Гутаперчавая царыца
У адной багатай хаце жыла лялька Вікторыя, падораная дзядулем унучцы Мар'яне. Прыгажуня лялька лічыла сябе самой лепшай сярод усіх цацак Мар'яны. Але сама дзяўчынка гэтак не думала. У яе была іншая любімая цацка, плюшавае Медзведзяня, падоранае ёй калісьці мамай, якая да вялікага гора дзяўчынкі ўжо памерла. Мар'яна ўвесь час насіла Медзведзяня з сабой і вельмі рэдка гуляла з іншымі цацкамі. Смутак унучкі заўважаў дзядуля. Ён імкнуўся адцягнуць Мар'яну ад сумных думак і дарыў ёй дарагія падарункі, але, мабыць, гэтага было не дастаткова.
Акрамя лялек і разнастайных забаўляльных гульняў у хаце Мар'яны быў вялікі персідскі кот Васіль дымчатай афарбоўкі. Але хітры кот жыў сам па сабе, стараючыся ні ад каго не залежыць і нікому не падпарадкоўвацца. Васіль важна хадзіў па пакоях і ўважліва сачыў за ўсім, што адбывалася навокал. Тое, што лялька Вікторыя самая цікавая з усіх лялек Мар'яны, кот, вядома ж, не мог не заўважыць. Ён падыходзіў да прыгажуні, далікатна варкатаў, і яго разумныя зялёныя вочы свяціліся ад захаплення.Лялька хутка зразумела, што падабаецца кату. Яна важна надзімала губкі, закочвала вочкі, схіляючы сваю чароўную галоўку, і працягвала Васілю пальчыкі ў прыгожай ажурнай пальчатцы. Кот выпростваў вусы і цмокаў яе ручку.
– Я вельмі хачу быць Царыцай! – заўсёды казала пры гэтым лялька Вікторыя. Але як стаць сапраўднай ці хаця б цацачнай царыцай, лялька, вядома ж, не ведала.
І вось аднойчы дзядуля дзеля таго, каб падняць настрой у каханай унучкі, запрасіў у госці на яе дзень нараджэння дзіцячы лялечны тэатр "Батлейку".
Цікаўны кот выпадкова падслухаў гутарку дзядулі з Мар'янай:
– Заўтра ў твой дзень нараджэння да нас прыедуць артысты. Я запрасіў іх дзеля цябе. Ты рада?
– Вядома, дзядуля!
– Яны пакажуць нам спектакль "Самотны Цар".
"Значыць, у прадстаўленніі будзе ўдзельнічаць Цар! – зразумеў кот. – Трэба расказаць пра гэта ляльцы Вікторыі. Хай яна паглядзіць спектакль, бо стаць Царыцай – яе мара". І кот пабег у пакой з цацкамі Мар'яны.
– Хочаш патрапіць на прадстаўленне? – спытаў кот Васіль у лялькі. – Калі так, тады пойдзеш са мной, я правяду цябе ў той пакой, з акна якога ты ўсё ўбачыш. Заўтра ўвечар лялечны тэатр прыедзе сюды і пакажа Мар'яне спектакль "Самотны Цар".
Увечар наступнага дня ў двары хаты, дзе жыла Мар'яна, сабралася шмат гасцей. Усе яны прыйшлі, каб павіншаваць дзяўчынку з днём нараджэння. Іграла музыка, на сцэне тэатра "Батлейка" выступалі лялькі-акцёры. Яны паказалі гледачам цікавае прадстаўленне. Напрыканцы лялькі танчылі разам з гасцямі прама ў двары. Мар'яне гэта вельмі спадабалася! Яна ўсміхалася і радасна смяялася, гледзячы на лялек "Батлейкі". А дзядуля з пяшчотай глядзеў на ўнучку. Ён быў вельмі задаволены, што яна, нарэшце, павесялела.
Увесь час з вышыні адчыненага акна хаты лялька Вікторыя назірала за тым, што адбывалася ў двары, і трохі зайздросціла тэатральным лялькам. Яе тварык расчырванеўся ад хвалявання, але яна стала ад гэтага яшчэ больш прывабнай. У самым пачатку прадстаўлення Арлекін, царскі блазан, зірнуў на прыгажуню-ляльку, якая сядзела на падаконніку побач з дымчатым катом, і адразу закахаўся ў яе. Увесь вечар ён не зводзіў з Вікторыі вачэй, а ў канцы выступу паслаў ёй паветраны пацалунак:
– Вы мая Царыца! – прамовіў ён.
– Падыдзі да яго, – прапанарваў ляльцы кот Васіль.
– Вось яшчэ! Не падыду, ён жа просты блазан! – скрывілася лялька.
– Але ён кахае цябе і возьме з сабой. Ты будзеш Царыцай у гэтым прадстаўленніі!
Вось так лялька Вікторыя патрапіла ў тэатр "Батлейка". Яе ўзялі ў трупу, і яна паехала разам з артыстамі калясіць па свеце. Арлекін не адыходзіў ад сваёй любай прыгажуні. Ён абагаўляў яе. Вікторыі сшылі самыя лепшыя царскія ўборы, і яна пачала ўдзельнічаць у спектаклях.
Але як жа каханне? Ці было яно ў лялькі? Можа ў яе была падзяка Арлекіну за аказаны ёй гонар іграць сапраўдную Царыцу? Не, нічога гэтага ў яе не было. Лялька Вікторыя любіла толькі сябе і не змагла падарыць ні кроплі кахання блазану, талентам якога захапляліся гледачы ўсіх гарадоў і мястэчкаў, дзе толькі ні пабываў тэатр.
А сама лялька? Як яна іграла? Ці стала сапраўднай Царыцай лялечнага тэатра? Мабыць, не. Не здолеўшы пакахаць у сваім жыцці нікога, акрамя сябе, заўсёды знаходзячыся ў дрэнным настроі, лялька Вікторыя хутка пастарэла. Яе прыгажосць звяла. Зараз у тэатры ляльцы ўжо не прапанавалі ролю Царыцы. Часцей за ўсё яна іграла ролю прыслужніцы.
Аднойчы Вікторыя вярнулася разам з лялечным тэатрам "Батлейка" ў той жа горад, з якога калісьці з'ехала. Але нават яе былы прыхільнік, кот Васіль, не пазнаў сваёй прыгажуні.
– Прывітанне, Васіль! – ціха сказала лялька. – Гэта я, Вікторыя. Няўжо ты не пазнаў мяне?
– Як жа вы змяніліся, ваша Вялікасць, – толькі і сказаў збянтэжаны і разгублены стары кот.
– Але ж і ты не памаладзеў, – з'едліва адказала ганарлівая лялька.
У былой хаце ўсё змянілася. Ранейшая гаспадыня, Мар'яна, вырасла і абзавялася ўласнымі малышамі. Яе маленькія дзеці гулялі з зусім іншымі цацкамі і ніяк не заўважалі патрапаную ад часу старую маміну ляльку, калісьці падораную ёй іх прадзедам...
Гэтая казка на рускай мове
10.11.14