Саматканы ручнік у падарунак маме да дня нараджэння - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Саматканы ручнік у падарунак маме да дня нараджэння
Саматканы ручнік у падарунак маме да дня нараджэння
     
Гэтым летам Кацярына прыехала пагасцяваць да бабулі Надзі ў Налібоцкую пушчу. Бабуліна вёска размешчана на беразе ракі Іслач. А вакол – палі, за палямі – густыя боры, дзе растуць стогадовыя елкі і хвоі, дубы і ясені, бярозы і клёны. Дзяўчынка любіць прыязджаць да бабулі на канікулы, таму што тут можна ўдосталь нацешыцца водарамі палявой і лясной травы, пазагараць і пакупацца, схадзіць у лес па ягады ці грыбы. А па суседстве, жывуць яе аднагодкі, сяброўкі – Маша і Вера. У горадзе Кацярына ўвесь час гаворыць па-руску, а прыедзе ў вёску і тут жа пераходзіць на беларускую мову. Але як жа інакш, бо навокал чутная толькі беларуская гаворка. А дзяўчынцы гэта падабаецца. Каця любіць родную мову, таму што яна прыгожая і пявучая.      Каціна бабуля практычна ўсё жыццё пражыла ў вёсцы і рэдка выязджае куды-небудзь.
     – Маё жыццё тут, у вёсцы. І навошта мне кудысьці ехаць, калі я люблю гэтую зямлю і жыць без яе не змагу. Тут мае карані", – кажа яна ўнучцы.
     Тое, што яе бабуля карэнная жыхарка Налібоцкага краю, Кацярына ведае. Яшчэ яна ведае і тое, што калісьці даўно тут, у гэтай вёсцы, жыла яе прабабуля Ганна. Гэта яна навучыла бабулю, у той час яшчэ зусім малую дзяўчынку, ткаць на кроснах.
     Кросны – старадаўні драўляны ткацкі станок. Ён дастаўся бабулі Надзі ў спадчыну. Цяпер кросны стаяць у куце яе хаты. Бабулі няма часу ткаць, бо летняю парою ў яе заўсёды шмат спраў. Усе сілы адымаюць хатнія клопаты: карова, свінні, куры, гарод, ды і ў лес па ягады і грыбы яна яшчэ ходзіць. "Што назапасіш за лета – то і з'ясі ўзімку", – так баба Надзя кажа ўнучцы. А ўзімку, бабуля часта садзіцца за свае старадаўнія кросны. І вось вынік, ён усюды ў яе хаце – гэтыя прыгожыя ручнікі, навалачкі і пакрывала, абрус на стале і сурвэткі. "Вось мне б так навучыцца і саткаць хоць адзін ручнік", – зайздросціць Кацярына ўменню сваёй бабулі.
     Не раз і не два дзяўчынка слухала аповеды пра тое, як у даўнія часы людзі ў вёсках займаліся ткацтвам. Спачатку яны расцілі лён. Гэта з яго потым шыліся кашулі і сарафаны, спадніцы і хусткі. Каб зрабіць ніткі з лёну, па вясне трэба было пасадзіць у зямлю насенне і выгадаваць каласы. Потым іх пазжынаць, выцерабіць, вымачыць, высушыць, размяць, вытрапаць, расчасаць грэбнем, каб атрымалася мяккая пухнатая льняная кудзеля. Затым гэтую кудзелю насоўвалі на калаўрот і цягнулі з яе тонкую нітку, якую накручвалі на верацяно. Чым больш умелай была майстрыха, тым танчэй у яе атрымлівалася пража, тым потам лепш і акуратней з яе ткалася льняное палатно.
     Толькі ўвосень і ўзімку, калі работы ў полі і гародзе станавілася менш, дзяўчыны і маладыя жанчыны садзіліся за ткацкі станок, каб стварыць з гэтай самаробнай льняной пражы свае будучыя даматканыя вырабы. Гаспадыні ставілі кросны у хаце ля акна і доўгімі зімовымі днямі і нават вечарамі пры святле лучыны (гэта свечка з драўлянай сухой шчэпкі) пад ціхія напевы любімых песень ткалі тонкія льняныя палотны, каб потым, па вясне, адбяліць іх і сшыць сабе да лета абноўкі.
     На белых ручніках і абрусах у бабуліным пакоі Кацярына ўбачыла прыгожыя ўзоры. Яна ведае – гэта старадаўні беларускі арнамент. Яго прыдумалі людзі ў тыя далёкія часы, каб засцерагаць хату ад псуты, сурокаў, злых сіл, бед, пазбаўленняў і хвароб. Атрымліваецца, што бабуліны ручнікі і абрус, сурвэткі і пакрывала – засцерагаюць і захоўваюць яе хату!
