Я буду камандзірам!
Максімка рос адважным і мэтанакіраваным хлопчыкам і ў школе вучыўся добра. Тое, што да іншых даходзіла насілу, ён разумеў вельмі хутка. Але быў у хлопчыка адзін грунтоўны недахоп. Яго няўважлівасць. Думаючы пра вельмі значныя для яго рэчы, Максімка забываў пра паўсядзённыя дробязі. Яму нічога не каштавала апрануць майку альбо світэр шыварат-навыварат, не завязаць шнурок чаравіка, не засцягнуць маланку рукзака і па дарозе ў школу страціць дзённік. Увогуле, “расцяпа”, ды і толькі!
Колькі разоў мама паўтарала яму:– Правярай, ці ўсе рэчы ў рукзаку, выходзячы з дома! Не раскідвай сшыткі і кніжкі па розных кутках пакоя. Не лянуйся наводзіць парадак на сваім стале і на паліцы з кнігамі, інакш потым страціш шмат часу на пошукі патрэбных рэчаў.
Але Максімка не прыслухoўваўся да слоў мамы. "У мяне і так усюды парадак!" – думаў ён пра сябе. А калі сын забываў у школе куртку або кеды, і мама вінаваціла свайго “разяву”, тата іншы раз заступаўся за яго:
– Нічога. Пойдзе ў армію, там усяму хутка навучыцца.
Максімка не баяўся арміі. Ён ведаў пра яе з аповедаў бацькі. Але цяпер хлопчык не думаў пра гэта. Ды і навошта. Да воінскай службы яму яшчэ далёка, а вакол столькі цікавага!
Увосень Максімка запісаўся ў камп’ютэрны кружок у Палац моладзі. І цяпер два разы ў тыдзень пасля ўрокаў ён бегаў праз парк на заняткі. Вось і сёння хлопчык прыйшоў дамоў, хуценька паабедаў і, схапіўшы канспект, паляцеў туды.
А ў парк ужо прыйшла сапраўдная вясна! Максімка бег па алеі са старых ліп і з захапленнем глядзеў на іх ярка-зялёную маладую лістоту. Зрэшты, у парку быў ідэальны парадак: трава падстрыжана, на кветніках пасаджаны прыгожыя кветкі, ды і смецця хлопчык нідзе не заўважыў.
Наперадзе ад яго рухалася калона людзей. Яны ішлі насустрач. Гэта была рота салдат. "Навабранцы!" – вырашыў Максімка. Так! Юнакі былі маладыя, амаль што старшакласнікі. Але хлопчык не мог не заўважыць, наколькі стройная і выразная была іх паходка, акуратная выпраўка – начышчаныя да бляску боты, гімнасцеркі зашпіленыя на ўсе гузікі і падперазаныя рамянямі з салдацкімі спражкамі.
Толькі цяпер Максімка прыгадаў маміны і татавы павучальныя словы і як бы паглядзеў на сябе з боку. Ён заўважыў, што адзін шнурок яго туфляў валачэцца па зямлі, гузікі кашулі і курткі расшпілены на рукавах. "Не! Я не хачу быць такім!" – засаромеўся хлопчык і хуценька прывёў сябе ў парадак. Затым ён бадзёра пакрочыў па ліпавай алеі, распрастаўшы свае плечы і весела ўхмыляючыся сам сабе.
А ліпы, быццам тыя ж бязвусыя салдаты, выстраіўшыся ў роўны рад, глядзелі на яго і, здавалася, аддавалі яму чэсць! Так! Яны бачылі ў ім ужо не радавога, а свайго камандзіра. І Максімка, паскорыўшы крок, каб не спазніцца на заняткі, думаў пра тое, што зараз ён сапраўды будзе вельмі-вельмі старацца, каб стаць сабраным і акуратным, калі для будучага камандзіра гэта так неабходна.
Гэтае апавяданне на рускай мове
9.07.14