Чарнагрыўка (фантастычная казка)
Мы ўсе любім атрымліваць падарункі, асабліва, у дзень нараджэння. Пройдзе толькі адзін тыдзень, і будзе яе дзень нараджэння Каці. Дзень, калі дзяўчынцы споўніцца восем гадоў.
Мама з татам доўга думалі, які ж падарунак падрыхтаваць для дачкі.– Давай падорым ёй маленькае кацяня, – прапанавала мама.
– Ведаеш, я думаю, што лепш спытаць у яе самой, – адказаў тата.
Так яны і зрабілі. Каця спачатку пагадзілася на кацяня, але потым сказала:
– Памятаеце, калі мы хадзілі ў цырк, дык бачылі там маленькіх конікаў з вялікімі пухнатымі хвастамі. Яны такія прыгожыя! Калі б у мяне быў такі конік, я б на ім аб'ехала ўвесь свет!
– Ай, мая ты дачушка! – пагладзіла яе па галаве мама. – Коні бываюць толькі ў цырку. Дзе ты бачыла, каб на конях ездзілі па нашым горадзе?
– У нас, можа быць, і не ездзяць, а па тэлевізары я бачыла шмат разоў, як людзі скакалі на прыгожых конях, – запярэчыла матулі дачка.
– Здаецца, я ведаю, у якой краме прадаюцца маленькія конікі, – падумаўшы, сказаў тата.
– Праўда? – не паверыла Каця.
– Вядома, ведаю! – яшчэ раз пацвердзіў ён.
Напярэдадні Кацінага дня нараджэння ўся дружная сям'я адправілася ў гэтую дзіўную краму. Дзяўчынка вырашыла, што тата прывядзе іх у стайню ці ў нейкае падобнае месца. Але ён прывёў у "Камп’ютэр-лэнд". "Мой тата вырашыў купіць яшчэ адзін камп’ютэр", – падумала Каця.
Тата адчыніў дзверы ў залу, дзе стаялі дзіцячыя цацкі, і падвёў Кацю да маленькага коніка з шыкоўнай чорнай грывай і такім жа хвастом. Сам конік аказаўся белага колеру з невялікімі шэрымі плямкамі. Вочы ў каня былі вялікія карыя і, як здалося Каці, вельмі добрыя. "Няўжо ён жывы?" – падумала дзяўчынка.
Тым часам падышла прадавец і пачала распавядаць пра цацку:
– Яго клічуць Чарнагрыўка. Гэта не звычайная цацка, а робат. Пасля падключэння праграмы, – жанчына паказала на кнопкі, якія знаходзіліся поруч сядла коніка, і якія Каця адразу нават не заўважыла, – Чарнагрыўка можа адвезці туды, куды пажадае наезнік. Вы бачыце тут чатыры кнопкі. Значыць, можна адправіцца ў вандраванне па чатырох маршрутах. А вось тут, – прадавец паказала на дзве кнопкі, якія знаходзіліся па баках на спіне коніка, – размешчаны месцы падключэння дадатковых магчымасцяў гэтага робата, пра якія вы зможаце прачытаць у інструкцыі.
– Скажыце, а гэты конік вернецца з вандравання назад дадому? – устрывожылася мама Каці.
– Вядома! Не турбуйцеся. Робат забяспечаны мноствам праграм, таму з любой складанай сітуацыі зможа знайсці выйсце.
Прадавец назвала цану Чарнагрыўкі.
– Дарагавата, – задумаўся тата. – Але, раз я абяцаў, то куплю. Кацюша, ты задаволена?
– Так, – безуважліва прамармытала дачка.
Яна не паверыла, што робат здольны яе куды-небудзь адвезці. Але раз тата так лічыць, то, напэўна, гэта так і будзе.
І вось ужо Чарнагрыўка стаіць ў Каціным пакоі. Сёння яе дзень нараджэння. Пасля віншавання дзяўчынка вырашыла сама разабрацца, што ж гэта за такі дзіўны конік. Яна ўзяла інструкцыю і прачытала. Там гаварылася, што на Чарнагрыўцы можна адправіцца ў адно з чатырох вандраванняў. Кожнае доўжыцца роўна дзве гадзіны.
Першае вандраванне – у гарачую пустыню.
Другое – на лясную палянку.
Трэцяе – у бязмежны стэп.
А чацвёртае вандраванне – у дзіўную краіну!
"Няўжо, – думала Кацюша, – усё так і адбудзецца? Ці не выдумкі гэта?"
