Зайчаня-Ваверчаня
Жыла ў лесе заечая сям'я: заяц-тата і зайчыха-мама. Было ў іх пяцёра зайчанят. Усе зайчыкі як зайчыкі, толькі вось у самага маленькага зайчаняткі вушкі былі не зусім заячыя. Яны аказаліся вельмі кароценькімі! Калі зайчаняты гулялі ў лесе каля сваёй хаты, то тыя браты, што былі з доўгімі вушкамі, добра чулі, калі мама клікала іх дадому. Толькі Зайчык з кароценькімі вушкамі часам не чуў голасу матулі. Тады да Зайчыка падбягаў старэйшы брацік і казаў пра тое, што мама кліча яго дахаты.
Прайшоў некаторы час. Зайчаняты падраслі. Павяла іх неяк зайчыха далей у густы лес на прагулку. Малодшы Зайчык ледзь адышоў у бок і адразу ж заблудзіўся. Бачыць малы – вакол дрэвы, кусты, а мамы і братоў нідзе няма. Пабегаў ён, пабегаў, пакрычаў, але нікога не пачуў і не знайшоў. Спалохаўся Зайчык і заплакаў. А побач па дрэве скакала Вавёрачка. Пачула яна, што хтосьці дзесьці плача. Пагядела навокал і бачыць: сядзіць на зямлі маленькае Ваверчаня, толькі не карычневае, а шэранькае і без доўгага пухнатага хваста.– Хто ты такі? – запыталася Вавёрка. – Што здарылася, чаму плачаш?
– Я Зайчык, – адказала маляня, – згубіўся ў лесе і не ведаю, як знайсці сваю хату.
Даведалася Вавёрачка, што Зайчык нарадзіўся з кароценькімі вушкамі, таму не пачуў, калі мама клікала яго. Вось і згубіўся ў лесе. Вырашыла добрая Вавёрачка дапамагчы Зайчыку. Залезла на самую высокую сасну і пачала глядзець па баках, каб адшукаць яго маму з брацікамі. Але іх нідзе не было відаць.
Яшчэ больш расплакаўся Зайчык. А Вавёрачка падумала і кажа:
– Не плач, Зайчык. Скора вернецца ў сваё гняздо зоркі Арол, і мы папросім яго пашукаць тваю маму.
Сапраўды, неўзабаве пачуўся шум і трэск галінак – гэта вяртаўся Арол. Ён прысеў на галінку дрэва, каб трохі адпачыць. Тады Вавёрачка падбегла да яго і распавяла пра бяду, якая здарылася з небаракам Зайчыкам.
– Калі я ляцеў сюды, то бачыў за горкай заечую сям'ю – маму і чацвярых зайчанят. Яны бегалі па лесе і кагосьці шукалі, – успомніў Арол.
– Гэта яны шукалі мяне! – радасна ўсклікнуў Зайчык.
Ён ужо хацеў бегчы ў той бок, куды паказваў Арол, але той спыніў яго:
– У лесе хутка стане цёмна. Ты не паспееш туды дабегчы і зноў можаш заблудзіцца. Лепш я сам аднясу цябе да тваёй мамы.
Сказаўшы гэта, Арол асцярожна ўзяў у сваю дзюбу маленькае зайчанятка за яго кароценькія вушкі і панёс да мамы. Пакуль Арол нёс Зайчыка, вушкі ў таго выцягнуліся і сталі такімі ж доўгімі, як у яго братоў. А калі маляня апынулася на зямлі, яго браты і матуля ўбачылі, што ў іх маленькага Зайчыка выраслі вушкі! Як жа ўсе радаваліся, калі даведаліся, што і чуць малы стаў намнога лепей!
Шчаслівая мама-зайчыха доўга дзякавала Арлу і Вавёрачцы за іх дабрыню, за тое, што яны не пакінулі яе сыночка ў бядзе і дапамаглі яму адшукаць сваіх родных.
Гэтая казка на рускай мове
12.11.14