Птушка Шчасця (казка) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Птушка Шчасця (казка)
Птушка Шчасця (казка)
У адным вельмі бедным мястэчку сярод такіх жа, як ён, беднякоў жыў чалавек. Хата ў яго была старая, трухлявая, халодная і цёмная. Узімку чалавек у ёй замярзаў, а сагрэцца было не чым. У яго не было грошай на тое, каб купіць досыць дроў на абагрэў хаты, ды і грошай на сытную ежу ў яго таксама не было. З-за такога жыцця здароўе ў бедняка аслабла, ён часта хварэў. Недалёка ад яго, у тым жа мястэчку, жылі яго родныя – старэнькая маці і малодшы брат – такія ж бедныя і хворыя, як і ён.      Побач з хатай бедняка стаялі трухлявыя і старыя хаты іншых беднякоў. Усе гэтыя людзі былі гэтак жа нешчаслівыя ў жыцці, як і ён. Маркотна і нецікава цякло іх жыццё. Ніхто не прыходзіў і не прыязджаў у гэтае няшчаснае месца. Толькі пералётныя птушкі сваім ціўкатам нагадвалі пра тое, што дзесьці ёсць іншае шчаслівейшае жыццё.
     Але вось аднойчы зайшоў у гэтае мястэчка адзін вандроўнік. З выгляду ён быў не зусім стары, але і не малады. Пастукаўся вандроўнік ў хату да бедняка і папрасіўся пераначаваць. Той пусціў яго, таму што жыў вельмі бедна, і баяцца яму было няма чаго. Разгаварыўся бядняк з вандроўнікам, пажаліўся на сваё нялёгкае жыццё-быццё. Здзіўляўся ўсяму вандроўнік. Шмат гадоў хадзіў ён па белым свеце, шмат розных мясцін пабачыў, але такую бядноту сустрэў упершыню. І тады вырашыў незнаёмец дапамагчы бедняку.
     – Я, – кажа, – бачыў Птушку Шчасця і ведаю, дзе яна жыве. Цяпер я накіроўваюся ў тое месца і калі сустрэнуся з ёй, абавязкова пашлю яе да цябе. Гэтая птушка прыносіць поспех. Раз у тры дні на яе галаве вырастае чароўнае пяро. Ты будзеш зрываць яго, як кветку, і аддаваць таму, хто ў чымсьці мае патрэбу. За пяро прасі адзін залаты. Калі сарвеш апошняе дваццаць пятае пяро, то ў цябе будзе дваццаць пяць залатых. За іх ты зможаш купіць сабе цёплую і добрую хату, каб потым можна было жыць у ёй доўга і шчасліва. Усё гэта будзе пры адной умове. Калі ў цябе што-небудзь папросіць блізкі і дарагі табе чалавек, ты не павінен адмовіць яму ў дапамозе, чаго б гэта ні каштавала. Але калі ты адмовіш, то Птушка Шчасця паляціць ад цябе і больш ніколі не вернецца. А ты ўсё астатняе жыццё будзеш шкадаваць, што так здарылася, але ўжо назад вярнуць нічога не зможаш.
     Паслухаў усё гэта бядняк і спачатку не паверыў вандроўцу.
     – Навошта, – запытаўся ён, – ты аддаеш мне сваю Птушку Шчасця. Ты такі ж бедны, як і я, і хаты ў цябе сваёй няма?
     А вандроўнік на гэта адказваў:
     – Мне не патрэбна хата. Мая хата – уся Зямля. Я падарожнічаю па ёй і ў гэтым маё шчасце. Добрыя людзі дадуць прытулак і накормяць мяне, а больш мне нічога не патрэбна. Я здаровы. Мае ногі прывядуць мяне туды, куды я захачу.
     Сказаўшы гэта, вандроўнік пайшоў далей сваёй дарогай, а бядняк застаўся чакаць Птушку Шчасця. Незнаёмец не зманіў – праз тры дні птушка нябачанай прыгажосці прыляцела ў хату да бедняка. Быў вечар, і чалавек вельмі здзівіўся – настолькі яркім і незвычайна залатым было святло, якое зыходзіла ад яе пёраў. Птушка была вялікая і чымсьці нагадвала паўліна, толькі хвост у яе быў паменш. Бядняк вырашыў, што яе трэба схаваць ад чужых цікаўных і зайздросных вачэй, і зачыніў птушку ў каморы. Вядома, ёй там было няўтульна, але бядняк карміў яе, чым быў багаты, а на ноч выпускаў у хату.