Ёй нават на імгненне стала страшна. Дзяўчынка ўважліва вывучыла інструкцыю. Кацю ўразіла яшчэ тое, што пасля ўключэння праграмы Чарнагрыўка павінен загаварыць сам і разумець любую гутарку. Калі будзе вельмі патрэбна, праграма пры націску на першую дадатковую кнопку зможа на дзесяць хвілін паменшыць памер каня разам з наезнікам у сто разоў, а пры націску на другую дадатковую кнопку, наадварот, павялічыць у сто разоў!
– Цуд! Так не бывае! – не верыла Каця.
І ў гэты дзень яна не вырашылася адправіцца на Чарнагрыўцы ў сваё першае вандраванне.
У школе на перапынку дзяўчынка распавяла пра свой падарунак Алесю, які сядзеў з ёй за адной партай.
– Чаму ты не верыш? Такія робаты існуюць! Я чытаў пра іх. Калі хочаш, адправімся ў вандраванне разам!
– Хачу! – адказала Каця. – Прыходзь да мяне ў нядзелю.
І вось надышоў выхадны дзень, калі былі вывучаны ўсе ўрокі, і застаўся час для шпацыру. Алесь ужо прыйшоў. Ён агледзеў робата з усіх бакоў, вывучыў усе кнопкі і толькі тады прапанаваў Каці:
– Сядай! Сёння паспрабуем адправіцца ў першае вандраванне.
– У пустыню? – збянтэжылася Каця.
– Ня бойся! Ты ж хочаш там пабываць?
Дзеці ўселіся ў сядло, Алесь рашуча націснуў на першую кнопку, і вось яны ўжо ў самай сапраўднай пустыні! Як тут горача! Пыл і пясок сыплюцца прама ў вочы і рот! Алесь з Кацяй замерлі ад страху і нечаканасці, а Чарнагрыўка раптам сказаў ім:
– Эх вы, баязліўцы! Чаго спалохаліся! Вы ж са мной! Не бойцеся, нічога не здарыцца!
Але ў той жа момант аднекуль выбег вялікі касматы Леў і загыркаў, убачыўшы падарожнікаў. Ён разявіў свой рот і паказаў вялікія белыя іклы!
– Ай, яй, яй! – закрычала Каця. – Ён зараз нас з'есць!
– Не бойся! – Алесь рашуча націснуў на дадатковую кнопку.
І тут жа адбылося неверагоднае – Чарнагрыўка разам з наезнікамі павялічыўся ў сто разоў! Цяпер Леў здаўся ім не больш за мыш. Чарнагрыўка паглядзеў на яго з вышыні і тупнуў нагой так, што пясок разляцеўся ў розныя бакі! Леў ад спалоху адскочыў у бок і пусціўся наўцёкі.
– Так яму, так яму! – радасна закрычалі дзеці.
– Ух, ты, якія мы вялікія! – усклікнула Каця,агледзеўшыся.
Яна ўбачыла бязмежныя жоўтыя абшары з пяску. Неба было чыстае і празрыстае, без адзінай хмаркі. Толькі недзе ўверсе віднелася кропка. "Гэта самалёт", – вырашыла дзяўчынка.
– Як горача! – разам ускрыкнулі дзеці. – Чарнагрыўка! Нам горача! Адвязі нас да вады!
– Добра, зараз адвязу! – адказаў конік.
Яны зноў паменшыліся да сваіх ранейшых памераў і паскакалі па пустыні. Неўзабаве, наперадзе з'явілася невялікае возера. Падабраўшыся бліжэй, дзеці ўбачылі, што тут сабралася шмат сланоў і птушак. Усе пілі ваду і нават плёскаліся ў ёй. Заўважыўшы незвычайнага коніка з наезнікамі, сланы пачалі дакранацца да іх сваімі хобатамі.
– Хто вы? – спытаў самы старэйшы Слон, галоўны ў сям'і сланоў.
– Мы турысты-вандроўнікі. Прыехалі сюды на экскурсію! – адказаў Чарнагрыўка.
Неверагодна! Усё адбывалася менавіта так, як было напісана ў інструкцыі! Чарнагрыўка разумеў людзей і гаворку жывёл. Ён весела балбатаў са сланамі. Тыя ж былі задаволеныя гэтым і нават запрасілі вандроўнікаў прыехаць да іх у госці яшчэ.
Непрыкметна прайшлі дзве гадзіны. Алесь паглядзеў на гадзіннік:
– Зараз мы павінны вяртацца! Раз, два, тры, чатыры, пяць!
І вось, як нічога і не было, усе трое вандроўнікаў апынуліся зноў у Каціным пакоі.
Увайшла мама, запыталася:
– Ну, як вандраванне? Спадабалася?
– Гэта так дзіўна! Ты б ведала мама, як там цікава! Мы падарожнічалі па сапраўднай пустыні, дзе былі сланы і нават леў!
– Вельмі добра, што вандраванне прайшло паспяхова. А я ўжо хвалявалася за вас! Зараз мыйце рукі і сядайце за стол абедаць! – сказала мама.
