
Чароўны абярэг (казка)
Ты мой адзіны светач,
Ты майго сэрца дом.
Хай нібы сонца ззяе
Наша с табой любоў.
Песня
Ля берага ракі ў цені ясеняў і рабiн стаяла хата. Жыла ў ёй дзяўчына. Імя ў яе было светлае і ласкавае – Алёна. Усякі малады чалавек, хто хоць раз паглядзеў у яе блакітныя вочы, назаўжды зачароўваўся іх прыгажосцю і гатовы быў навекі падарыць ёй сваё каханне. Яна ж нікога з іх ніколі не змагла б пакахаць, таму што была закаханая ў Івана, цудоўнага светлавалосага хлопца, які жыў разам з маці ў хаце каля лесу. Толькі вось сам Іван нічога не ведаў пра тое, бо ганарлівая дзяўчына саромелася прызнацца яму ў каханні. Яна бачыла і разумела, што зусім іншая радасць жыве ў сэрцы хлопца. Гэтая радасць палоніць і вядзе яго, забіраючы сабе ўсе думкі і пачуцці. Яе імя – азарэнне. Калі яно прыходзіць, Ваня сам не ў сабе і працуе цэлымі днямі напралёт. І тады неўзабаве ў яго хаце і ў двары з'яўляюцца цудоўныя творы. Яны, як жывыя, гэтыя выразаныя з дрэва казачныя істоты! Вы толькі паглядзіце на іх: вось мядзведзь і ліса, бусел і журавель, заяц і вожык. А сонца вы бачылі? Яно, як сучаснае, асвятляе яркімі прамянямі ўваход у Ваніну хату. І не зразумела, з чаго і як хлопец змог зрабіць такі цуд!
Толькі што рабіць Алёнцы са сваім каханнем? Ён яе, закаханую ў яго дзяўчыну, зусім не заўважае! Так і жыла Алёна з неўзаемным каханнем у сэрцы.
– Не плач, мілая! – супакойвала яе мацi Ванi. – Пачакай, ён адумаецца, і цябе, прыгажуню, абавязкова заўважыць. Ён зразумее, што ты – яго сапраўднае шчасце.
Але атрымалася зусім наадварот. У Ваніну хату нечакана зазірнула бяда. Аднойчы пайшоў хлопец у лес за дрэвам для сваіх твораў і не вярнуўся. Матуля з Алёнкай шукалі яго ўсюды, хадзілі, клікалі, слязьмі заліваліся, але так і не знайшлі. Людзі пагаворвалі, што Івана зачаравалі лясныя духі і адвялі назаўжды ў свае ўладанні.
Гаравала маці Iвана разам з Алёнай, не ведаючы, як жа адабраць хлопца ў чарадзейнай сілы лесу, пакуль не прысніўся старой сон. "Хай Алёна, – сказаў ёй хтосьці ў сне, – сатчэ льняны ручнік, абатрэ ім свой тварык, а потым пусціць па ветры. Ведайце, што толькі яе вялікае каханне зможа вызваліць ад чар Івана".
Раніцай прыйшла мацi да Алёны і распавяла ёй свой сон. Пачула гэта дзяўчына, і адразу ў яе хаце стала святлей, а на душы – радасней. За дзень саткала дзяўчына цудоўны льняны ручнік: тонкі і мяккі быццам пярынка, нябеснага колеру, ахінуты цяплом яе добрых рук. Умыла яна свой тварык ключавой вадою і ручніком выцерла, а потым пацалавала яго і адпусціла па ветры, сказаўшы ўслед такія словы:
– Ляці ў цёмны лясны гушчар, адшукай там майго любага Ваню, вызвалі яго ад чар лясных духаў і пакажы дарогу дахаты, да матулi і да мяне!
Паляцеў Алёнчын ручнік прама да лесу і знік у яго цёмным царстве. А Алёна, заўважыўшы, што за ручніком па ветры цягнецца светлавая дарожка, тут жа пабегла ўслед, ніколькі не спалохаўшыся, што сустрэне ў лясным гушчары чарадзейныя духі. Гарачае каханне ў сэрцы дзяўчыны не давала супакоіцца і казала: " Ідзі туды, дзе ён, ратуй свайго каханага!"
Вось бяжыць Алёна па следзе ручніка, а цёмны і страшны лясны гушчар рыпае галінамі, гудзе і трывожыць яе душу, старыя дрэвы сухімі галінамі колюцца. "Куды ты ідзеш? – бурчаць яны. – Усё роўна не аддадзім табе Івана!" А Алёна і не думае слухаць іх, яна бяжыць наперад, насустрач да любага.
Нечакана ручнік спыніўся, быццам застыў у паветры. Дзяўчына ўбачыла, што ўжо няма той светлавой дарожкі, яна абарвалася і знікла! Далей, у гэтым зачараваным лесе, пачыналіся галоўныя ўладанні лясных духаў, і пранікаць у іх маглі толькі жыхары лесу. Паглядзеў лес на няпрошаных гасцей, зашумеў, загудзеў яшчэ больш, яшчэ мацней і пагрозлівей! А ветлівыя птушкі зляцелі з галінак, падхапілі ручнік за краёчкі і панеслі яго туды, дзе працаваў Ваня. Узяў хлопец ручнік у рукі і выцер ім пот з ілба. І адразу ў яго вачах з'явілася яркае святло, быццам цёмная дурманлівая заслона зляцела, бо працаваў ён тут дзень і ноч напралёт без сну і ежы, забыўшыся пра ўсё на свеце, зачараваны сілай ляснога дурману. Успомніў Iван сваю матулю і хату, а, зірнуўшы на Алёну, залюбаваўся яе прыгажосцю і добрым ласкавым позіркам. Узяла дзяўчына яго за руку і вывела з цёмнага лесу на белы свет…
Неўзабаве маладыя згулялі вяселле, і шчасцем напоўніліся хаты: адна – каля лесу, а другая – каля ракі. Але цяга да творчасці не пакінула Івана. Наадварот, яна ўвайшла ў сэрца і яго сяброўкі. Аднак цяпер яны ўжо імкнуцца быць уважлівымі і не аддаваць сябе ў рабства чарадзейным духам лесу. У іх жыццё прыйшлі іншыя вялікія радасці –узаемнага кахання і сямейнага шчасця.
А што ж стала з тым самым ручніком, які так дапамог Алёнцы і Івану ў цяжкую хвіліну жыцця? Ён, гэты ручнік, цяпер заўсёды вісіць у іх хаце каля абразоў, як галоўны абярэг і захавальнік сямейнага шчасця.
p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
Гэтая казка на рускай мове
24.06.14