Лясны будзільнік (чытае Ліка Пташук)
Прыйшла вясна. Ажыў ВЯСНОВЫ ЛЕС. Наступныя казкі прысвячаюцца яму.
Ты, мой маленькі сябар, пэўна ведаеш, што такое будзільнік. Гэта гадзіннік, які звініць і будзіць у патрэбны час тваю маму, а можа і цябе. А ці ведаеш ты, хто будзіць раніцай звяроў у лесе? Я раскажу табе пра лясны будзільнік. Світала. На ўзлессі паказаліся першыя прамяні сонца. Яны былі зусім слабенькія і насілу прабіваліся скрозь дрэвы. Вось ад прамянёў адарваліся маленькія праменьчыкі, Сонечныя Зайчыкі, і паскакалі па лесе. Адзін Сонечны Зайчык заскочыў у норку да сапраўднага ляснога шэрага Зайчыка і прысеў на яго нос. Зайка зажмурыўся, расплюшчыў вочы, пацягнуўся. Другі праменьчык скокнуў у норку да Вожыка, трэці – у норку да Мышкі, чацвёрты – у дупло да Вавёрачкі. Такім чынам Сонечныя Зайчыкі абудзілі ўсіх звяроў у лесе. Вылезлі сонныя звяркі са сваіх норак і сказалі адзін аднаму: "Добрай раніцы!" А раніца сапраўды была добрая і цёплая, таму што неба было яснае блакітнае, а Сонейка свяціла далікатна і ласкава.
А куды ж потым дзеліся Сонечныя Зайчыкі? Яны пазбіраліся ўсе разам і ператварыліся ў суцэльнае сонечнае святло, якое паступова асвятліла ўвесь лес.
Настаў новы дзень.
Гэтая казка на рускай мове
22.06.14