Маленькая Жамчужынка (чытае Ліка Пташук)
У самай сапраўднай казачнай краіне, там, дзе спяваюць райскія птушкі, і цвітуць дзіўныя па прыгажосці кветкі, жыла маленькая дзяўчынка. Яна была велічынёй з мезенец. Жыхары казачнай краіны празвалі дзяўчынку Жамчужынкай. І нездарма. Уся яна была далікатная і яскравая, быццам ранішняя расінка. А яе тонкая сукеначка зіхацела на сонцы, нібы маленькая перламутравая жамчужынка.
Дзяўчынка жыла ў хатцы, дах якой быў зроблены з галінак і шышак. Дзверцы хаткі былі майстэрскі сплецены з тоненькай саломкі, ручкі дзверцаў упрыгожвалі вяночкі з пялёсткаў. Хатка стаяла ў садзе, дзе раслі самыя маленькія ў свеце вішанькі, грушы і яблынькі. Кожны год вясною дрэвы расквіталі малюсенькімі беласнежнымі кветачкамі. А ўвосень яны адорвалі гаспадыню сваімі пладамі: вішнямі, грушамі і яблычкамі, якія былі настолькі смачныя, што проста раставалі ў роце.Матылькі, Стракозы і Птушачкі сябравалі з Жамчужынкай і вельмі яе любілі. Яны былі ўдзячныя маленькай дзяўчынцы за тое, што яна ніколі не адмаўляла ім у дапамозе. Жамчужынка лячыла і склейвала іх хворыя крылцы, гатавала мікстуру для птушачак, калі ў кагосьці балела горлачка, і нічога ні для каго не шкадавала. Увосень дзяўчынка частавала ўсіх пладамі са свайго саду і заўсёды ўмела прыгатаваць што-небудзь смачнае для сваіх сяброў.
Нечакана прыйшла бяда. Малая захварэла сама. Яна ляжала ў маленькім ложачку на матраціку з мяккай зялёнай траўкі і не магла вымавіць ніводнага слова, таму што ў яе вельмі моцна разбалелася горлачка.
На наступны дзень Матылькі лёталі каля хаткі Жамчужынкі. Яны адчулі нядобрае, калі ўбачылі ў акенца, што дзяўчынка дагэтуль яшчэ не ўстала з ложка і не надзела сваю сукеначку. “Наша Жамчужынка захварэла!” – здагадаліся Матылькі і паляцелі да Пчолак за дапамогай.
Добрыя Пчолкі не пашкадавалі цэлы гарлачык мёду на лячэнне Жамчужынкі. Увесь тыдзень Матылькі, Стракозы і Птушачкі лячылі сваю сяброўку. А бабуля Мурашка з унучкай Мурашачкай прыбіралі ў яе хаце, мылі посуд і перасцілалі ложак Жамчужынкі.
Неўзабаве малая паправілася. І тады яе лясныя сябры арганізавалі вясёлае свята, бо у казачных краінах таксама вельмі любяць весяліцца, танчыць і спяваць! Перад святам Матылькі, Стракозы, Мошкі, Мурашкі і Птушачкі пачысцілі свае сукеначкі, каб быць прыгожымі. Але ж, усё роўна, прыгажэй за ўсіх выглядала маленькая Жамчужынка! Яна паздаравела і была вельмі ўдзячная сябрам за дапамогу.
Вось якая цудоўная краіна ёсць на свеце! Хоць яна і казачная, але сябраваць у ёй могуць па-сапраўднаму, ды так, каб не кідаць сябра у бядзе і дапамагаць яму ў цяжкую хвіліну.
Гэтая казка на рускай мове
6.07.14