Паўночны Алень - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Паўночны Алень
Паўночны Алень
На Крайняй Поўначы, там, дзе вечная мерзлата і вельмі кароткае лета, жыве Алень. Яго завуць паўночным. Алень прывык да вельмі халоднай з лютымі маразамі зімы. Яго ратуе ад холаду цёплая поўсць. Паўночны Алень прыгожы і зграбны, з вялікімі раскідзістымі рогамі. Ён вельмі добры і імкнецца дапамагаць людзям, побач з якімі жыве. Алень адвозіць іх туды, куды яны папросяць. Умовы жыцця на Поўначы цяжкія. Часам бывае не толькі холадна, але і голадна. Аднак Алень не губляе аптымізму. Ён любіць свой родны край. Узімку Алень любуецца паўночным ззяннем, з задавальненнем ходзіць па белым іскрыстым і хрусткім снезе. Напэўна больш, чым зіму, паўночны Алень чакае хоць і кароткае, але цёплае паўночнае лета. Летам ён цешыцца цёпламу сонцу, яркім кветкам і спевам птушак, якія прылятаюць з поўдня, каб вывесці і выгадаваць на паўночнай зямлі птушанят.      Пералётныя птушкі кожны год прыносяць паўночнаму Аленю прывітанне ад яго роднага брата – Аленя, які жыве на поўдні. Яны шмат разоў распавядалі паўночнаму Аленю пра паўднёвага Аленя і пра тыя цудоўны мясціны, у якіх жыве яго брат. У тых краях доўгае і вельмі цёплае, нават гарачае лета. Там растуць вялікія дрымучыя лясы. У іх шмат розных раслін: дрэў, кустоў, кветак. Да таго ж, там шмат насельнікаў – разнастайных звяроў і птушак. Жыць у такім лесе вельмі цікава, ды і галодным ніколі не застанешся.
     Паўночны Алень трохі зайздросціць свайму брату, але ён ніколі б не вырашыўся змяніць няхай і халодную, але сваю родную паўночную хату на цёплую паўднёвую. Магчыма, на будучы год паўночны Алень наведае брата, паглядзіць на яго жыццё-быццё, але ўсё роўна вернецца назад на сваю радзіму, да старых сяброў і суседзяў.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
14.07.14