Залатая восень на школьным двары (казка)
Скончыліся ўрокі. Наспех запіхнуўшы ў заплечнікі сшыткі, кніжкі, ручкі і алоўкі, дзеці разбягаліся па хатах. А на школьным двары красавалася залатая Восень. Усё вакол было заліта сонечным святлом, і толькі халаднаваты ветрык, абдзімаючы дзіцячыя твары, нагадваў пра тое, што не за гарамі восеньская прахалода і дажджы.
На хаду зашпіляючы куртку, Валік бег да сваёй хаты. А чатырнаццатай гадзіне абяцалі прыйсці яго сябры – Мішка і Кірыл. Хлопчыкі вучыліся ў суседняй школе. Сёння ўсім ім яшчэ трэба будзе рабіць хатнія заданні, аднак зараз хлапчукам вельмі хочацца хоць трохі адпачыць ад вучобы.Ды вось і яны!
– Прывітанне! Што будзем рабіць?
– Як што? Пайшлі!
Толькі цяпер Валік заўважыў футбольны мяч у руках сяброў:
– Ура! Пагуляем трохі!
Хлопчык памятаў строгі наказ мамы ў шаснаццаць гадзін садзіцца за ўрокі. Аднак школьныя заплечнікі дзяцей ужо звалены ў кучу на лаўцы ў скверыку каля спартыўнай пляцоўкі, а зверху на іх ляглі дзіцячыя курткі і шапкі.
Надвор'е дзеля гульні выдалася цудоўнае! Суха, ні аблачыны на небе. Толькі шкада, што лета прайшло. Пакуль хлопчыкі гулялі, клён, які рос нападалёку ад спартыўнай пляцоўкі, скідаў і скідаў з сябе жоўтыя і барвовыя пяцівугольныя лісточкі. Яны плаўна апускаліся на зямлю прама ля ног дзяцей. Вось толькі ніхто з іх не заўважаў гэтую восеньскую прыгажосць.
Набегаўшыся ўдосталь, моцна прагаладаўшыся, падхапіўшы заплечнікі і курткі, хлопчыкі разбегліся па хатах. Лаўка апусцела, але не зусім. Набор каляровых алоўкаў у прыадчыненай скрыначцы, які выпаў аднекуль з рэчаў, так і застаўся ляжаць тут, чамусьці нікім з дзяцей не заўважаны. Сонейка не абышло ўвагай навостраныя каляровыя алоўкі і асвятліла іх так, што яны заззялі ад задавальнення!
– Так! – прамовіў Зялёны Аловак. – Мне тут падабаецца. Вакол столькі зялёнага колеру!
– І мне тут падабаецца! – пацвердзіў Жоўты Аловак. – Глядзіце, колькі лістоты афарбавана ў жоўты колер!
– І мне таксама вельмі падабаецца! – падхапіў Чырвоны Аловак.
Кожны каляровы аловак, які выглядваў з кардоннай скрыначкі, хутка знайшоў сваякоў у яркай разнастайнасці восеньскай прыроды. Весела абмяркоўваючы ўбачаныя прадметы, алоўкі не адразу звярнулі ўвагу на таго, хто падсеў да іх на лаўку, пастукваючы драўлянай палачкай аб зямлю.
– І хто ж гэтыя на вас тут забыўся? – спытаў доўгабароды сівы дзядок у смешнай чырвона-жоўта-зялёнай шапцы, падобнай на грыб.
– Валік забыўся, – асцярожна адказалі алоўкі. – А хто вы такі?
– Хто я? Я дзед Дабрадзед. Абыходжу паркі, бульвары, скверы, сады і, дзе заўважаю непарадак, падфарбоўваю. Бывае, што ліст, трава ці кветка не зусім адказваюць патрабаванням спадарыні Восені. Вось яна і папрасіла мяне дапамагчы ёй у афарбоўцы лістоты ў восеньскія колеры. Сёння я ўжо абышоў пяць паркаў і бульвараў, патраціў усе фарбы, якія браў з сабой. Але вось тут, у гэтым скверы, я яшчэ бачу восеньскі непарадак. А фарбаў няма. Можа быць вы мне дапаможаце ў маёй справе. Вы ж – алоўкі і ўмееце маляваць.
Алоўкі пераглянуліся. Вядома ж, ім вельмі захацелася паўдзельнічаць у такой добрай справе і яны тут жа згадзіліся. Тым больш, што на час "восеньскай працы" дзед Дабрадзед зрабіў іх грыфелі чароўнымі! Зараз яны маглі размалёўваць лісце, кветкі, траву і нават неба ў дзіўныя прыгожыя і жывыя восеньскія колеры!
Усім знайшлася работа: Жоўтаму, Чырвонаму, Бардоваму, Зялёнаму, Аранжаваму алоўкам. Карычневы і Чорны алоўкі падпраўлялі дрэнна афарбаваныя месцы на ствалах дрэваў і кустоў, а сіні і блакітны – дакрануліся да неба, каб трохі падфарбаваць і яго. Дзве гадзіны працы – і сквер ля хаты Валіка яшчэ больш заблішчэў яркімі і вясёлымі фарбамі!
– Вось і добра! Цяпер і тут поўны парадак, – сказаў дзед Дабрадзед. – Я рады. І людзям, упэўнены, будзе прыемна глядзець на такую восеньскую прыгажосць. Дзякуй вам, алоўкі!
– Выбачайце, мне трэба ісці. Але я не пакіну вас тут, а аднясу Валянціну. Вы ж мне падкажаце, дзе ён жыве?
Дзед Дабрадзед узяў скрынку з каляровымі алоўкамі і, пастукваючы сваёй палкай, пайшоў у двор Валькінай хаты. Толькі не паспеў ён падысці да пад'езда, як убачыў хлопчыка. Валік, паабедаўшы і сеўшы рабіць урокі, заўважыў згубу ў сваім заплечніку і пабег яе шукаць. Сёння яму трэба было зрабіць хатняе заданне да ўроку малявання – намаляваць Восень. А калі незнаёмы дзядуля ля пад'езда вярнуў яму скрынку з алоўкамі, хлопчык узрадаваўся і адразу супакоіўся.
У хаце, разгарнуўшы сшытак па маляванню, Валік дастаў алоўкі і паклаў іх на стол. "Яны такія розныя па колеру. Якім жа з іх маляваць Восень?" – думаў хлопчык.
Невядома, змог бы ён правільна адлюстраваць на лісце паперы фарбы восені, калі б самі алоўкі не прыйшлі яму на дапамогу. Варта было хлопчыку ўзяць у руку адзін з іх, як на малюнку з'яўляліся выразныя і вельмі яркія прыметы Восені: дрэвы, з якіх аблятала жоўтае і барвовае лісце, бэзавыя, жоўтыя, барвовыя колеры хрызантэм, пунсовыя гронкі рабін.
Хлопчык паглядзеў на свой малюнак і застаўся задаволены ім.
А назаўтра Валік раней выйшаў з хаты, каб не спяшаючыся прайсціся праз сквер да школы і палюбавацца на сапраўдныя, жывыя і такія вясёлыя фарбы залатой Восені.
Гэтая казка на рускай мове
8.07.14