     Праз тры дні ў птушкі вырасла на галоўцы ярка-зялёнае пяро, ад якога ішло цудоўнае святло. Калі б бядняк быў уважлівей, дык такое ж пяро ён бы заўважыў на хвасце ў птушкі. Але бядняк не глядзеў на хвост. Яго цікавіла толькі яе галоўка. Ён сарваў цудоўную яскравую пярынку з галоўкі залатой птушкі і паклаў яе ў сваю кішэнь.
     Раніцай бядняк абышоў усіх суседзяў і распавёў ім пра чароўнае пяро і пра тое, што яно прыносіць шчасце. Сярод людзей адразу ж знайшоўся дзівак, які быў настолькі бедны і няшчасны, што адразу ж паверыў у чараўніцтва і купіў дзівоснае пяро за сваю апошнюю залатую манету. Пяро і сапраўды аказалася чароўным, таму што як толькі шчаслівы ўладальнік прамовіў сваё запаветнае жаданне, яно тут жа выканалася.
     Жыхары сяла, даведаўшыся пра гэта, былі незвычайна здзіўлены. Цяпер усе яны жадалі купіць такія чароўныя пярынкі. І бядняк роўна праз тры дні прыносіў кожнаму ахвотніку па ярка-зялёным пяры, а сам атрымліваў за яго адзін залаты. Вядома, можна было браць і больш залатых, але бядняк не вырашаўся непаслухацца вандроўнікі. Тым больш што дваццаць пяць залатых яму цалкам хапала на тое, каб купіць сабе добрую хату. І вось калі ў бедняка, нарэшце, ужо сабралася дванаццаць залатых, да яго нечакана прыйшоў брат і стаў прасіць аб дапамозе.
     – Маці хворая, хата халодная, есці няма чаго. Кажуць, ты разбагацеў. Будзь так міласцівы, дапамажы нам, – маліў яго малодшы брат.
     Задумаўся бядняк: "Калі я аддам яму адзін залаты, мне не хопіць астатніх манет, каб купіць добрую хату. Тое ж самае атрымаецца, калі я аддам яму чароўнае пяро". Вось так і сышоў ад яго малодшы брат ні з чым. Паскнарнічаў бядняк, не пашанаваў сваю найблізкую радню. І толькі калі брат сышоў, ён успомніў словы вандроўнікі і яго наказ – не крыўдзіць блізкіх яму людзей. Але было позна. Бядняк зазірнуў у камору – Птушкі Шчасця там не было. Толькі адно ярка-зялёнае чароўнае пяро, якое выпала з яе хваста, ляжала на падлозе і свяціла, быццам чароўны агеньчык. Засмуціўся бядняк, што паспяшаўся і зрабіў такую вялікую памылку. Вось і пяро запасное было. Але нічога не паробіш. Так і застаўся ён са сваімі трынаццаццю залатымі. Іх хапіла бедняку на тое, каб адрамантаваць старую хату і жыць не ў крайняй патрэбе. Хоць бядняк потым забраў да сябе брата і маці, ён усё жыццё шкадаваў пра тое, што ён быў калісьці такі прагны.
     Шмат хто з яго аднавяскоўцаў выкарыстоўваў набытае чароўнае пяро толькі для свайго асабістага шчасця і дабрабыту. Але быў сярод іх адзін чалавек, які, купіўшы за апошні залаты чароўнае пяро, вырашыў, што ён яшчэ як-небудзь пражыве на свеце ў сваёй старой хаце, таму што здаровы і моцны. А дапамагчы трэба тым, хто хворы і слабы. Гэты чалавек разрэзаў пяро на пяць роўных кавалачкаў і аддаў іх сваім дарагім сябрам, якія тым часам былі вельмі хворыя.
     А калі чароўнае пяро вярнула ім здароўе, яны спаўна аддзячылі вернага сябра за шчодрасць і спачуванне да іх бед. Сабраўшыся ўсе разам, упяцёх, як родныя браты, яны хутка пабудавалі добрую светлую хату для свайго дабрадзея, а потым і для сябе.
     Вось так хвалебны вандроўнік і яго знаёмая Птушка Шчасця дапамаглі беднаму мястэчку стаць багацей, а яго жыхарам шчаслівей.
     
     Гэтая казка на рускай мове
13.10.14