
Нябесныя кветкі
РОЗНАКАЛЯРОВЫ ЛУЖОК
Увесну, калі сонейка растопіць снег, у лесе распускаюцца лугавыя кветкі. Усе яны такія розныя і, вядома ж, вельмі прыгожыя! Кветкі глядзяць на цябе і ўсміхаюцца. І ты ўсміхніся ім у адказ!
Жылі-былі на бязмежным небе жоўценькае Сонейка і сіняя Аблачына. Цэлымі днямі яны лёталі па чыстым небе, але ніколі не сустракаліся. Таму што Сонейка для сваіх шпацыраў заўсёды выбірала самую высокую нябесную сцяжынку, а Аблачына – самую нізкую. Неяк ранняй вясной паглядзела светлае Сонейка ўніз на Зямлю і падумала:
– Мне не падабаецца, як яна выглядае. Занадта шмат на Зямлі чорнага невясёлага колеру. Будзе лепей, калі я падару ёй свае яркія праменьчыкі. Яны даляцяць да паверхні Зямлі і ператворацца ў ярка-жоўтыя кветкі.
Прыляцелі на палянкі і лугі сонечныя праменьчыкі і ператварыліся ў жоўтыя дзьмухаўцы. Глядзяць дзьмухаўцы на Сонейка, усміхаюцца, песенькі спяваюць. А галоўкі ў іх аксаміцістыя, яркія, нібы маленькія сонейкі!
Убачыла сіняя Аблачына жоўтыя дзьмухаўцы і падумала:
– І я таксама магу паслаць на Зямлю свае вадзяныя кропелькі-пырскі. Яны даляцяць да палянак і лугоў і ператворацца ў ажурныя сінія кветачкі. Паляцелі кропелькі-пырскі з Аблачыны на Зямлю і рассыпаліся па палях і лугах сінімі ажурнымі кветачкамі, васількамі. Папрыгажэла Зямля!
Паглядзела Сонейка, як Аблачына сяліла на Зямлі васількі, падляцела да яе, прывіталася:
– Добры дзень, сіняя Аблачына! Якія прыгожыя ў цябе атрымаліся кветкі! Яны падобныя на сняжынкі, толькі сіняга колеру.
– І твае жоўтыя дзьмухаўцы вельмі цудоўныя! – пахваліла Аблачына Сонейка.
Пасля такога добрага знаёмства Сонейка з Аблачынай сталі сябрамі. Цяпер кожны дзень яны шпацыравалі па небе па адной і той жа сцяжынцы. І аднойчы вырашылі разам пасяліць на Зямлі новую кветку.
– Я размалюю сярэдзінку кветкі ў жоўценькі колер, а ты пафарбуеш пялёсткі ў белы, – прапанавала Сонейка.
– Але я ж сіняя, а не белая? – запярэчыла Аблачына.
– Няпраўда, Аблачына! Ты стала белай, твае сінія кропелькі нагрэліся і ператварыліся ў белую пару! – распавяло Сонейка.
І сапраўды. Побач з Сонейкам Аблачына разагрэлася і стала беленькай і пухнатай.
Так на Зямлі з'явіліся новыя вельмі прыгожыя кветкі – белыя рамонкі. Разляцеліся яны па палях, па сенажацях, па лугах і пасябравалі з жоўценькімі дзьмухаўцамі і сінімі васількамі.
Зараз кожны год увесну на Зямлі расцвітаюць яркія нябесныя кветкі: жоўценькия дзьмухаўцы, сінія васількі і белыя рамонкі. Яны глядзяць угару, шукаюць там Сонейка з Аблачынай і пасылаюць ім свае паветраныя пацалункі.
p.s. ілюстрацыя да казкі беларускай мастачкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
16.12.14