Не журыся, малая, – шаптаў ёй на вушка цёплы Ветрык. – Ты цяпер такая прыгожая, юная! Навошта спяшацца і станавіцца старой!
Але Бярозка не слухала Ветрык. Яна разглядала поле. А там ужо зазелянелі першыя ўсходы. І аднойчы, прачнуўшыся раніцай на пачатку лета, малая не пазнала сваё роднае поле. Яно было сінім-сінім, як неба!
– Што гэта? – здзівілася Бярозка. – Я бачу сотні сініх вачэй! Яны глядзяць на мяне і ўсміхаюцца!
– Гэта ня вочы, – растлумачыў Ветрык. – Проста лён расцвіў сінімі кветкамі.
– Лён? Я ніколі не бачыла лён. Тут заўсёды сеялі пшаніцу!
– А сёлета вяскоўцы вырашылі пасеяць лён.
– Дзе ж тады пшаніца?
– Яе пасеялі там, за гарой! – Ветрык паказаў на канец гаю. – Але ты, Бярозка, нічога не ўбачыш. Пшанічнае поле далёка адсюль. Яшчэ на другім баку твайго гаю людзі пасеялі грэчку. Цяпер яна таксама зацвітае вельмі прыгожымі белымі і ружовымі кветкамі.
– Шкада, што я не ўбачу, як красуе грэчка, – засмуцілася маленькая Бярозка. Яна не ўмела лётаць так, як лётае Ветрык. Але ўсё тое, што малая бачыла перад сабой з вышыні пагорка, было выдатна!
– Глядзі Ветрык! Буслы кружаць над вёскай! – казала Бярозка, паказваючы на птушак сваёй зялёнай галінкай, на якой ужо выраслі доўгія завушніцы.
– Хутка будзе навальніца! – пужалася яна, разгледзеўшы за вёскай вялікую чорную хмару і яркую маланку.
Але больш за ўсё на досвітку Бярозка любіла сустракаць Сонца. Яно ўсходзіла прама перад ёй, і кожны раз асвятляла яе лісцікі першымі прамянямі.
– Табе пашанцавала, – жартавалі старэйшыя сёстры-бярозы. – Ты раней усіх вітаешся з Сонцам. І таму хутка расцеш.
Сёстры мелі рацыю. Бярозка вельмі жадала хутчэй вырасці, так яно і атрымлівалася. Яна расла і расла ўгару!
Прайшло некалькі гадоў, і Бярозку стала не пазнаць. Яна ператварылася ў чароўную дзяўчыну-Бярозку! Дый дзеці ў вёсцы таксама падраслі. Цяпер там ужо няма дзяўчынкі Алёнкі і хлопчыка Васілька. За вёскай, у бярозавым гаі, гуляюць маладыя дзяўчына і юнак. Узяўшыся за рукі, яны з любоўю глядзяць адзін аднаму ў вочы і гавораць далікатныя словы пра каханне. Так, так! Цяпер яны – жаніх і нявеста!
– Памятаеш, Васілёк, мы казалі пра Бярозку. Яна была малой. А цяпер паглядзі на яе! Як яна вырасла і расцвіла! – Алёна падвяла хлопца да прыгажуні маладой Бярозкі.
А само дрэўца, не верачы словам маладых людзей, засаромелася, замахала лісцікамі. Маўляў, гэта не я, не я!
– Як жа не! Яны пра цябе кажуць, Бярозка! Ты адна ў нас такая дзяўчына-прыгажуня! Постаць твая гнуткая, кара гладкая белая, ніводнай маршчынкі! А завушніцы – мяккія як шоўк, зялёная лістота – яркая бліскучая, пералівістая! Ты падобная на казачную прынцэсу! Мы ганарымся табою! – з захапленнем шапталі ёй старэйшыя сёстры. І яны мелі рацыю.
– Прыгажуня! Яна прыгажуня! – паўтараў Ветрык, далікатна лашчачы зялёныя кучары дрэўца. – Я кахаю цябе, Бярозка! – ласкавы голас Ветрыка паляцеў па гаі.
Але што гэта? Не, у голасе Ветрыка чутныя яшчэ іншыя словы:
– Я кахаю цябе, Алёнка! Я кахаю цябе, Васілёк! Я кахаю цябе!!!
Гэтая казка на рускай мове
14.01.15
