
Малыш Ландыш
Калі ў паўночны край прыйшла Вясна, яна прывяла за сабой шмат цёплых вятроў і гарачых сонечных прамянёў. Ад таго снег па ўсім лесе пачаў раставаць, на дрэвах набрынялі пупышкі, а на лясных палянках пачалі распускацца падснежнікі. Доўга хадзіла Вясна па палях, па лугах і лясах, упрыгожваючы зямлю яркімі палявымі кветкамі. Але чамусьці зусім забылася пра свае самыя далікатныя і пахкія кветкі – ландышы.
– А дзе ж ландышы? – зазвінела Сінічка і заціўкаў Верабей. – Мы жадаем на іх паглядзець! Іх цудоўны водар успамінаўся нам, калі ўзімку мы замярзалі ад марозу. Здавалася, што ад гэтага ўспаміну станавілася нават цяплей.– Ах, так! Нашы цудоўныя ландышы! – Вясна вінавата паглядзела на птушак. – Зараз я знайду і адагрэю іх.
Яна пабегла ў лес, таму што менавіта там, у зацішных кутках, заўсёды хаваюцца ад зімовых халадоў ландышы, такія далікатныя цеплалюбівыя расліны. Нарэшце, Вясна адшукала і ажывіла іх змерзлыя цельцы. І тады лес напоўніўся сапраўдным вясновым водарам. Гэты прыемны пах ішоў ад маленькіх белых кветачак, падобных на чароўныя званочкі, што звісаюць са сцяблінкі. "Дзінь-дзінь", – хацелася праспяваць званочкам. Але яны не спявалі, а толькі вельмі прыемна пахлі.
– Ура! Ландышы распусціліся! Ура! Ландышы расцвілі! – загаманіў увесь лес.
А самы маладзейшы з усіх ажыўшых кветак, малюпасенькі белы Ландыш, які ганарліва стаяў на доўгай ножцы, раптам зазнаўся! "Але чаму ж ён зазнаўся?" – спытаеце вы.
Так, такое бывае з усялякімі зямнымі стварэннямі з-за вялікай дурасці. Гэтаму малайцу, Ландышу, раптам здалося, што ён самы галоўны, самы прыгожы з усіх лясных кветак. І малы ганарліва задраў свае галоўкі-званочкі ўгару. Сонейка паглядзела на дурненькага і ўсміхнулася. Але Ландыш і не думаў здавацца. Ён выцягваў сцяблінку і задзіраў угару свой нос!
– Задавака – шэры сабака! – падражніла маляня Сарока. – Яна адна з першых звярнула ўвагу на такія неразумныя паводзіны маленькага Ландыша.
– Я не задавака, проста я лепш за ўсіх! – заўпарціўся малы.
Ён працягваў стаяць, выцягнуўшы ў струнку сваю сцяблінку і задраўшы ўгару, да неба, галоўкі-званочкі. І нават дождж, які абрушыў на лес вялікія вадзяныя струмені, не змог прымусіць неразумнага Ландыша схавацца пад шырокія лісцікі. Калі дажджавая хмара сышла, і выглянула Сонейка, Ландыш адчуў, што не можа прамовіць ніводнага слова. Нават дыхаць яму стала цяжка. І ўсё таму, што яго белыя званочкі цалкам напоўніліся дажджавой вадой!
– Дапамажыце! – паспрабаваў вымавіць малы, але не змог.
Яму захацелася плакаць, але і гэта цяпер стала немагчыма. Добра, што Сонейка заўважыла няшчаснага, які мог чаго добрага захлынуцца ад вады.
– Ану, маленькі Ландыш, быстра апусці ўсе галоўкі ўніз, а то загінеш! – сказала Сонейка.
Тут ужо Ландышу давялося прыслухацца да мудрай парады. Ён апусціў галоўкі ўніз, і вадзіца вылілася з яго званочкаў, як з маленькіх кубачкаў. Ландыш удыхнуў паветра, расправіў паніклыя лісточкі і зразумеў, які ён быў дурны, калі думаў, што лепшы за ўсіх.
Атрымліваецца, найлепшы той, хто разумны і прыязны, хто думае, што трэба рабіць яму, каб стаць шчаслівым, і сваімі добрымі ўчынкамі дапамагае іншым.
З тых часоў ніводзін ландыш, які расце ў лесе і які даведаўся ад старэйшых раслін гісторыю маленькага дурня, не задзірае ўгару нос. Прыгажосць і водар кветак – ад Бога, а розум і сціпласць – справа іх саміх.
Гэтая казка на рускай мове
25.08.14