Старадаўні чайны сервіз (чытае Ліка Пташук)
У гасціным пакоі кватэры, дзе жыла Даша з мамай і татам, за шклянымі дзверцамі шафы для святочнай пасуды стаяў прыгожы чайны сервіз. Гэта быў бабулін падарунак. Мама казала, што сервіз старадаўні, і дастаўся ён бабулі ў спадчыну яшчэ ад яе маці, Машынай прабабулі.
Дзяўчынка часам падыходзіла да шафы і любавалася на чароўны сіні чайнік, вазачку для кветак, цукарніцу, упрыгожаную перламутравымі кветачкамі, на кубачкі, размаляваныя залатымі ўзорамі.– Мама! Калі мы будзем піць чай з кубачкаў бабулінага сервіза? – часам дапытвалася дачка.
– На свята, тады мы паклічам у госці сваіх сяброў, – адказвала мама.
Вось толькі свят такіх, каб усе госці прыйшлі папіць чай, у Дашынай кватэры не здаралася. Да мамы з татам часам прыходзілі сябры. Пілі ж яны каву з самых звычайных простых кубкаў і зусім не спрабавалі скарыстацца чайным сервізам.
Нарэшце, тата здагадаўся падарыць маме на дзень нараджэння кававы сервіз.
– Разумнік! – пахваліла яго мама. – Цяпер нашы госці будуць піць каву з такіх дзівосных кубачкаў! – усміхнулася яна і паставіла татаў падарунак на шкляную паліцу ў шафу, дзе ўжо стаялі прадметы старадаўняга чайнага сервіза.
З тых часоў мама з татам часта адчынялі шкляныя дзверцы шафы і даставалі новыя кававыя кубачкі, каб наліць у іх духмяную каву і пачаставаць сваіх сяброў. І кожны раз госці казалі, што іх кававы сервіз проста выдатны!
Як не зазнацца пасля ўсяго гэтага! Вядома, што кававыя кубачкі са сподачкамі, слухаючы пахвальныя гаворкі, уявілі сябе самымі што ні на ёсць выдатнымі стварэннямі на свеце. Цяпер яны ўжо нават не глядзелі ў бок сваіх суседзяў са старадаўняга чайнага сервіза.
– Ды з іх жа ніхто ніколі не будзе піць чай! І наогул, не зразумела, навошта яны тут стаяць, такія старыя і несучасныя! – ганарліва мовілі кававыя кубачкі.
Аднойчы, калі ў кватэры нікога не было, кававы Кубачак, які стаяў на паліцы побач з вялікім сінім Чайнікам, скоса паглядзеў на свайго суседа і важна спытаў:
– У цябе калі-небудзь налівалі чай?
– А як жа! – з гонарам адказаў Чайнік. – Яшчэ колькі разоў! Праўда, гэта было даўно. Калісьці былая мая гаспадыня казала, што я годны дзеля таго, каб мяне ставіць на стол прынцэсе!
– Бач ты, што выдумаў! Усё гэта ён хлусіць! – зазвінелі кававыя кубачкі са сподачкамі. Яны не паверылі словам сіняга фарфоравага Чайніка.
Але такі цуд у Дашыным доме ўсё-такі адбыўся. Мама ўладкавала свята дачцэ, бо яе дарагой дзяўчынцы споўнілася пяць гадоў! На свята прыйшло шмат дзяцей, сяброў Дашанькі. На стале ў гасцінай стаяў велізарны духмяны пірог, які дзяўчынка спякла разам з мамай. А на галаве ў Дашы красавалася карона, якраз такая ж, якія носяць прынцэсы!
– Дашачка, ты сёння імянінніца! Стаў на стол бабулін чайны сервіз. Будзем з яго піць чай, – сказала мама.
І вось нарэшце ўсе прадметы чайнага сервіза апынуліся на стале. Мама заварыла ў цудоўным сінім Чайніку духмяны чай і разліла яго дзецям у бліскучыя цёмна-сінія кубачкі. Дзеці елі смачны пірог, пілі чай і любаваліся на Дашу, як на сапраўдную прынцэсу. А інакш і не магло быць, бо гэта было яе свята!
Пад канец вечара памытыя і насуха працёртыя чыстым ручніком фарфоравыя вырабы старадаўняга чайнага сервіза зноў апынуліся на шкляных паліцах у шафе. Пасля гэтай незвычайна хвалюючай падзеі кававыя кубачкі і сподачкі ўжо ніколі не задзіралі насы і не ўяўлялі, што толькі яны самыя лепшыя і самыя галоўныя ў доме. У кожнага кубачка, кожнага сподачка, у кафейніка, чайніка, цукарніцы і нават у вазачкі сваё прызначэнне, якое не можа выканаць ніхто іншы.
p.s. Фота Аляксея Кудаўцава.
Гэтая казка на рускай мове
13.07.14