Гарадскія птушкі зімой (апавяданне) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гарадскія птушкі зімой (апавяданне)
Гарадскія птушкі зімой (апавяданне)
Кожны дзень па дарозе ў дзіцячы сад Антон чуў, як у скверы на дрэвах гамоняць птушкі. Іх вельмі шмат – цэлая чарада. Мама казала, што гэта галкі, а жывуць яны на гарышчах старых двухпавярховых хат, якія стаяць па абодва бакі ад сквера. Сквер стары, і дрэвы ў ім таксама старыя. Вунь якія высокія, да самага неба! І каб убачыць гэтых крыклівых птушак, трэба добра задраць галаву ўверх.      Цяпер зіма. Увесь сквер, кветнікі і нават лаўкі пакрыты снегам. Толькі дарожкі, па якіх ходзяць людзі, пачышчаны. Цэлыя дні Антон праводзіць у дзіцячым садзе, толькі ў суботу і нядзелю ён можа пагуляць у двары свайго дома ці ў скверы. Шмат каму не падабаецца зіма за тое, што дні шэрыя і цёмныя, часта ідзе снег, а мароз шчыплецца. Антон жа любіць зіму і не толькі за навагоднія святы. Узімку можна пакатацца на санках, на лыжах, пагуляць у снежкі, зляпіць снегавіка альбо снежную крэпасць.
     
     У тую раніцу, калі хлопчык спяшаўся ў дзіцячы сад, маладыя галкі сядзелі на верхавінах дрэў і абмяркоўвалі, дзе знайсці ежу. Птушкі яшчэ зусім юныя, можна сказаць, птушаняты, якім няма і года. Аднак зараз ім ужо трэба самастойна здабываць сабе харчы, каб не памерці з голаду ў зімовы час.
     Добра, што побач – вялікі мікрараён, куды галодныя птушкі часта прылятаюць у пошуках чаго-небудзь з ежы. Чуллівыя старыя людзі падкормліваюць іх. З раніцы драўляная кармушка для сініц і вераб'ёў, якая вісіць на дрэве ля пад'езда вышыннага дома, да краёў напоўненая ежай. Але есці хочацца не толькі сініцам. І галкі зганяюць птушачак, выхопліваючы кавалачкі ежы з кармушкі.
     Гледзячы на такую несправядлівасць, дзядуля з суседняга пад'езда прыдумаў для маленькіх палахлівых птушачак асаблівую кармушку з пустой пляшкі для вады. У вузкае вакенца, выразанае ў пляшцы, ні галка, ні варона, ні сарока нават не паспрабуе пралезці. З раніцы на дрэве ля дзядулявай кармушкі выстройваецца цэлая чарга з жоўтагрудых вёрткіх птушачак. Схапіўшы зерне ці семачку, сініца выскоквае з кармушкі, каб к ёй змагла падляцець яе сяброўка.
     Вось так і рухаецца чарга, пакуль усе зярняты ў кармушцы не скончацца, і птушкі не наядуцца. А галкам, варонам і галубам застаецца толькі сядзець побач, назіраць і спадзявацца, што і ім усё-такі што-небудзь перападзе.
     
     Увечар, перад тым, як забраць Антона з сада, баба Надзя паклала на снег побач з дзядулявай кармушкай ежу для птушак. Але ні галкі, ні вароны, ні галубы не знайшлі і не здзяўблі яе. Антон, вяртаючыся з бабуляй дахаты, бачыў, як чорныя птушкі кружаць над скверам. "Гэта яны так прагульваюцца перад сном", – падумаў хлопчык. Бабуля распавяла яму пра пачастунак, які паклала птушкам каля кармушкі на снег.
     – Вялікія птушкі гэтак жа, як і маленькія, хочуць есці, – казала яна. – І не заўсёды яны могуць дзе-небудзь знайсці сабе ежу.
     На другі дзень па дарозе ў дзіцячы сад Антон спецыяльна зазірнуў пад кармушку на зямлю, дзе бабуля ўчора клала ежу. Цяпер там ужо нічога не ляжала. "Значыць, – зразумеў хлопчык, – птушкі знайшлі і з'елі бабулін пачастунак".
     
     З таго часу Антон, гэтак жа, як і яго бабуля, узімку падкормлівае птушак семкамі, крупамі. Ён клапоціцца пра крылатых жыхароў, разумеючы, што ім вельмі цяжка перажыць халодную зіму.
     
     Гэтае апавяданне на рускай мове
18.02.14