Птушыны баль на Палессе
Белый аист летит над Полесьем над тихим жнивьем
Где-то в топи болот погребен остывающий гром
Белый аист летит, все летит над родными полями
Землю нашей любви осеняя большими крылами
Песня Муз. Пахмутовой, сл. Добронравова
Гэтая гісторыя пра тое, як пасябравалі белы бусел з шэрым жураўлём... Ранняй вясной вярталіся ў Еўропу з Афрыкі дзве птушыныя чароды – белых буслоў і шэрых жураўлёў. У такіх далёкіх пералётах птушкі часта знаходзяцца ў паветраным палёце па многу гадзін, а то і некалькі дзён запар без прыпынку. Вядома ж, гэта вельмі стомна, бо птушкам патрэбны адпачынак. І тады важакі ўважліва ўзіраюцца ў зямлю, над якой яны пралятаюць, імкнучыся знайсці добрае месца, дзе можна адпачыць і падсілкавацца.
Аднойчы на беразе цудоўнага сіняга возера ў час такога адпачынку сустрэліся дзве незнаёмыя птушыныя чароды – буслоў і жураўлёў.
– І куды ж вы ляціце? – спытаў прыгажун Бусел у маладога Жураўля.
– На радзіму, дзе я нарадзіўся. Мой родны край завецца Палессе. Гэта вялікія балоты на поўдні Беларусі. Туды ўвесну прылятае шмат розных птушак. Прыпяцкія балоты вельмі прыгожыя і амаль не дасяжныя для паляўнічых. Так што там птушкі могуць спакойна жыць і гадаваць сваіх птушанят.
– Вы баіцеся людзей? – здзівіўся Бусел. – А я ніколькі не баюся. Наадварот. Я люблю людзей, а яны любяць мяне. І таму мы з жонкай заўсёды селімся побач з людзьмі.
– Вось як! Я зайздрошчу вашай смеласці, – усклікнуў Журавель. – Усё ж, вы прылятайце да нас у госці на нашы балоты. І тады зможаце самі пераканацца, як дружна мы жывём. Я пазнаёмлю вас з маімі сябрамі, кулікамі і вяртлявымі чарацянкамі. Гэта маленькія, але вельмі добрыя птушачкі. А дзе ж вы спыніцеся на лета?
– Палячу да свайго старога гнязда. Яно ў вёсцы Слабада. Гэта ў тым жа боку, дзе і вашы балоты.
– Вельмі добра! – узрадаваўся Журавель. – Значыць, дамовіліся. Як толькі вы з жонкай падгадуеце птушанят, тут жа прылятайце ў госці да мяне на танцавальны баль. Ах, і люблю ж я танчыць! І вас абавязкова навучу.
Праз некалькі дзён птушкі зноў узняліся ў паветра, каб працягнуць свой пералёт на радзіму, у Еўропу. Вось так яны і ляцелі яшчэ шмат часу, пакуль не дабраліся да знаёмых месцаў.
Белы Бусел адразу ж паляцеў у сваю вёску, да хаты, на даху якой яшчэ пазалетась звіў вялікае гняздо. "Трэба ўсё падрыхтаваць да прылёту маёй жоначкі. Пачышчу гняздо, яшчэ лепш уцяплю дно мохам, – вырашыла птушка, аглядаючы старое жыллё, трохі патрапанае моцнымі вятрамі і снегам. – Тады нашым маленькім птушанятам будзе ў ім цяплей і ўтульней".
Бусел, неадкладна, узяўся за работу. Нанасіў свежую салому, мох, пачаў чыніць і прыводзіць у парадак гняздо. А тым часам хлопчык гадоў васьмі, пачуўшы грук па даху знаёмай птушкі, выбег з хаты, каб павітаць дарагога госця:
– Добры дзень, белакрылы! Ты прыляцеў! З вяртаннем на родную зямлю! – крыкнуў ён, гледзячы знізу ўгару на знаёмую птушку.
Убачыўшы Сцёпку, Бусел падняў крылы і замахаў імі ў знак прывітання. Вядома ж, ён быў таксама вельмі рады сустрэчы з хлопчыкам.
Мінула некалькі дзён. Бусел думаў пра Бусліху і хваляваўся. Як яна там, ці дабярэцца? Ён ведаў, што яго жонка ляціць зусім не адтуль, адкуль прыляцеў ён сам. І зімавала яна ў іншых краях.
На шчасце, маладая гаспадынька неўзабаве вярнулася ў гняздо да дарагога мужа. Як жа рады былі абедзве птушкі доўгачаканай сустрэчы! Зараз яны разам будуць гадаваць птушанят і пражывуць побач да самай восені! Так, так, але толькі да восені. А потым ізноў паляцяць паасобку зімаваць на поўдзень. Вось такое жыццё ў пералётных птушак...
А зараз давайце паглядзім, як справы ў нашага знаёмага шэрага Жураўля. Ці дабраўся ён да роднага балота?
Аказваецца, дабраўся і ўжо добра абжыўся побач з птушкамі. Вось ён, ганарлівы і задаволены, ходзіць па сваім балоце, вітаецца з кулікамі, вяртлявымі чарацянкамі, чаплямі, з белымі курапаткамі, чорнаваллёвымі гагарамі, з балотнымі совамі. А балота гудзе, шуміць, жыве! Сёлета тут пасялілася столькі розных птушак! Яркія матылькі з крылцамі самых дзіўных расфарбовак, перламутравыя стракозы, нібы жывыя кветкі, пырхаюць над балотам!
