Паласаты Пых - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Паласаты Пых
Паласаты Пых
У вялікай сям'і сланоў нарадзілася сланяня. Назвалі яго Пых. Спачатку малы быў настолькі слабы, што ледзь станавіўся на ножкі. Але паступова Пых падужэў і пачаў добра хадзіць.      Дарослыя сланы: мама, тата, дзядзька і цётка, як маглі, засцерагалі сваё дзіця. Яны заўсёды былі побач і сачылі за тым, каб ніхто чужы не змог яго пакрыўдзіць.
     А Пых рос вельмі дапытлівым. Яму хацелася ўцячы ад сваякоў далёка-далёка і разгледзець усё цікавае, што толькі ёсць на свеце.
     Неяк, калі мама з татам і дзядзька з цёткай яшчэ спалі, Пых уцёк у лес. Там ён убачыў, як на вялікай паляне зебры гуляюць у футбол з даўгавухімі асламі.
     Сланяняці захацелася стаць падобным на паласатых зебраў. Тады яно таксама змагло бы пагуляць у футбол разам з імі. Пых успомніў, што яшчэ ўвесну мама з татам падарылі яму акварэльныя фарбы. Ён пабег дахаты і размаляваў сваю спінку каляровымі палоскамі.
     Цяпер, калі сланяня стала такім жа паласатым, як і зебры, яно з задавальненнем было прынята ў іх каманду, каб разам перамагчы ўпартых аслоў. Найграўшыся ўдосталь, Пых вярнуўся да мамы з татам.
     Але бацькі не пазналі яго.
     – Гэта не наш малыш, – сказала мама. – Гэта нейкі дзіўны паласаты звер!
     – Я – ваш сын! Я – Пых! – сцвярджаў малыш. Вось толькі ніхто не верыў яму.
     Так бы і застаўся Пых назаўжды "дзіўнай паласатай зебрай", калі б ні цёплы дожджык, які ўраз змыў з яго ўсе акварэльныя фарбы!
     
     Гэтая казка на рускай мове
29.06.14