Татава праца (чытае Ліка Пташук)
На вуліцы ўжо зусім сцямнела, калі Алесь з мамай выйшлі за брамку дзіцячага садка. Пад нагамі шалясцелі вялікія жоўтыя і чырвоныя лісты клёна і маленькія лісточкі таполі, дзе-нідзе валяліся галінкі, сарваныя з дрэў парывамі моцнага ветру. Алесь падкідваў іх носікамі сваіх красовак і хітра пазіраў на маму. Ён ведаў, сёння не яна, а тата будзе чытаць яму перад сном кнігу "Нязнайка на Месяцы". Вядома, ён любіў, калі мама чытала яму гэту кнігу. Толькі тата ёсць тата. З ім усё-такі цікавей, бо ён шмат чаго ведае і ставіцца да хлопчыка як да сапраўднага мужчыны.
Алесь падскокваў на хаду, напяваючы вясёлы матыў нейкай толькі яму вядомай песенькі. А калі мама вырашыла па дарозе зайсці ў краму, то нават трохі раскапрызіўся.– Пайшлі хутчэй дахаты. Тата хутка прыйдзе! – крыкнуй хлопчык, аднак мама пацягнула яго ў краму за прадуктамі.
Шкляныя вітрыны паблісквалі рознакаляровымі агеньчыкамі, хаця ёлачных упрыгожванняў нідзе не было. Ранавата яшчэ. І вось у маміных руках сумка з прадуктамі.
Алесь цягне яе за рукаў:
– Пайшлі хутчэй!
– Не спяшайся так! Паспеем. Тата сёння застаўся на працы яшчэ і ў другую змену.
– У другую змену? Чаму! – у хлопчыка перасохла ў горле ад крыку. – Сёння ўвечары ён мне абяцаў пачытаць!
– Абяцаў, але, на жаль, не атрымаецца. Я пачытаю замест яго.
– Ты, усё ты да ты. Я хачу, каб ён пачытаў! – не сцішаўся хлопчык.
– Перастань капрызнічаць, – папрасіла мама. – Тата на працы. Разумееш? Вось, калі ты вырасцеш і будзеш працаваць, то даведаешся, наколькі гэта сур'ёзна і адказна. Твой тата – энергетык! Усё святло, усё цяпло, якімі мы з табой карыстаемся, даюць нам энергетыкі. Без святла і цяпла мы б прапалі. Паглядзі, як асветлены нашы вуліцы. Колькі электраэнергіі трэба, каб працавалі заводы і фабрыкі, каб у бальніцах хірургі бесперабойна маглі рабіць тэрміновыя аперацыі і лячыць людзей. Сягоння ніхто не можа абысціся без святла і цяпла. Нам з табой трэба шкадаваць і берагчы нашага татку!
Алесь слухаў маму і глытаў слёзы. Толькі мама гаварыла праўду. Хлопчык выдатна ведаў і разумеў, якая ў яго таты цяжкая і адказная прафесія. Тата шмат чаго цікавага пра яе расказваў.
У кватэры Алесь доўга глядзеў у акно. Ён чакаў свайго татку. Агеньчыкі ў вокнах дамоў то запальваліся, то згасалі. Хлопчык глядзеў на гэтыя агеньчыкі, на неба і бачыў там таксама агеньчыкі – маленькія, але такія моцныя і прыцягальныя! Месяц з неба глядзеў на яго, пабліскваючы і як бы кажучы: "Нічога. Заўтра ты будзеш класціся спаць разам з татам. Пацярпі".
Алесь ужо моцна спаў у сваім ложачку, калі каля прахадной цеплавой электрастанцыі спыніўся аўтобус, пасадзіў людзей, якія адпрацавалі вячэрнюю змену, і паехаў развозіць іх па хатах. Сярод гэтых людзей быў і тата Алеся. Людзі ехалі стомленыя, але ганарлівыя за сваю працу. І ім было чым ганарыцца. Сёння яны запусцілі ў працу новы энергаблок. А гэта значыць, іх цеплавая электрастанцыя зараз зможа выпрацоўваць яшчэ дадатковую цеплавую і электрычную энергію, каб асвятляць вокны ў новых, нядаўна пабудаваных дамах, асвятляць новыя вуліцы, новыя крамы, аптэкі, бальніцы, спартыўныя комплексы і тэатры.
Світала, калі тата ўвайшоў у кватэру. Усе спалі: Алесь і яго мама, кот і папугай у клетцы. Тата паціху, стараючыся нікога не разбудзіць, прайшоў на кухню, перакусіў і пайшоў спаць.
А неўзабаве прачнуліся мама з Алесем. Яны пачалі збірацца: мама – на працу, Алесь – у дзіцячы сад. Хлопчык прыадчыніў дзверы ў татаў пакой і ўбачыў, што тата дома, спіць.
– Мама! Сёння тата пачытае мне? – шэптам спытаў ён.
– Вядома! – гэтак жа шэптам адказала мама.
Яны ішлі па вуліцы і думалі пра тату. Потым мама сказала:
– Ведаеш, калі ты вырасцеш, то людзі, напэўна, ужо на Месяцы пабудуюць электрастанцыю. Хочаш злятаць на Месяц, а?
– Так, вельмі хачу! Ура! Я палячу на Месяц! – крыкнуў Алесь.
А Месяц (ён яшчэ быў трохі бачны ў гэтую раніцу на небе), здавалася, пачуў голас Алеся і нават узрадаваўся.
– Прылятай! Прылятай! Прылятай! Я чакаю! – усміхаўся ён.
Гэтае апавяданне на рускай мове
23.05.14