Навагодняя гісторыя
Сёння я распавяду Вам адну гісторыю, якая здарылася ў сям'і маёй знаёмай дзяўчынкі Каці пад Новы год. Каця жыве з мамай, татам і малодшым брацікам Вадзікам.
Перад доўгачаканым святам Кацін тата заўсёды купляе на ёлачным кірмашы сапраўдную лясную Ёлачку. Дзеці з мамай упрыгожваюць яе. Паступова зялёная жыхарка лесу ператвараецца ў незвычайную казачную прыгажуню. Чаго толькі на ёй няма: яркія перламутравыя шары, гірлянды з рознакаляровых лямпачак, сняжынкі, каралі, розныя звяркі, срэбны дожджык! У Кацінай мамы нават захаваўся стары гіпсавы Дзед Мароз. З ім яна сама вельмі даўно, калі яшчэ была маленькай дзяўчынкай, сустракала Новы год.Цацачны Дзед Мароз апрануты ў белае доўгае паліто, падперазаны шырокім чырвоным поясам, а на галаве ў яго зіхаціць белая пухнатая шапка са сняжынак. Ён вясёлы, заўсёды ўсміхаецца і ніколі не маркоціцца. Каця любіць старога Дзеда Мароза. Яна заўсёды ставіць яго пад Ёлку. Ён - даволі старая цацка, але яму таксама хочацца сустрэць Новы год пад Ёлкай, пацешыцца і павесяліцца разам з дзецьмі і Снягуркай у гэты выдатны святочны дзень.
На жаль, былая маміна Снягурка не захавалася. Мабыць, яна страцілася пры пераездах з адной кватэры на другую. Новай Снягуркай па агульным рашэнні стала Каціна лялька Барбі, якую завуць Сняжанай. Лялька вельмі падышла на ролю Снягуркі. У яе доўгія бялявыя валасы і блакітныя вочы. Каця з мамай пашылі для Сняжаны беласнежны ўбор, аздобілі яго белым мехам і ўпрыгожылі бліскучымі сняжынкамі. Карону зрабілі з серабрыстай фальгі з бліскаўкамі і перламутрам. У такім уборы Сняжана ператварылася ў сапраўдную Снягурку! І стары Дзед Мароз быў зачараваны яе прыгажосцю не менш дзяцей. З таго часу Снягурка і Дзед Мароз заўсёды былі побач: пад Ёлкай – на Новы год, у скрынцы – усе астатнія дні года...
Летась Каця з Вадзікам з нецярпеннем чакалі Навагодняе свята. Нарэшце тата прынёс у хату зялёную Ёлку. Запахла ігліцай. А гэта першая прыкмета таго, што хутка прыйдзе Новы год!
Увечары дзеці разам з матуляй вырашылі ўпрыгожыць Ёлку. Мама дастала з антрэсоляў ёлачныя цацкі. Неўзабаве іх Ёлка ператварылася ў сапраўдную прынцэсу! Аднак, чагосьці яшчэ нехапала...
– Мама! Мы забыліся пра Дзеда Мароза са Снягуркай! – успомніла Каця.
– Сапраўды, забыліся, – мама хуценька дастала скрынку з антрэсоляў. У ёй была Снягурка, а стары Дзед Мароз кудысьці знік...
– Дзе ж наш Дзед Мароз? – здзівілася Каця.
І тады мама прызналася, што яна выпадкова ўпусціла цацку на падлогу, калі даставала штосьці з антрэсоляў. А таму што Дзед Мароз аказаўся вельмі крохкім, бо калісьці быў зроблены з гіпсу, небарака адразу ж разваліўся на дзве часткі.
– Нічога не паробіш, – сказаў тата, калі мама паказала яму тое, што нарабіла. – Склеіць Дзеда Мароза цяпер немагчыма. Адвязу я яго на дачу, а да Новага года купім новую цацку.
