Бедная Ружа (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бедная Ружа (чытае Ліка Пташук)
Бедная Ружа (чытае Ліка Пташук)
На падаконніку кватэры ля расчыненага акна завядала Ружа. Ад яе далікатнай сярэдзінкі яшчэ ішоў тонкі водар, аднак галоўка ўжо саслабла і панікла, пялёсткі зморшчыліся, і па ўсяму было відаць, што цяпер ёй вельмі дрэнна. Зусім нядаўна Ружа добра пахла і штораніцы з радасцю сустракала новы дзень. Сонейка лашчыла яе сваімі цёплымі прамянямі, зямля ў вазоне была вільготнай і сілкавала карані. А цяпер, хяця за акном ліў праліўны дождж, тонкія галінкі кветкі сохлі, лісточкі жоўклі і абсыпаліся.      Але на тое была прычына. Старэнькая гаспадыня кватэры моцна хварэла. У яе не было сілы падняцца з пасцелі і паліць сваю Ружу. Часам да бабулі прыходзілі родныя, каб трохі падтрымаць яе і пакарміць. У мітусні ніхто не заўважаў пунсовай кветкі, якая расла ў вазоне на акне і знемагала ад смагі.
     У той час, калі перад затуманеным позіркам хворай жанчыны ўсплывалі малюначкі і адчуванні яе ранейшага здаровага і таму радаснага жыцця, Ружы таксама сніліся шчаслівыя хвіліны яе жыцця. Грукат кропель дажджу не змаўкаў за акном, аднак ён не мог абудзіць да жыцця два паміраючых сэрцы. Парыў халаднаватага ветру прыпадняў на акне фіранку і сарваў з маленькай галоўкі кветкі некалькі яркіх чырвоных пялёсткаў. Затым падхапіў іх і панёс за акно.
     Адзін з пялёсткаў, змочаных дажджом, выпадкова патрапіў на шкло акна на ніжнім паверсе. Дзяўчынка, якая ў гэты час стаяла побач з акном, адразу ж заўважыла маленькі пялёстак. Ён быў падобны на пунсовае сэрцайка!
     – Мама! Што гэта? – спытала яна.
     Паглядзеўшы на акно, мама адказала:
     – Гэта пялёстак пунсовай Ружы. Ён прыляцеў да нас з верхняга паверха, дзе жыве бабуля Света. Я думаю, нам трэба наведаць нашу старэнькую хворую суседку, чымсьці дапамагчы ёй і паліць ружу. Мы зараз жа пойдзем з табой да яе!
     І мама з маленькай дзяўчынкай у хуткім часе наведалі старую бабулю. Яны палілі Ружу і дапамаглі старой, зрабілі ўсё дзеля таго, каб яна хутчэй ачуняла. Праз некаторы час бабуля ўстала з ложку і пачала сама рабіць хатнія справы.
     Бабуля і яе Ружа выжылі, бо знайшліся добрыя людзі, якія дапамаглі ім у цяжкую хвіліну.
     
     Гэтая казка-быль на рускай мове
11.02.14