Так выдатна скончылася першае займальнае вандраванне на Чарнагрыўцы ў гарачую пустыню.
А што ж далей? Вядома, Каця не спынілася на адным вандраванні. Ёй вельмі захацелася адправіцца яшчэ і ў другое падарожжа – на лясную палянку.
У адну з наступных нядзель Алесь зноў прыйшоў да Каці.
– Паедзем? – спытала дзяўчынка.
– Абавязкова! Сядай!
Алесь націснуў на другую кнопку, і … вось яны ўжо ў лесе на палянцы! Над імі яркае сонца. Навокал – лес, а на палянцы – трава па калена, кветкі растуць, матылькі, стракозы, пчолкі лётаюць. Пахне кветкамі і спелымі суніцамі.
– Але я ўсё гэта ўжо бачыла! – запратэставала Каця. – Мне не цікава. Вось, калі б стаць такой жа маленькай, як мурашка, і пабегаць па мурашніку! – сказала яна, паказваючы на вялікі мурашнік каля дрэва.
– Давай паспрабуем! – падтрымаў яе Алесь і націснуў на другую дадатковую кнопку.
І ў тое ж імгненне дзеці разам з Чарнагрыўкай паменшыліся да памеру самай звычайнай мурашкі! Ім і нават коніку стала страшна. Такімі маленькімі дзеці яшчэ ніколі не былі! Глядзяць – вакол іх такія цуды! Велічэзныя дзіўныя звяры ходзяць і поўзаюць: вусені, крылатыя мошкі, жукі. Страшна, нават дух займае!
– Яны нас з'ядуць! – закрычала Каця. – Алесь, цісні на кнопку!
– Я не магу. Праграма дзейнічае дзесяць хвілін! – крыкнуў у адказ хлопчык.
Ізноў робат прыйшоў на дапамогу. У яго раптам выраслі крылцы, як у страказы, і дзеці разам з Чарнагрыўкай узняліся увышыню!
Неверагодна! Конік ляціць, як матылёк! Алесь з Кацюшай ухапіліся мацней за спіну і грыву Чарнагрыўкі, разглядаючы ўсё навокал. А Чарнагрыўка не разгубіўся, ляціць і яшчэ паспявае пагаварыць з пчолкамі і мурашкамі. Тыя глядзяць на іх і не могуць зразумець, адкуль у іх родзе з'явілася такая чарнагрывая і хвастатая страказа?
Нарэшце Чанагрыўка прызямліўся. А калі мінула дзесяць хвілін, вандроўнікі зноў сталі звычайнымі.
– Больш я не буду ні ў каго ператварацца, – сказаў Алесь. – Лепш быць такімі, якія мы ёсць.
– Я згодна! – падтрымала яго Каця.
– Давай лепш пабегаем па палянцы. Паглядзі, якое блакітнае неба і сонца! Птушкі спяваюць!
Кацюша ўбачыла наперадзе белы рамонак і сарвала яго. А Чарнагрыўка весела скакаў па палянцы, і ўсе былі задаволены сваім шпацырам! Дзеці не заўважылі, як прайшлі дзве гадзіны. Надышоў час вяртацца дадому. Раз, два, тры – і вось яны ўжо там!
– Прывітанне, мама! Мы так цудоўна павандравалі! Былі на лясной палянцы! – пахвалілася Каця.
– Вось і добра! – адказала мама. – А зараз памыйце рукі і будзеце абедаць.
Так вельмі хораша скончылася другое цікавае вандраванне дзяцей.
– Ну як, Алесь, павандруем? – праз некаторы час спытала Каця ў свайго сябра. Цэлы месяц яе робат адпачываў, бо дзяўчынка была на канікулах у бабулі. Дзеці памяталі, што іх чакае наступнае падарожжа ў бязмежны стэп. А ў стэпы – такі абшар! Можна набегацца ўволю! Чарнагрыўка ўжо добра адпачыў ў хаце, так што будзе рады вырвацца на волю ў падарожжа.
І зноў сябры-наезнікі разам, скачуць па зялёнай раўніне.
– Чарнагрыўка! Ты ўмееш хутка бегаць? – запытаўся Алесь.
– Вядома! – конік у адказ так ірвануў наперад, што дзеці ледзь-ледзь утрымаліся ў сядле!
Скачуць, быццам ляцяць па паветры! Вось яны ўжо абагналі табун стэпавых коней, і нават птушкам за імі не ўгнацца!
– Чарнагрыўка, ты такі цудоўны! – усклікнула Кацюша. – Мы быццам ляцім па паветры. Так я яшчэ ніколі не ездзіла!
