Як курачка Рабушка сваёй гаспадыньцы дапамагла (чытае Ліка Пташук)
Неяк у канцы лета ў пагодлівы сонечны дзянёк ішла курачка Рабушка па дарозе за сяло і жаласна так кудахтала:
− Куд-куды! Гора мне, гора! Гаспадынька захварэла, не можа мяне, сваю курачку, накарміць, вадзіцай напаіць. Што ж мне рабіць, як гаспадыньку вылечыць? Хто б падказаў, параду даў?Ідзе Рабушка галодная, зярняткі на дарозе шукае. А раптам хто ўпусціў, калі ўраджай пшаніцы з поля вёз. Але няма нідзе нават зярнятка, адны каменьчыкі ды пясчынкі на дарозе ляжаць. Так і дайшла Рабушка да самага поля, але і там толькі адна пустая салома без пшанічных каласоў на дарозе ляжыць.
− Ой, гора маё! − ізноў загаласіла курачка і паглядзела ўгару на Сонца. − Падкажы, мілае, што рабіць, як маю гаспадыньку вылечыць? − просіць.
− Збяры залацістыя саломінкі, што на зямлі ляжаць, − Сонца адказвае. − Ты ж разумніца! Складзі з іх абразок, падобны на мяне, а я яму свой Праменьчык падару. Гэты Праменьчык не просты, а чарадзейны! Ён шчасце і здароўе ў хату тваёй гаспадыні прынясе.
Узрадавалася Рабушка. Наскубла саломінак і маленькае Сонейка з іх спляла. А калі ў самую сярэдзінку яе саламянага тварэння заскочыў чарадзейны сонечны Праменьчык, курачка сваё цудоўнае Сонейка ў хату панесла і на акенца, каля ложка гаспадыні, паставіла.
Асвятліў сонечны Праменьчык хату, і пасяліліся ў ёй здароўе і шчасце. Паглядзела гаспадынька на падарунак Рабушкі, усміхнулася, паднялася з ложка і адчула, што трохі лягчэй ёй стала. Паволі пайшла ў куратнік, галоднай курачцы зярнят у кармушку насыпала і свежай вадзіцы ў місачку наліла. Пагладзіла сваю ўлюбёнку па рабых пярынках і ласкава прамовіла:
− Дзякуй табе, Рабушка, што дапамагла мне − абярэг ад гора і няшчасця ў нашу хату прынесла!
А стары Самавар, што пад павеццю ля куратніка стаяў, слухаў, як гаспадыня хваліць курачку. І яму захацелася чымсьці дапамагчы хворай гаспадыні. "А што, − падумаў Самавар, − калі я напаю яе гарачым духмяным чаем?" Вось толькі, калі ён паспрабаваў ссунуцца з месца і павярнуўся на бок, усярэдзіне яго штосьці непрыемна зарыпала і затрашчала. "Не, − з гаркотай у сэрцы вырашыў медны Самавар, − відаць я ўжо адслужыў свой век". І ён сумна апусціў уніз закурадымлены носік.
Аднак чарадзейны Праменьчык, той, што пасяліўся ў саламяным Сонейку, тут жа прыйшоў да яго на дапамогу. Асвятліў Праменьчык Самавар і падарыў яму часцінку свайго добрага чараўніцтва. І ў тое ж імгненне стары Самавар адчуў, быццам сіла ў ім пасялілася вялікая! Паднатужыўся ён і сам на драўляны стол, што стаяў пасярод двара, заскочыў. Потым зазваніў, быццам сапраўдны звон, чыстым медным звонам, падклікаў да сябе гаспадыню і ласкава загадаў:
− Калі ласка, трохі адшаруй мае бакі ад старой сажы, налі ўнутр мяне халоднай чыстай вадзіцы з калодзежа, падпалі вугольчыкі. Я засвішчу, забуркачу, забурлю і бадзёрую песеньку спяю. А калі вада закіпіць, падару табе чарадзейны чайны напой. Ён духмяны, смачны, але галоўнае − гаючы. Усе твае хворасці адолее, бадзёрасць і радасць у хату прынясе!
Гаспадыня хутка скеміла, пра што звоніць-гаворыць ёй стары Самавар. Усё, аб чым ён папрасіў, зрабіла. А калі адчышчаны і памаладзелы Самавар закіпеў і песеньку сваю заспяваў, яна размаляваныя фарфоравыя кубачкі поруч яго ножак на стол паставіла. Затым заварыла ў заварачным фаянсавым чайніку духмяны чай з лячэбнай травы, у шкляную вазачку мядовыя пернікі паклала і суседак чаяваць паклікала.
А тыя, такія ж, як яна, бабулькі старыя, крэкчуць, за стол з самаварам усаджваюцца.
− Нічога, − суцяшае іх гаспадыня, − вось пап'яце чаю са старадаўняга Самавара, і здароўе ў вас абавязкова дадасца. Будзем мы яшчэ з вамі песні спяваць і карагоды вадзіць!
П'юць бабулькі духмяны чай, пернікамі ласуюцца, гаспадыньку нахвальваюць, за пачастунак дзякуюць, усміхаюцца. А курачка ходзіць па двары, залацістыя пярынкі на крылцах выпроствае. Задаволена яна, што ўсё так добра атрымалася. На Сонца ў небе Рабушка паглядае і сваім "куд-куды" за ўсё яму дзякуе.
Гэтая казка на рускай мове
26.06.14