Анюціныя вочкі
У тым паўночным краі, дзе жыла Анюта, зямля была бедная, на ёй дрэнна раслі кветкі. А Анюта так іх любіла! Аднойчы, калі яна была яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай, то ўбачыла на лузе вельмі прыгожую палявую кветачку. Яна стаяла на тонкай ножцы, і яе далікатныя пялёсткі былі такія цудоўныя! Дзяўчынка не магла адарваць ад кветачкі сваіх улюблёных вачэй і доўга-доўга любавалася ёю.
З таго часу Анюта часта бачыла ў сне прыгожыя кветкі. А дзяўчынцы так хацелася ўбачыць іх наяве! Таму, калі ўвесну пад дахам яе хаты пасяліліся і звілі свае гняздзечкі ластаўкі, Анюта папрасіла іх у наступны раз прынесці ёй з Выраю насенне самых лепшых кветак, якія там растуць. Ластаўкі паабяцалі выканаць просьбу дзяўчынкі і на наступны год, перад самым адлётам з паўднёвых краёў, сабралі насенне заморскіх кветак і панеслі іх Анюце.Птушкі па чарзе бралі насенне ў свае маленькія дзюбкі і ляцелі, імкнучыся быць вельмі асцярожнымі, каб не рассыпаць каштоўны падарунак. Пералёт працягваўся некалькі дзён, і, нарэшце, ластаўкі дабраліся да Анюцінай хаты. Дзяўчынка ўбачыла птушак і радасна ўсклікнула:
– Мама! Мае ластаўкі вярнуліся!
Птушкі паклалі насенне перад Анютай і растлумачылі, як правільна яго садзіць, як даглядаць, каб выраслі добрыя кветкі. Дзяўчынка ўсё зрабіла так, як казалі ластаўкі. Праз некаторы час у яе садзе выраслі цудоўныя кветкі. Яны былі афарбаваны ў вясёлыя і далікатныя колеры.
Мама дзяўчынкі, убачыўшы такую прыгажосць, сказала дачушцы:
– Анюта! Якія ж твае кветкі прыгожыя! Я гляджу на іх, а быццам бачу твае мілыя вочкі!
Добрыя ластаўкі весела ціўкалі і трашчалі, цешачыся разам з дзяўчынкай і яе мамай. У іх садзе на кветніку цяпер раслі такія цудоўныя кветкі, якія не адшукаеш ва ўсёй акрузе!
Усе былі шчаслівыя і задаволеныя. Толькі адна злая і бурклівая Варона неўзлюбіла Анюціныя кветкі. Яна зайздросціла дзяўчынцы і ластаўкам, таму што ў лесе, дзе было яе гняздо, не раслі падобныя кветкі.
Аднойчы, пралятаючы каля хаты дзяўчынкі і аглядаючы яе кветнік, Варона ўбачыла вельмі прыгожую кветку, рэзка развярнулася і з размаху ўселася на няшчасную, бязлітасна растаптаўшы яе сваімі каравымі лапамі! У гэты час ластаўкі адпачывалі ў сваіх гняздзечках, а Анюта была ў хаце. Ніхто не заўважыў, што адбылася у садзе. Але потым, убачыўшы што здарылася, дзяўчынка горка расплакалася. Яна настолькі палюбіла свае кветкі, што страта нават адной з іх здавалася ёй незаменнай! Ластаўкі, як маглі, супакойвалі дзяўчынку і абяцалі ёй знайсці і пакараць таго, хто зрабіў гэты злы ўчынак.
Пасля такога сумнага выпадку птушкі сталі вельмі ўважліва назіраць за тым, што адбываецца ў садзе. Яны назначылі дзяжурных і па чарзе пільнавалі кветкі. Неўзабаве птушкі змаглі злавіць вінаватую Варону. Яна зноў прыляцела ў сад, жадаючы нашкодзіць Анюце і яе кветкам. Але дзяжурныя ластаўкі, зразумеўшы злы намер птушкі, хутка прагналі нягодніцу прэч.
Варона ж, затаіўшы сваю злосць на Анюту, кветкі і ластавак, вырашыла ім адпомсціць. Яна паляцела ў свой лес, каркаючы ва ўсё сваё вароніна горла і разносячы па лесе нядобрую і несправядлівую вестку:
– Паглядзіце! На ўзлеску пасяліліся злодзеі! Ластаўкі выкралі насенне на поўдні, а Анюта пасадзіла крадзенае дабро ў зямлю. Усе яе кветкі крадзеныя!
Пачуўшы такія словы, лясныя жыхары, птушкі і звяры, не маглі паверыць сваім вушам. Анюту яны ведалі яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай і заўсёды лічылі яе добрай і справядлівай.
– Не праўда, Варона! Анюта не зладзейка! Яна добрая і працавітая дзяўчынка!
– Калі не верыце, то спытайце ў саміх кветак! Адкуль яны тут такія ўзяліся! – спрачалася Варона.
– Добра, – вырашылі птушкі і звяры. – Раз так, пойдзем і спытаем у кветак – чые яны?
Птушкі і звяры падышлі да Анюцінага кветніка, падзівіліся яго прыгажосці і спыталі ў кветак:
– Скажыце, вы крадзеныя?
– Не, – адказалі кветкі. – Мы самыя прыгожыя з усіх кветак, што растуць на поўдні! А калі мы былі толькі яшчэ насеннем, дык самі папрасіліся адпусціць нас разам з ластаўкамі да Анюты. Ластаўкі ведалі, што дзяўчынка нас не пакрыўдзіць і будзе шкадаваць, бо яна такая добрая!
– Вось бачыш, Варона, кветкі не крадзеныя! – сказалі птушкі і звяры. – Гэта ты, нягодніца, жадаеш нас пасварыць з Анютай і ластаўкамі! – Ляці, ды толькі хутчэй, з нашага леса і, калі не станеш добрай, ніколі да нас не вяртайся!
Вось так і скончылася гісторыя з Анюцінымі кветкамі. Але яна скончылася толькі на паперы, а ў жыцці…
Куды ні зірні, усюды ўбачыш гэтыя цудоўныя кветкі! Яны, нібы Анюціныя вочкі, глядзяць на нас з усіх бакоў – яркія, рознакаляровыя і вясёлыя! Гэтыя прыгожыя кветкі рассеяліся па ўсёй паўночнай зямлі з насення, якое калісьці прынеслі Анюце ў сваіх дзюбках з далёкіх цёплых краёў вельмі добрыя і чулыя ластаўкі.
Гэтая казка на рускай мове
25.11.14