– Прывітанне, Чарацянка! – Журавель павярнуў доўгую вытанчаную шыю і паглядзеў на маленькую птушачку, якая сядзела на тоўстай сцяблінцы Іван-чаю. Тут жа, да гэтай сцяблінкі Чарацянка прымацавала сваё маленькае гняздзечка.
– Ты тут будзеш гадаваць сваіх птушанят? – запытаўся Журавель.
– Так, тут. Ім будзе зручна! – Чарацянка падляцела да гнязда і ўраз схавалася ў ім.
– Спрытная ж ты! – заўважыў Журавель. – Будзь здаровая! – і ён павольна пашлёпаў далей, высока падымаючы доўгія ногі, імкнучыся не ўгразнуць у балотнай багне.
Перш за ўсё маладому Жураўлю трэба было падабраць сабе сяброўку, каб не спазніцца вывесці і да восені выгадаваць птушанят. Дагэтуль ён усё яшчэ заставаўся халасцяком. Але хіба такая прыгожая птушка можа застацца ў адзіноце? Вядома ж, не.
Ужо неўзабаве Журавель звярнуў увагу на маладую элегантную Жураўліху з добрымі вачамі і пачаў заляцацца за ёй. Ён так стараўся! Кружыўся вакол выбранніцы, махаў доўгімі шэрымі крыламі, грацыёзна выцягваў шыю, увогуле, рабіў усё, каб ёй спадабацца. І, да радасці Жураўля, яго выбранніца адказала на заляцанні, пагадзіўшыся стаць яго жонкай. Зараз ім трэба было тэрмінова звіць добрае гняздо для будучых птушанят. Таму яны з запалам прыняліся за справу.
У гэтае лета на беларускіх балотах Палесся нарадзілася шмат маленькіх птушанят. Іх гадавалі, бераглі ад бед бацькі: жураўлі, качкі і чаплі, чорнаваллёвыя гагары, кулікі і чарацянкі, совы і курапаткі. У нашага знаёмага Жураўля нарадзілася двое малянят. Прайшоў некаторы час. Птушаняты падраслі, навучыліся лётаць.
Аднойчы, шпацыруючы па балоце, Журавель сказаў сваім суседзям-птушкам:
– Нашы дзеці выраслі. Таму цяпер у нас досыць часу, каб арганізаваць танцавальны баль. Як бы я хацеў запрасіць да нас на балота ў госці свайго сябра, Бусла! Вось толькі як з ім звязацца? Я не вырашуся ляцець да яго ў вёску, бо там вельмі небяспечна!
– Не хвалюйся. Я злятаю ў вёску Слабада і паклічу Бусла на баль, – прапанавала вясковая Ластаўка.
Гэтая шпаркая птушачка часам прылятала са сваёй вёскі на балота, каб налавіць дробных мошак.
– Дзякуй, Ластаўка! Калі ты пралятала побач з гэтай вёскай, то, напэўна, бачыла там майго сябра, белага Бусла. Калі ласка, перадай яму, што заўтра ў нас будзе танцавальны баль. Няхай прылятае разам з усёй сваёй сям'ёй. Ды і ты таксама прылятай, у нас будзе вельмі цікава!
Ластаўка выканала сваё абяцанне. Дабралася да вёскі, адшукала гняздо Бусла і запрасіла яго ў госці да Жураўля. Вядома ж, Журавель мог бы гэта зрабіць і сам. Але ён, як заўсёды, пабаяўся, што там яго заўважаць людзі. Ужо занадта палахлівая гэтая птушка.
Назаўтра сям'я буслоў – мама Бусліха, тата Бусел і сынок Бусляня – паляцелі да татавага сябра на свята.
– Я не думаў, што балота можа быць такім прыгожым! – дзівіўся тата Бусел, гледзячы, як пырхаюць над балотнымі купінамі рознакаляровыя матылькі і стракозы, а даўганогія балотныя птушкі кружацца ў танцы, грацыёзна размахваючы крыламі.
– Далучайцеся да нас! – курлыкаў Журавель, гледзячы на буслоў. – Не бойцеся! І вы навучыцеся танчыць гэтак жа, як танчым мы. Гэта вельмі проста!
– Ідзіце ж туды, бо вы такія прыгожыя! – трашчала Чарацянка.
І госці-буслы пасмялелі. Яны расправілі свае доўгія белыя крылы і закруціліся ў танцы разам з усімі.
Гэта быў сапраўдны птушыны баль! Балотныя совы і курапаткі скакалі па купінах, чорнаваллёвыя гагары і качкі кружыліся на азёрнай вадзе, кулікі і вяртлявыя чарацянкі пырхалі ў паветры. А звонкія галасы птушак разносіліся ва ўсе бакі, ствараючы ўражанне цудоўнага свята і ўсеагульнай весялосці.
Ластаўка таксама прыляцела на баль і насілася над балотам, растапырыўшы чорненькі хвосцік і крылцы. Прытаміўшыся, яна прысела на галінку карлікавай бярозкі, якая расла ля берага балотнага возера, і стала ўважліва назіраць за тым, як таньчаць побач адзін з адным белы Бусел і шэры Журавель. Ластаўцы падумалася: "Яны такія розныя. Бусел любіць жыць побач з людзьмі, а Журавель цураецца іх. Усё ж, гэтыя прыгожыя птушкі сталі сапраўднымі сябрамі!"
І вяртлявая Чарацянка з захапленнем любавалася грацыёзнасцю Жураўля і Бусла. Раптам яна крыкнула так гучна, што ўсе жыхары балота пачулі яе голас:
– Паглядзіце! Якія падобныя гэтыя птушкі! Яны нібы браты! А як таньчаць, проста любата! Лепшых танцораў не адшукаць ва ўсім птушыным свеце!
Гэтая казка на рускай мове
22.04.14