Самотны Бегемот (чытае Ліка Пташук)
У гарачай Афрыцы на беразе возера пасяліўся Бегемот. Возера было зусім не глыбокае, так што гэты велізарны па памерах звер мог спакойна залазіць у яго, не баючыся патануць. А ныраць у ваду Бегемот вельмі любіў. Шчыльна прыціснуўшы вушы да галавы і зачыніўшы ноздры, каб у іх не патрапіла вада, ён апускаўся ў возера. Бегемот высоўваў з яго свой вялікі нос толькі для таго, каб выпусціць фантанчык пырсак і ўдыхнуць паветра. Кажуць, так робяць кіты, якія жывуць у морах і акіянах. Але Бегемот ніколі не бываў там і таму не сустракаўся з кітамі. Гарачая Афрыка была яго родным домам. А ён, такі непаваротлівы і нязграбны, нават не марыў пра далёкія вандраванні. Вось толькі спякота яму таксама не падабалася. З раніцы да вечара Бегемот сядзеў у вадзе, вылазячы на бераг толькі дзеля таго, каб паласавацца смачнай травой.
Аднак, што за жыццё, калі ты днямі сядзіш у вадзе ці ясі смачную траўку. І Бегемоту гэтыя заняткі неўзабаве надакучылі. Яму захацелася з кім-небудзь пагаварыць, распавесці пра сваё жыццё-быццё. Такі грозны з выгляду, Бегемот быў вельмі добрым у душы. На жаль, у яго не было сяброў. Усе, хто жылі на беразе возера, пабойваліся незразумелага звера, які хаваўся ў вадзе. Апрача таго у Бегемота быў велізарны рот з вострымі ікламі, дый рыкаў ён так грозна, што пужаў усю акругу.Аднойчы яму пашанцавала. На луг, дзе пасвіўся Бегемот, прыляцеў маленькі Матылёк нябачанай прыгажосці. Ён прысеў на кветку, расчыніў цудоўныя аксамітавыя крылцы і здзіўлена прашаптаў:
– Ой, які ты велізарны! А якія ў цябе вялікія вочы, а які рот, а якія іклы! Ты, відаць, вельмі моцны і змог бы абараніць мяне ад ворагаў!
– Вядома! Я ўсё магу! Мяне ўсе баяцца! – важна адказаў Бегемот.
Але потым дадаў:
– Вось таму ў мяне і няма сяброў, – і яго велізарны рот раптам скрывіўся ад гора, а з вачэй пакаціліся кропелькі слёз.
– Не журыся, Бегемоцік! Я цябе ні кропелькі не баюся. Хочаш, я стану тваім сябрам? – паспяшаўся яго супакоіць добры Матылёк.
– Вядома, хачу!
– Тады давай гуляць! – Матылёк пырхнуў з кветкі і сеў на галаву Бегемота.
– Ага! – абрадаваўся Бегемот. – Пайшлі купацца! Я пакажу табе сваё возера!
– Не, я не ўмею плаваць! – спалохаўся Матылёк.
– Затое я ўмею. А ты пасядзіш на мне і паглядзіш на ваду, – параіў Бегемот.
Ён быў вельмі шчаслівы, што цяпер у яго ёсць сапраўдны сябар – чароўны Матылёк! І ад радасці Бегемот зароў на ўсю акругу:
– Р-р-р-р-р-р!
Грозны, занадта гучны роў разляцеўся ва ўсе бакі па беразе возера. І яго пачула Мартышка. Яна саскочыла з пальмы і кінулася да возера, каб паглядзець, што ж там здарылася з Бегемотам. А калі ўбачыла гэтае страшыдла з Матыльком на галаве, то гучна засмяялася:
– Глядзіце! Наш Бегемот сябруе з Матыльком! Ён нават купаецца разам з ім! Як смешна! – паказвала яна на вялікую галаву, якая тырчала з вады.
А тым часам да возера, учуўшы роў Бегемота і Мартышчын крык, ужо спяшаліся ружовы Папугай і паласатая Зебра. Разабраўшыся са становішчам, мудрая Зебра сказала:
– Што ж тут смешнага? Мы баімся Бегемота, а Матылёк – не. Ён пасябраваў з ім, бачыце! Значыць, Бегемот не такі злосны і грозны, якім здаецца з выгляду. Ён жа не крыўдзіць далікатнага малога Матылька!
– Так-так-так! – пацвердзіў Папугай, ківаючы вострай дзюбай і распушыўшы чырвоненькі чубок на галоўцы.
Адважыўшыся, Мартышка, Папугай і Зебра падышлі бліжэй да вады. І тады Матылёк заўважыў іх.
– Давай будзем з імі сябраваць, яны добрыя, я ведаю! – сказаў ён Бегемоту.
Вось так у самотнага Бегемота з'явіліся адразу чатыры сябры: прыгажун Матылёк, вясёлая Мартышка, ружовы Папугай і паласатая Зебра. Маленькі, але вельмі разумны і адважны Матылёк здружыў усіх, хто жыў на беразе возера, з самотным Бегемотам. Матылёк першы зразумеў – Бегемот грозны толькі з выгляду, а душа ў яго добрая і чулая.
Гэтая казка на рускай мове
30.06.14
