Адважны Барсік
На дачы ў Машы пасялілася маленькае кацяня. Дзяўчынка палюбіла яго: карміла цёплым малачком, ласкава гладзіла па мяккай поўсці, прыгаворваючы:
– Мой мілы Барсік! Ты самы лепшы ў свеце коцік! Вось падрасцеш і тады прагоніш усіх надакучлівых Мышэй з нашай хаты.Тое, што яго клічуць Барсікам, коцік ўжо зразумеў. Дзесьці далёка, высока ў гарах, жыве вялікі дарослы снежны Барс. Маша казала, што ён, Барсік, вельмі падобны на маленькага сыночка дарослага Барса. Яна часта паўтарала, гледзячы ў вочкі коціка:
– Калі будзеш добра есці, вырасцеш спрытным і моцным, як сапраўдны снежны барс. І тады ніводная мыш не ўцячэ ад цябе!
Неўзабаве Барсік ужо лёгка заскокваў на канапу, а потым залазіў на падаконнік і глядзеў у акно. Там за акном дрэвы штосьці шапталі адно аднаму, шамоцячы зялёнымі лісцікамі. Гэта быў сад, дзе на яблынях спелі яблыкі, на грушах – грушы, на слівах – слівы, на вішнях – вішні.
Каля акна раслі высокія кусты з белымі кветкамі. Неяк у сонечны дзянёк яны павярнулі свае пухнатыя галоўкі да акна, у якое глядзеў Барсік, усміхнуліся і паклікалі яго ў сад. Коцік асцярожна саскочыў з акна, потым пралез праз маленькую шчылінку ў дзвярах і апынуўся там!
Як хораша ж было ў садзе! Матылькі лётаюць, аксамітавымі крылцамі махаюць, стракозы і пчолкі гудуць. На ганак ля самых дзвярэй прысела Птушачка. Прыг-скок, чык-чырык! Заўважыла Барсіка і імкліва паляцела ў неба.
І тады Барсік паглядзеў угару. А там неба – блакітнае, чыстае, светлае, летні ветрык такі свежы і прыемны! Ад радасці коцік падскочыў, яго вочкі сталі вясёлыя, гарэзлівыя. І толькі ён хацеў заскочыць у сад, як там штосьці гучна бухнулася на зямлю.
– Хтосьці зваліўся з неба, – здагадаўся Барсік. – Гэта тая маленькая Птушачка! – спалохаўся ён і пабег яе ратаваць.
Але ў садзе пад яблынямі Птушачкі не было. Замест яе на зямлі ляжаў чырвоны Яблычак. Ён падняў угару свой хвосцік так, як гэта робяць кацяняты, і ветліва ўсміхнуўся:
– Не бойся! Я не моцна стукнуўся. Ужо не баліць.
– А навошта ты зваліўся з неба? Табе там не падабаецца лётаць, як Птушачцы?
– Але я ж не Птушачка. Я – Яблычак. І ў мяне няма крылцаў, гэтак жа як і ў цябе.
– Значыць, і я ніколі не падымуся ў неба? – засмуціўся Барсік.
– Падымешся! Лезь на яблыньку. Я там вырас на самай верхняй галінцы і бачыў, як уначы ў небе запальваюцца зоркі.
– Зоркі? А якія яны?
– Гэта маленькія нябесныя агеньчыкі. Уначы яны міргаюць і свецяць, нібы жучкі-светлячкі.
І тут коцік пачуў голас Машы:
– Барсік! Ты куды ўцёк з хаты!
Так і не дагаварыўшы з Яблычкам пра зоркі, Барсік пабег да ганка хаты, дзе яго чакала дзяўчынка. А маленькі Званок на стужачцы, клапатліва завязанай банцікам на шыйцы коціка, ласкава пазвоньваў, як бы кажучы Машы:
– Не хвалюйся. Барсік ад цябе далёка не ўцячэ. Я пазваню, ты пачуеш і паклічаш яго.
Але дапытлівы коцік не жадаў вось так усё жыццё праседзець у хаце ці на руках у Машы. Вядома ж, аднойчы ён ізноў уцячэ з хаты, каб паглядзець на зоркі, аб якіх тлумачыў Яблычак. Цёмнай ноччу Барсік без страху ўзлезе па ствале яблыні на самую верхнюю галінку. І тады ён убачыць, што на небе і сапраўды гараць яркія агеньчыкі мільёнаў далёкіх зорак.
Напэўна, коцік пачуе іх галасы:
– Дабранач, Барсік! – праспяваюць яму зоркі. – Мы ведаем: ты вырасцеш моцным і бясстрашным, як снежны барс. Маша будзе ганарыцца табой, бо ты станеш абаронцам яе хаты. Усе мышы і нават пацукі будуць баяцца тваёй сілы і спрыту і стануць цурацца вашай хаты.
p.s. на фота работа майстрыхі Марыі Дацюк, Мінск
Гэтая казка на рускай мове
9.07.14