На наступны дзень тата адвёз Дзеда Мароза на дачу і схаваў яго на паліцы ў цёмнай шафе.
Дзядуля, вядома, вельмі засмуціўся такому павароту ў сваім лёсе:
– Я ўжо пажыў на белым свеце, шмат разоў сустракаў Новы год пад Ёлкай, трэба і меру ведаць, – вырашыў ён.
Вядома, яму было вельмі сумна ў цёмнай шафе. Побач з ім не было прыгажуні Снягуркі, і пагаварыць было не з кім. Доўгія халодныя ночы Дзед Мароз бавіў цяпер зусім адзін...
Расказаўшы дзецям такую невясёлую гісторыю, мама дастала Снягурку са скрынкі і паставіла яе пад Ёлку. Але тая не ўзрадавалася гэтаму так, як раней, калі побач з ёй быў верны і любы сябар Дзед Мароз. З блакітных вачэй Сняжаны пакаціліся кропелькі-слёзкі. Услед за ёй Каця з Вадзікам таксама заплакалі.
– Мама! Дзе наш Дзед Мароз? Нам не патрэбны другі. Няхай тата прывязе нам з дачы нашага старога Дзядулю Мароза! – пачула ад дзяцей матуля.
Каця з Вадзікам так горка плакалі, што яна нават не ведала, як іх супакоіць. І тады мама вырашыла, што тату ўсё-такі трэба з'ездзіць на дачу і забраць адтуль Дзеда Мароза. Зламаную цацку можна, урэшце, перавязаць тонкімі моцнымі ніткамі, і яна яшчэ будзе стаяць пад Ёлкай.
Калі мама сказала пра гэта тату, той стаў пярэчыць:
– Навошта нам стары зламаны Дзед Мароз. Заўтра я куплю вам новага, яшчэ прыгажэйшага за таго, які быў у вас.
І з гэтымі словамі тата пайшоў спаць. Дзецям з матулей нічога не заставалася рабіць, як таксама ісці спаць.
– Пераначуем, болей пачуем, – сказала мама.
Усе сышлі, а Сняжана стаяла і плакала. Яна не хацела ніякага іншага Дзеда Мароза. Снягурка любіла і шкадавала толькі свайго старога сябра. Таму яна вырашыла адправіцца на дачу, каб ізноў быць побач з ім.
– Я дабяруся! Я помню дарогу. Каця аднойчы ўжо брала мяне з сабой на дачу, - вырашыла Снягурка.
Яна паціху залезла на акенца, потым на адчыненую фортачку і скокнула на зямлю. Вядома, лялька не паранілася, бо кватэра была на першым паверсе. Снягурка проста патрапіла ў снег. А калі развіднела, першым, хто яе заўважыў, быў вялікі чорны Крумкач. Сняжана расказала птушцы сваю гісторыю і папрасіла яго аднесці яе на дачу. Крумкач трохі падумаў і затым пагадзіўся. Яму спадабалася добрая і спагадлівая Снягурка, таму ён вырашыў ёй дапамагчы.
Чорны Крумкач, як і ўсе мы, любіў сустракаць Новы год. Ён часта размаўляў з сапраўдным Дзедам Марозам і лічыў, што нельга нікога крыўдзіць перад гэтым чароўным святам. Крумкач пасадзіў Сняжану да сябе на спіну і асцярожна панёс на дачу. Прыляцеўшы туды, ён пастараўся і адчыніў дзюбай фортачку, а потым дапамог Снягурцы забрацца ў хату.
– Дзядуля Мароз! Дзе ты? – крыкнула Сняжана, апынуўшыся на падаконніку ў хаце.
– Я тут! – адклікнуўся Дзед Мароз. – Як ты сюды дабралася? – здзівіўся ён.
– Вельмі проста. Мяне прывёз да цябе добры Крумкач. Я буду сустракаць Новы год толькі з табой!
