Чароўныя агеньчыкі Паўночнага ззяння - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Чароўныя агеньчыкі Паўночнага ззяння
Чароўныя агеньчыкі Паўночнага ззяння
На далёкай Поўначы ў тайговым лесе настала сапраўдная марозная зіма. Усе дрэвы апрануліся ў белыя футры, і зямлю ўкрыў тоўсты пухнаты дыван з перламутравых сняжынак. Лес стаў цудоўным – святочным і светлым! Але амаль усе лясныя жыхары схаваліся ў сваіх хатках, уладкаваных на дрэвах ці пад снегам на зямлі. І хоць там цёмна і нязручна, нікому з маленькіх жыхароў тайгі не хочацца выглядваць на белы свет. Чаму? Таму што гэты шкоднік Мароз балюча шчыпаецца за вушкі і насы і нават можа адмарозіць лапкі!      – Мамачка! Мне сумна! Хочацца пагуляць у лесе! – хныкае ў хатцы на высокай елцы ваверчаня Цёпка, гледзячы на сваю маму, якая штосьці спрытна вяжа на тонкіх драўляных спіцах.
     – Сумна! – згаджаецца з ім Вавёрачка. – Але табе прыйдзецца пацярпець. Цяпер у лесе холадна, а тут, у нашай хатцы з яловых галінак і тоўстага моху, цёпла. Ад моцнага ветру нас абараняе лес. А ведаеш, на свеце ёсць такі край, дзе не растуць дрэвы. Узімку там дзьме вельмі моцны і халодны вецер. Яго не баяцца толькі тыя звяры і птушкі, у якіх ёсць вельмі цёплыя кажушкі. Я чула, што ў тым краі жывуць паўночныя алені, ваўкі, лісы і пясцы, палярныя совы і курапаткі.
     – Мамачка! А дзе такі край?
     – Гэтае месца на зямлі завецца тундрай. Яно размешчана на Поўначы, амаль каля самага Паўночнага Ледавітага акіяна. Калі хочаш, я раскажу табе гісторыю пра незвычайнае аленяня, якое калісьці жыло ў тундры?
     – Вельмі хачу!
     – Тады слухай!
     І Вавёрачка пачала свой аповед:
     – У маленькага аленяняці Гука было шмат сваякоў, гэткая вялікая сям'я аленяў: мама, тата, бабулі, дзядулі, дзядзькі і цёткі. Яны жылі вельмі дружна і заўсёды прыходзілі на дапамогу адзін аднаму. Але алені не зімуюць на дрэвах, як мы. Калі алені дзікія, і іх не прыручыў чалавек, то ў іх наогул няма хаты. Усё жыццё яны ходзяць па зямлі, начуюць, дзе прыйдзецца – у лесе ці на полі, і шукаюць сабе ежу. Аднойчы такая вялікая сям'я аленяў сустракала зіму ў халоднай тундры. Не бойся, сыночак, аленям там не холадна, бо ў іх вельмі цёплая шэрсць. Апрача таго яны ядуць усё тое, што знаходзяць на зямлі пад тоўстым пластом снегу – свежы мох і лішайнікі. Часам, алені сыходзяць яшчэ далей на Поўнач, бліжэй да акіяна, туды, дзе ў небе часта ўспыхвае Паўночнае ззянне. Там яно знаходзіцца зусім побач!
     Усе ведаюць, што Паўночнае ззянне валодае вялікай чароўнай сілай, – працягвала Вавёрачка свой аповед. – Калі да яго падысці зусім блізка, так, каб яно пачула твой голас, то можна папрасіць выканаць якое-небудзь запаветнае жаданне. Паўночнае ззянне абавязкова яго выканае. Аднойчы Гук так і зрабіў. Яму было вельмі цікава даведацца, з чаго зроблена Паўночнае ззянне. І ён папрасіў яго падарыць яму некалькі перламутравых агеньчыкаў. Паўночнае ззянне тут жа паслала аленяняці свае чароўныя агеньчыкі. Яны падляцелі да малога і асвятлілі яго з усіх бакоў.
     Здарыўся цуд! У цемры палярнай ночы Гук заблішчаў, нібы бенгальскі агеньчык! Алені ўбачылі зіхатлівага малога і страшна спалохаліся!
     – Навошта ты зрабіў гэта? – казалі яны яму. – Ты яшчэ малы і не разумееш, што цябе такога тут жа ўбачаць ваўкі і могуць з'есці!
     – Так, так! – плакала мама аленяня. – Зараз майго сыночка можа заўважыць любы воўк, нават той, які дрэнна бачыць!
     – Тады давайце як-небудзь знімем з яго гэтае яркае свячэнне! – вырашылі алені.
     Яны абкружылі малога з усіх бакоў і пачалі церціся сваімі галовамі аб яго яскравыя бакі. І тут жа яркія агеньчыкі пабеглі па аленевых галовах, ператвараючыся на хаду ў дзівосныя вельмі прыгожыя раскідзістыя рогі. А трэба сказаць, што датуль усе алені былі бязрогія. І толькі Паўночнае ззянне змагло падарыць ім такія шыкоўныя рогі.
     – Мамачка! А Гук стаў таксама з рагамі? – запытаўся Цёпка.
     – На яго галоўцы застаўся апошні зіхатлівы праменьчык. Ён не паспеў саскочыць і таксама ператварыўся ў рогі. Але не адразу, а пазней. Праменьчык доўга свяціўся, пакуль на галоўцы аленяняці не з'явіліся маленькія перламутравыя рожкі.
     Дарослыя алені спачатку вельмі хацелі пазбавіцца ад нязручных галінастых рагоў, зробленых з агеньчыкаў Паўночнага ззяння. Яны церліся імі аб зямлю і дрэвы, але рогі не жадалі спадаць, бо яны чароўныя, а чараўніцтва Паўночнага ззяння немагчыма адмяніць! Паступова алені прывыклі насіць гэтыя вялікія рогі на сваіх галовах. Але пасля таго выпадку з маленькім Гукам ужо ніхто не адважваўся штосьці прасіць у Паўночнага ззяння. Усе баяліся чараўніцтва, ад якога потым ніяк нельга будзе пазбавіцца, калі раптам яно табе не спадабаецца.
     Мама Вавёрачка скончыла свой аповед. Яе сыночак ціха сядзеў у куце хаткі і задуменна паглядаў на свой пухнаты хвосцік.
     – А я змагу ўбачыць Паўночнае ззянне, хоць бы здалёку? – спытаў Цёпка.
     – Вядома, можаш. Толькі трохі пачакай. Я давяжу табе цёплыя шкарпэткі, і тады ты памалу забярэшся на верхавіну нашай елкі. І калі табе пашанцуе, то ўбачыш, як на небе ўспыхваюць чароўныя агеньчыкі Паўночнага ззяння.
     Мама Вавёрачка вязала, а яе сынок цярпліва чакаў. Калі праца была скончана, ён надзеў на свае лапкі цёплыя шкарпэткі і выбраўся з дупла на белы свет. Асцярожна ўскарабкаўся на самы верх высокай старой елкі і паглядзеў на поўнач. На цёмным небе, абсыпаным яркімі кропачкамі зорак, Цёпка амаль адразу ж заўважыў незвычайнае свячэнне. Яно ўспыхвала перламутравымі агеньчыкамі, і здавалася, што дзесьці далёка-далёка на небе яго запальвае сапраўдны чараўнік!
     
     Гэтая казка на рускай мове
7.07.14