Каця мела рацыю. Яна, вядома ж, разумела, што Чарнагрыўка так хутка скача, таму што ён не сапраўдны конік, а робат. "Але гэта не просты робат, – разважала дзяўчынка. – Ён самы лепшы, самы хуткі. Якія ж людзі разумныя! Яны прыдумалі для дзяцей такую цудоўную цацку!"
Сваё трэцяе вандраванне Каця запомніла надоўга. Нават у сне яна часам бачыла Чарнагрыўку, які лётаў па паветры...
Але ў дзяцей засталося яшчэ самае цікавае вандраванне – у дзіўную краіну!
– Што гэта за краіна? – разважала Каця. – Чарнагрыўка, скажы?
– Не ведаю, – пакруціў галавой конік.
– Алесь, паедзем? – запыталася дзяўчынка ў сябра.
– Абавязкова, паедзем! Сядай! – адказаў Алесь і націснуў на чацвёртую кнопку.
Праз імгненне вандроўнікі апынуліся ў нейкім незразумелым горадзе. Скачуць на Чарнагрыўцы па вуліцы, выбрукаванай залатымі манетамі. Па абодва бакі стаяць дзіўныя дамы. Яны самых незвычайных афарбовак: перламутравых, серабрыстых, залатых, блакітных, нібы неба, ярка аранжавых, быццам сонца. Каця з Алесем паглядзелі, жмурачыся, на гэтыя будынкі, таму што інакш глядзець на іх было немагчыма, бо ад адных будынкаў веяла лютым холадам, ад другіх – зыходзіла такая спякота, нібы гэта былі не дамы, а горача напаленыя печы!
– Ды ну яго, такі незразумелы горад! – сказаў Алесь. – Давайце вернемся дадому.
– Добра! – падтрымала яго Каця.
Алесь націснуў на кнопку, а яна трэснула і прагнулася! Замест таго, каб вярнуцца дадому, дзеці зноў патрапілі ў нейкі незвычайны горад!
О! Гэта быў горад будучыні! Вакол падарожнікаў бегалі, скакалі, лёталі і хадзілі незлічоныя робаты розных колераў, масцей і формаў. Вядома, дзеці нічога не разумелі, затое самі робаты імгненна здагадаліся, што ў іх царства патрапіў нейкі дагістарычны цуд. Яны падбягалі да Чарнагрыўкі і, усміхаючыся, разглядалі яго.
– Гэта якое стагоддзе? – спытаў у дзяцей нейкі шматрукі робат.
– А табе якая справа! – агрызнуўся Алесь. – Лепш скажы, калі ведаеш, як нам адрамантаваць гэтую кнопку?
"Шматрукі" дакрануўся сваімі "лапкамі" да кнопкі і тут жа паставіў яе на месца.
– Эх вы, недарэкі! – пасмяяўся ён і адышоў.
– Ну што, паедзем дадому ці застанемся? – спытаў Алесь ў Каці.
– Давай паходзім тут, – прапанавала Каця, але з асцярогай дадала. – Толькі зусім трошкі, бо мне неяк страшнавата.
– Хопіць табе, баязліўка! – пажартаваў хлопчык.
І дзеці павольна пайшлі наперад. Неўзабаве, перад імі адкрыўся вельмі прыгожы від на незвычайны горад будучыні. У гэты час вандроўнікі знаходзіліся на ўзвышшы.
А што ж было ўнізе?
Такіх будынкаў ніхто з дзяцей яшчэ ніколі ў жыцці не бачыў! Не, гэта былі не небаскробы. Гэта былі жывыя дамы! Яны прама на вачах раслі, памяншаліся, шырыліся і звужаліся. Усярэдзіне дамоў усё пералівалася, спявала, іграла і звінела. Але ўсё гэта было да таго незвычайна, што дзецям здавалася, быццам перад імі велізарны жывы арганізм! Над горадам лётала незлічонае мноства нейкіх дзіўных штучак, падобных на невялікія машынкі, ровары, самалёцікі і караблікі. Неверагодна, бо ніхто ні з кім не сутыкаўся.
– Як цікава! – сказала Каця. – Але гэты горад чужы. Мы тут не зможам жыць. Давайце лепш паедзем дадому!
З гэтымі словамі Каця сама націснула на папраўленую кнопку, і праз некалькі імгненняў яны ізноў апынуліся ў Каціным доме.
У пакой увайшла мама:
– Ну як, вандроўнікі, нагуляліся?
– Ух! Гэта было штосьці! – сказаў Алесь.
–Вось і добра! – усміхнулася мама. – А зараз мыйце рукі і ўсе разам будзем абедаць, – прапанавала яна. Потым прыціснула дзецей да сябе і ласкава пагладзіла іх па разумным кучаравым галоўкам.
Гэтая казка на рускай мове
2.12.14