Журавінка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Журавінка
Журавінка
Неяк на пачатку восені пайшла дзяўчына па грыбы ў лес за сяло. Доўга хадзіла Яніна па лесе, а поўны кошык так і не набрала. Ці то восень выдалася такая, што ў лесе грыбы не растуць, ці то яны не жадалі да яе ў рукі ісці. "Ой, як сорамна з пустым кошыкам у сяло вяртацца, усе суседзі засмяюць! – падумала дзяўчына і вырашыла яшчэ далей у лес ісці. – А можа там, куды людзі радзей заглядваюць, і грыбоў будзе больш".      Толькі не ведала маладзіца, што бяда чакае яе ў гэтым глухім бязлюдным месцы. Так чорт адводзіў Яніну ўглыб лесу, усё далей і далей ад знаёмых месцаў. І завёў у гразкае балота. А там, куды б яна ні ступіла, усюды дрыгва так і вабіць да сябе, зачароўвае. Маўляў, ідзі сюды, не бойся, тут "салодкая" дурман-трава табе галовачку закруціць, і ты аб усіх сваіх няўдачах забудзешся.
     Спалохалася дзяўчына, стала на высокую купіну, баючыся праваліцца ўніз, патануць у балоце і горка заплакала. Што далей рабіць, не ведае. А ў лес ужо і ноч насоўваецца!
     Закрычала Яніна, што было сілы:
     – О, Божа! Выратуй мяне, грэшную! Дапамажы з гнілога, чортава балота выбрацца!
     Быццам сам Анёл-захавальнік пачуў яе і прывёў да небаракі на дапамогу лясную фею, румяную прыгажуню Журавінку. Лёгкая, як пушынка, добрая чараўніца не ішла, а проста пералятала з купіны на купіну.
     – Як жа мне выратаваць цябе, мілая дзяўчына! – прамовіла фея. – Усё, што я змагу – ператварыць цябе ў птушку. Крылы вынесуць з балота і выратуюць жыццё. Але вызваліць ад чар цябе ўжо не здолею. Не хопіць у мяне цудадзейнай сілы на гэта. Усю яе я аддала лясной траве і ягадам.
     – Няхай будзе так. Я на ўсё згодна! – без кроплі сумнення адказала ёй Яніна.
     І вось ужо яна не маладзіца, а белая птушка Чапля! Лёгка ўзмахнуўшы крыламі, адарвалася ад зямлі і выбралася з лесу на абшар. Паляцела да роднага сяла, але жыць там так і не змагла. Халодныя восеньскія дні прымусілі Чаплю ляцець на поўдзень, далучыўшыся да чарады такіх жа, як і яна, цеплалюбівых птушак. "Вясною я вярнуся сюды, адшукаю добрую лясную фею, і яна ператворыць мяне зноў у тую самую Яніну, якой я некалі была", – думала дзяўчына-птушка.
     Так яна і зрабіла. Увесну, вярнуўшыся назад, белая Чапля тут жа паляцела ў знаёмы лес з надзеяй адшукаць там добрую фею, прыгажуню Журавінку. Аднак як ні імкнулася яна, колькі ні распытвала лясную траву і кветкі, гэтым разам убачыць фею так і не змагла. Ды і лясное балота сустрэла белую Чаплю маўчаннем, нічым не выдаўшы сваіх таямніц. Вось толькі нельга было не заўважыць, што на яго пакрытых волкім мохам купінах выраслі далікатныя бела-ружовыя кветкі...
     З той пары кожны год Чапля стала вяртацца ў роднае месца. Пасяліўшыся ў лесе, яна спадзявалася на тое, што, нарэшце, сустрэне там Журавінку. Толькі не ведала дзяўчына-птушка, што ярка-чырвоныя ягадкі, тыя самыя, што спеюць на балоце восеньскай парой, ведаюць пра ўсё, што здарылася з феяй лесу. Яны памятаюць, як аднойчы ў самым пачатку вясны Журавінка аддала ім, у той час яшчэ слабенькім бела-ружовым кветачкам, усю сваю чароўную сілу.
     Вось як гэта было. Адшукаўшы на ўскраіне балота толькі некалькі ледзь прыкметных кветачак, Журавінка вырашыла рассяліць іх па ўсіх купінах, шчодра надарыўшы расліны жыццёвай сілай. "Хай жа гэта безаблічнае пустое балота ажыве, і кожны год на ім спеюць сакавітыя кісла-салодкія ягады, журавінкі, якія будуць даваць карысць людзям і птушкам", – вырашыла добрая душа чараўніцы. Вось так, ні кропелькі не шкадуючы, Журавінка аддала сваё жыццё і нават імя дзеля шчасця іншых. І не дарэмна. Балотныя расліны памятаюць лясную фею, бо ў іх жыве яе сіла і дабрыня. Вясноваю парою ўсё балота дзівосна расцвітае і ператвараецца ў цудоўны бела-ружовы дыван.
     Пералётныя птушкі, вядома ж, адразу заўважылі гэтую прыгажосць. Жураўлі, чаплі, кулікі, кнігаўкі, качкі, курапаткі і іншыя птушкі прылятаюць сюды, забыўшыся пра чорта, якога тут даўно і след прастыў. Як жа яму жыць побач з такой дабрынёй! Птушкі з радасцю селяцца на балоце, будуюць свае гнёзды і гадуюць малянят.
     Аднойчы зачараваная дзяўчына выпадкова даведалася ад птушак пра гісторыю лясной феі. Але не засмуцілася, а наадварот, палюбіла балота і яго расліны, бо ў іх жыве прыгажосць і жыццёвая сіла добрай лясной феі, Журавінкі.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
28.01.14