Першы раз у першы клас
У Андрэя ёсць малодшая сястра Анюта. Хлопчыку ўжо сем гадоў, а ёй толькі пяць. Анюта зайздросціць брату, таму што ў верасні ён пойдзе вучыцца ў школу. Дзяўчынка ва ўсім стараецца быць падобнай на Андрэя. Яна ўжо ўмее чытаць гэтак жа, як і ён. Калі мама вучыла чытаць брата, Анюта таксама цікавілася і навучылася чытаць услед за ім. Цяпер яна добра чытае па складах, а Андрэй ўжо прачытаў сваю першую ў жыцці кнігу з казкамі.
Учора дзеці хадзілі разам з матуляй ва ўнівермаг. Куплялі Андрэю школьную форму і ўсё астатняе – сшыткі, алоўкі і ручкі, фламастары, фарбы, альбом для малявання, пенал, вокладкі для кніг і сшыткаў і, вядома ж, новы школьны ранец. Анюта глядзела на брата з захапленнем. Зусім хутка ён стане першакласнікам!– Мама! Я хачу вучыцца ў школе, – сказала Анюта, разглядаючы прыгожы пенал Андрэя.
– Трошкі пачакай, праз два гады і ты станеш першакласніцай, – супакоіла яе матуля.
– А я хачу цяпер, – заспрачалася дачка.
– Першага верасня пойдзеш у школу разам з Андрэем, – паабяцала мама.
– Ага-а-а-а, – пакрыўдзілася Анюта на мамін жарт. Дзяўчынка не жартавала, а па-сапраўднаму вельмі жадала вучыцца ў школе.
Але ўсё адбылося менавіта так, як казала мама. Раніцай першага верасня Андрэй прыбраны, у школьнай форме з букетам кветак і новенькім ранцам за плячамі ўжо стаяў у пярэднім пакоі, чакаючы маму і сястру. Яны, вядома ж, не маглі адмовіць сабе ў задавальненні праводзіць яго ў школу на ўрачыстую лінейку.
Каля школы ўжо збіраліся людзі. Гэта былі дзеці, іх бацькі і настаўнікі. На школьным двары ўсе дзеці пачалі размяркоўвацца па класах. Андрэй пайшоў туды, дзе збіралі дзяцей з першага "А". А мама з Анютай сталі ззаду іх.
Дзяўчынка глядзела на брата і бачыла, што ён трохі хвалюецца. Побач з Андрэем стаялі такія ж прыбраныя, як і ён, хлопчыкі і дзяўчынкі. Усе ў руках трымалі букеты кветак – падарункі настаўнікам.
Пачалася ўрачыстасць. На трыбуну падняўся дырэктар школы. Ён павіншаваў дзяцей з пачаткам навучальнага года і пажадаў усім вялікіх поспехаў у вучобе, працавітасці, стараннасці і толькі выдатных адзнак у дзённіках.
Дзецям старэйшых класаў усё тое, што адбывалася на школьным двары, было не ўпершыню. Таму, як бывае, некаторыя не вельмі ўважліва слухалі настаўнікаў, усміхаліся і перагаворваліся адзно з адным. Мабыць, яны дзяліліся сваімі ўражаннямі пра мінулыя канікулы. Ва ўсіх засталіся добрыя ўспаміны пра вясёлае і бестурботнае лета. І неяк сумна было разумець, што трэба зноў садзіцца за падручнікі.
Затое першакласнікам і малой Анюце ўсё, што адбывалася тут і цяпер, было ў першы раз, і таму вельмі цікавіла. Першакласнікі стаялі як зачараваныя, разглядаючы сябе і астатніх. Андрэй паглядаў на хлопчыкаў, якія былі побач з ім. Мабыць, ён разумеў, што ўсе яны – яго будучыя сябры!
А Анюта ў гэты час разам з мамай з захапленнем глядзела на брата, на хлопчыкаў і дзяўчынак з яго першага "А". Яна думала пра тое, што хутка сама будзе вось так стаяць на сваёй першай у жыцці школьнай лінейцы. Анюта ўжо нават прыдумала, як мама запляце ёй у гэты дзень косы і якога колеру купіць банты.
– Мама! А Андрэю не цяжка будзе вучыцца ў школе? – запыталася яна.
– Не ведаю. Але думаю, што не цяжка. Ён у нас цямлівы, цярплівы і разважлівы.
– А я ўважлівая і акуратная, – пахвалілася Анюта.
– Вось вы і будзеце дапамагаць адно аднаму ў вучобе. Ён табе, а ты яму. Добра? – матуля ласкава паглядзела на дачку.
– Абавязкова! – усміхнулася Анюта.
Гэты аповед на рускай мове
22.05.14