Снегавік з лесу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Снегавік з лесу
Снегавік з лесу
Цяпер зіма. У зімовым лесе, дзе жывуць браты-зайчаняты, усё накрыта пухнатым асляпляльна белым дываном з маленькіх ажурных сняжынак. Але зайчанянам не холадна. Яны ўжо апрануліся ў цёплыя белыя кажушкі. Таму днём, калі свеціць сонейка, мама-зайчыха дазваляе ім трошкі пагуляць і паскакаць па скрыпучым снезе. А мароз – такі шкоднік, нават на сонцы хача ўшчыпнуць брацікаў за доўгія вушкі!      Толькі Пушок, самы маленькі зайчаня, увесь час сядзіць у заячай хатцы. Ён захварэў. У маляняці паднялася тэмпература, і разбалелася горлачка. Яму крыўдна і трошкі зайздросна, што яго браты выбягаюць на шпацыр у зімовы лес без яго.
     І таму зайчаня хныкае, скрывіўшы маленькі носік:
     – Я таксама вельмі хачу паскакаць па снезе!
     – Табе нельга, – строга гавора старэйшы брат. – Але паглядзець у акенца, як мы слепім Снегавіка, ты можаш!
     – Ура! – абрадаваўся Пушок і пабег да акна.
     А яго браты ўжо скачалі першы, вялікі снежны шар, затым другі – паменш, і, нарэшце, трэці – самы маленькі. Паставілі шары адзін на аднаго, і Снегавік гатовы! З носам з морквы, у старым фетравым капелюшы бабулі Савы. Яшчэ ўлетку яна выкінула капялюш з дупла. А зайчаняты паднялі яго з зямлі, атрэслі ад пылу і схавалі для будучага Снегавіка.
     – Ну як, добры наш Снегавік? – запыталіся зайчаняты ў малодшага брата.
     – Ага! Мне падабаецца! – усміхнуўся Пушок. Ён павесялеў, і яму захацелася памацаць гэты снежны цуд! Але мама-зайчыха ўсё яшчэ не дазволіла яму выйсці з хаты на халоднае паветра:
     – Паправішся, тады і пойдзеш гуляць разам з усімі. А цяпер лепш выпі мікстуру, - сказала яна.
     Прайшло некалькі марозных снежаньскіх дзён. Маленькае зайчаня паслухмяна лячыла хворае горлачка і неўзабаве зусім паздаравела. Цяпер ужо мама не змагла ўтрымаць свайго сыночка дома. І ён пабег да снежнага сябра знаёміцца.
     Некалькі дзён Пушок бегаў і скакаў побач са Снегавіком. А той быў вельмі рады, што яго так любяць. Снегавік усміхаўся і весяліўся разам з зайчанятамі. Аднак, вельмі хутка яму стала вельмі сумна. Бо, найграўшыся з ім, брацікі-зайчаняты зусім забыліся на свайго маўклівага сябра, зробленага са снега. Малым куды цікавей стала пагуляць у хованкі, у казакі-разбойнікі, у даганялкі і ў іншыя новыя гульні, чым бегаць вакол Снегавіка.
     А ён, бедны, з сумам апусціў уніз свой доўгі чырвоны нос, і нават капялюш на яго галаве панікнуў. Ніхто не падыходзіў да яго, ніхто не размаўляў з ім. Толькі Сава часам усаджвалася на галінку хвоі, побач з якой стаяў Снегавік, і задуменна паглядала на яго, не кажучы ні слова.
     Аднойчы ў сонечны марозны дзень напярэдадні Новага года да Снегавіка пад'ехалі лыжнікі. Гэта былі дзеці з суседскага мястэчка, яны выехалі на лыжны шпацыр. У іх пачаліся зімовыя канікулы, і таму з'явіўся час для прыемнага адпачынку на свежым паветры.
     – Снегавік! – здзівіўся Паўлік. – І адкуль ён тут узяўся? Хто яго зляпіў?
     – Не вядома. Гэта не наша работа, – пацвердзілі сябры.
     – Значыць, ён нічыйны. Хтосьці пакінуў яго ў лесе. Давайце заўтра возьмем дома санкі і адвязём Снегавіка да нас у мястэчка, на плошчу, дзе ўжо стаіць Навагодняя Ёлка! – прапанаваў хлопчык.
