
Дзімкіна Залатая Рыбка (казка-аповед)
Аднойчы патрапіў Дзімка на цудоўны востраў. Сядзіць, рыбу ловіць. Закінуў вуду раз, затым – другі. Чакае, а раптам клюне. Надвор'е цудоўнае. Сонца, аблокі, цёплы ветрык абдзімае. Хвалі ледзь-ледзь плёскаюць аб берагі. Прыгажосць!
Глядзіць Дзімка, паплавок заварушыўся. Пацягнуў. Адчувае, што трапіла нейкая рыбка. Яшчэ раз ірвануў. З вады паказалася спачатку ярка-жоўтая галоўка, а потым і ўся яна, залатая прыгажуня! Трапеча, бедная, б'ецца аб зямлю бліскучым хвастом. Здалося Дзімку, быццам яна сказала штосьці. Прыслухаўся. А Залатая Рыбка сапраўды кажа:– Адпусці мяне, хлопчык! Я выканаю тры твае запаветныя жаданні!
– Так ты чароўная? – узрадаваўся Дзімка.
Ніколі яшчэ яму, рыбалову са стажам, не ўдавалася злавіць такі скарб. "Ура! – падумаў ён. – Зараз у школу не пайду".
– Добра. Першае маё жаданне – каб у школу мне не трэба было хадзіць.
"А яшчэ папрашу ў яе новы Мэрсэдэс і мільён даляраў", – вырашыў ён. Так і зрабіў.
Задумалася Залатая Рыбка.
– Добра, – кажа. – Раз ты так гэтага жадаеш, будзе табе аўтамабіль і мільён даляраў.
І ў тое ж імгненне, як яна гэта сказала, хлопчык прачнуўся! Зразумеў ён, што ўсё было толькі ў сне. Засмуціўся. Нават уставаць і збірацца ў школу неяк адразу перахацелася. Хоць бы на хвілінку заснуць ды ўбачыць ізноў Залатую Рыбку!
Насілу Дзімка прымусіў сябе падняцца і пайсці ў школу. Настрой сапсаваўся, і ў школе яму зусім не хацелася вучыцца. Сядзіць ён за партай, пазяхае. А настаўніца рускай літаратуры, як на ліха, узяла і выклікала яго да дошкі ўрок адказваць. Вядома, урок хлопчык вывучыў. Гэта была тая ж "злашчасная" казка Пушкіна пра Залатую Рыбку. Расказаў яе Дзімка. Настаўніца пахваліла яго і пытае:
– А калі б ты, Дзіма, злавіў Залатую Рыбку, што б ты ў яе папрасіў?
Хлопчык узяў ды і вылажыў свае жаданні, пра якія ў сне казаў. Увесь клас так і пакаціўся са смеху. А настаўніца кажа:
– Хітры ты, Дзіма! Вядома, багатым быць добра. Але што ты станеш рабіць са сваім багаццем, калі будзеш зусім неадукаваным? Лянота, Дзіма, яшчэ нікому поспехаў у жыцці не прыносіла. Ва ўсім свеце вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі. Дзякуючы добрай адукацыі, потым у далейшым жыцці лягчэй дасягнуць поспехаў. Так што вучыся, Дзіма, і не лянуйся.
Дома Дзімка распавёў матулі пра свой няўдалы адказ на ўроку. Толькі мама ва ўсім была згодна з настаўніцай.
– Сынок! Прыгадай словы Пушкіна з іншай казкі: “Казка – хлусня, ды ў ёй намёк, добрым малайцам урок!”
– Так, мая настаўніца мае рацыю, – пагадзіўся хлопчык.
А са старонкі падручніка – хлопчык гэта дакладна бачыў – Залатая Рыбка яму таксама хітра-хітра ўсміхнулася.
Гэты аповед на рускай мове
13.10.14