Калі Снягурка адчыніла дзверцы шафы, яна ўбачыла там свайго сябра. Як жа сябры абрадаваліся гэтай сустрэчы! А за акном дачы ўжо пачало світаць...
У гэты час у хаце Каці таксама развіднела. Дзяўчынка прачнулася, падбегла да Ёлкі і ўбачыла, што Снягурка таксама знікла.
– Мама! – паклікала дзяўчынка. – Снягуркі няма! Я ведаю, яна ўцякла да Дзеда Мароза на дачу. Так-так,яна ўцякла туды!
Тут і тата з мамай перапалохаліся не на жарт. Куды дзелася Снягурка? Няўжо і сапраўды адправілася на дачу? Але гэтага ж не можа быць!
– Добра! Калі так, я з'езджу на дачу і прывязу Дзеда Мароза, – сказаў тата. – Аднак, я ўпэўнены, што Снягуркі там няма.
Тата паехаў на дачу, а дзеці з матуляй пачалі з нецярпеннем чакаць яго вяртання. Каця верыла, што Снягурка на дачы. Колькі разоў дзяўчынка заўважала, з якой радасцю і пяшчотай Дзед Мароз глядзеў на Снягурку. А тая заўсёды паварочвалася да яго твар у твар, як бы Каця не паставіла яе пад Ёлкай.
І вось ужо да Новага года засталося толькі некалькі гадзін! Дзе ж тата? Мама з дзецьмі накрылі на стол. Хутка па тэлевізары пачнуць паказваць навагоднія святочныя віншаванні…
Дзякуй Богу, нарэшце, у хату ўвайшоў тата. Так, гэта ён!
– Прывёз? – з парога запыталіся ў яго Каця, Вадзік і мама.
– Так! – адказаў тата. – Як гэта ні дзіўна, але Снягурка таксама аказалася на дачы. Быццам яе хтосьці прывёз туды!
З гэтымі словамі тата дастаў з сумкі Сняжану і Дзеда Мароза. Каця з мамай хуценька перавязалі Дзядулю ніткамі і паставілі яго разам са Снягуркай пад Ёлку. Тата толькі паспеў памыцца, пераадзецца і сесці за святочны стол, і тут пачаўся бой галоўнага гадзінніка. Раз, два, тры, чатыры….дванаццаць!
– З Новым годам! З Новым шчасцем! Няхай у Новым годзе здейсняцца ўсе нашы мары! – расхвалавана прамовіла мама.
Калі скончыўся бой, зайграў урачысты гімн. Каця стаяла як зачараваная. Потым схамянулася і пабегла да Ёлкі, каб паглядзець, як сустракаюць Новы год яе сябры.
А там яна шырока расплюшчыла вочы ад здзіўлення! Бо пад зіхатлівай Навагодняй Ёлкай стаялі: чароўная Снягурка і зусім ЦЭЛЫ Дзед Мароз з усмешкай да вушэй на расчырванелым ад спякоты твары.
– Які цуд! Мама, тата, Вадзік! – паклікала дзяўчынка. – Гэта Новы Год! Ён зрабіў нам падарунак. Глядзіце! Наш Дзядуля Мароз стаў, як новенькі!
Так, чараўніцтва здараецца пад Новы год! У гэтым пераканалася Каця і яе сям'я. Аднак, яны не здагадваліся, што гэта дзіўнае чараўніцтва адбылося дзякуючы добраму і чуламу Крумкачу. Гэта ён выпадкова сустрэў Новы Год, калі той аблятаў Сусвет, і папрасіў яго склеіць гіпсавага Дзядулю Мароза ў кватэры Кацюшы...
Калі жывуць на свеце тые, хто так умее сябраваць і шкадаваць свайго сябра, значыць, Новы Год прыйшоў нездарма, і ўвесь наступаючы год будзе абавязкова шчаслівым!
Гэтая казка на рускай мове
10.07.14