     – Правільна! Навошта Снегавіку без справы ў лесе стаяць, бо ён, здаецца, тут нікому не патрэбны, – пагадзіліся дзеці.
     На наступны дзень Снегавіка пагрузілі на вялікія санкі і адвезлі ў мястэчка. І вось ён задаволены і радасны ўжо стаіць побач з Навагодняй Ёлкай. Цяпер яму не прыйдзецца сумаваць, бо ў мястэчку шмат дзяцей. Бачыце! Маляняты з дзіцячага садка ўжо абкружылі Снегавіка, а Паўлік тлумачыць ім:
     – Гэтага Снегавіка мы знайшлі ў лесе. Не зразумела, хто яго зляпіў і паставіў на заснежанай паляне!
     – Цікава! – дзівіцца выхавальніца дзіцячага садка. – Але Снегавік не мог жа з'явіцца там сам па сабе, ніадкуль?
     А яе выхаванцы, дзеці з сярэдняй групы, ужо пра ўсё здагадаліся. Яны заўважылі, як з боку лесу да Навагодняй Ёлкі і Снегавіка падкраліся маленькія пухнатыя звераняты. Гэта былі нашы знаёмыя браты-зайчаняты. Мабыць, яны ўспомнілі аб сваім маўклівым Снегавіку і пачалі яго шукаць па слядах, якія засталіся на снезе. Лыжныя сляды і сляды ад санак прывялі іх у мястэчка, на плошчу, дзе ён і стаяў, такі вясёлы і радасны! Магчыма, зайчаняты нават не адразу пазналі яго. Снегавік стаў па-сапраўднаму шчаслівым у асяроддзі малянят!
     Дзеці, здалёк заўважыўшы зайчанят, гучна спыталі:
     – Гэта ваш Снегавік? Мы так і зразумелі. Заўтра ў нас тут будзе вялікае Навагодняе свята. Прыходзьце да нас на Ёлку!
     Брацікі-зайчаняты нясмела слухалі, растапырыўшы доўгія вушкі, як штосьці ім крычалі дзеці. Зразумелі яны ці не, пра што казалі дзеці, не вядома.
     Назаўтра Ёлка зазіхацела, закруцілася на дзіцячым Навагоднім свяце. Снегавік ззяў ад шчасця, бо яго таксама ўпрыгожылі рознакаляровымі гірляндамі і паветранымі шарыкамі. Увесь дзень дзеці не адыходзілі ад Ёлкі і Снегавіка, вадзілі вакол іх карагоды, спявалі песні і распавядалі вершы. А Дзед Мароз са Снягуркай дарылі ўсім падарункі. Апрача таго яшчэ адна дзіўная падзея адбылася на свеце. Пагаварыўшы з мамай-зайчыхай і растлумачыўшы ёй гісторыю свайго Снегавіка, брацікі-зайчаняты па яе дазволу зноў прыбеглі ў мястэчка і патрапілі на самы ўрачысты момант свята. Асмялеўшы, зайчаняты весяліліся і скакалі вакол Ёлкі і Снегавіка разам з дзецьмі! А потым Дзядуля Мароз, заўважыў даўгавухіх звяркоў, паклікаў іх да сябе і ўручыў ім гэтак жа, як і ўсім дзецям, навагоднія падарункі.
     Вось так цудоўна скончылася дзіцячае Навагодняе свята на плошчы мястэчка. Усю ноч, пакуль дзеці і дарослыя адпачывалі, Снегавік пра нешта шаптаўся з прыгажуняй Ёлкай. А раніцай на плошчу зноў прыйшлі дзеці. Такім чынам, для дзетак, якія прыйшлі сюды ўжо з мамамі і татамі, працягнулася навагодняе свята. Яшчэ шмат дзён Ёлка і Снегавік дарылі выдатны навагодні настрой усім жыхарам мястэчка. І зайчаняты, часам, вярталіся сюды, каб паглядзець на гэтую весялосць. Да іх нават прывыклі дзеці. Яны сталі назваць брацікаў-зайчанят сваімі сябрамі.
     
     Гэтая казка на рускай мове
10.07.14