     Яшчэ ў горадзе, рыхтуючыся да паездкі, Кацярынка вырашыла, што ўгаворыць бабулю паказаць ёй, як работаюць кросны. Дзяўчынка была ўпэўнена, што навучыцца ткаць і да ад'езду сатчэ ручнік з арнаментам у падарунак маме да дня нараджэння. "Вядома, прыйдзецца папрацаваць і дапамагаць бабулі хутчэй спраўляцца з хатнімі клопатамі, каб на маё навучанне ў яе заставаўся час", – разумела ўнучка. У Кацюшыным сэрцы затаілася такое велізарнае жаданне здзівіць і ўзрадаваць нечаканым падарункам маму, што яна згаджалася на ўсе цяжкасці, толькі каб збылася яе задумка. "Я дапамагу бабулі ў гародзе, дапамагу і ў хаце. Я ўмею – ежу свару, падлогу падмяту і памыю, курэй і парасятаў пакармлю, нават змагу падаіць карову", – думала дзяўчынка.
     Прыехаўшы ў вёску, яна тут жа ўзялася за работу. І бабуля, гледзячы на старанне ўнучкі, неўзабаве пагадзілася на яе ўгаворванні. Неяк яна сказала, гледзячы ў вочы Кацюшы:
     – Сядай за кросны, раз так не трываецца. Буду цябе вучыць!
     А ўнучка ўжо не раз і не два падыходзіла да старадаўняга драўлянага ткацкага станка, мацала нацягнутыя ніткі, разглядала рамку, бліскучы, па-майстэрску вытачаны з дрэва чаўнок, падобны на мініяцюрную лодачку. І вось пачалася вучоба.
     – Глядзі! Усярэдзіне чаўнака наматана нітка. І зараз яго трэба адправіць у плаванне папярок нацягнутых нітак. Гэтыя ніткі, нібы ручайкі, упадаюць у вялікую раку, па-нашаму, уплятаюцца ў гладкае палатно твайго ручніка.
     Слухаючы бабуліны парады, Кацярынка і не заўважыла, як асвоілася. І вось ужо яна самастойна тчэ свой першы ў жыцці ручнік! Крок за крокам, шэраг за шэрагам стваралася белае льняное палатно. І неяк зусім непрыметна, але, вядома ж, пад кіраўніцтвам бабулі, на палатне з'явіўся арнамент з макаў з чырвонымі пялёсткамі і чорнымі сярэдзінкамі.
     Праз некалькі дзён Кацярына даткала свой першы ручнік. Узяла яго ў рукі. Паднесла да твару. А ён мяккі, пухнаты, пахне полем, лесам, кветкамі і такі прыгожы! Дзяўчынка падняла ручнік угару і ад радасці, што яе запаветнае жаданне спраўдзілася, закруцілася ў вальсе!
     – Ла! Ла-ла, ла-ла, ла-ла! – спявала яе захопленая душа. І ўсе ў хаце цешыліся разам з ёю.
     Старадаўнія ходзікі на сцяне пастуквалі ў такт:
     – Тук! Тук-тук, тук-тук, тук-тук!
     Кошка на акенцы варкатала:
     – Мур, мур, мур-мур, мур-мур!
     А бабуля глядзела на сваю дарагую дзяўчынку і ўсміхалася. У гэты момант здавалася, што ў змярканні сыходзячага дня па яе старой добрай хаце лётае зусім не ручнік, а чароўная белакрылая птушка!
     – Я падару яго маме на дзень нараджэння! – весялілася дзяўчынка. – А сабе сатку яшчэ адзін!
     – Абавязкова сатчэш, яшчэ лепш, яшчэ прыгажэй ён у цябе атрымаецца, вось убачыш!
     Бабулі было прыемна, што Каця сама захацела навучыцца работаць на старадаўніх кроснах. Яна ўспамінала, як быўшы такой жа дзяўчынкай, таксама саткала свой першы ў жыцці выраб, белы абрус з яркім кветкавым арнаментам, у падарунак маме, Кацюшынай прабабулі!
     "Вельмі добра, – думала бабуля Надзя, – што мая дзяўчынка навучылася ткаць. Цяпер яна не забудзецца на гэтае старадаўняе рамяство і калі-небудзь вернецца да яго зноў. А вытканыя ўручную рэчы – ручнікі, абрусы, сурвэткі – усё, што зробіш сам, будуць абараняць хату, стануць абярэгам ад бед і няшчасцяў. Таму што ў іх жыве святло і цеплыня тваёй душы".
     
     Ох, і сеяла Ўльяніца лянок,
     Ох, і сеяла Іванаўна лянок.
     
     Прыпеў.
     Ох, сэрца – лянок,
     Мая радасць ты, лянок,
     Усё бялюсенькі кужалёк!
     
     Ох, і слала Ўльяніца лянок,
     Ох, і слала Іванаўна лянок.
     
     Ох, і прала Ўльяніца лянок,
     Ох, і прала Іванаўна лянок.
     
     Ох, і ткала Ўльяніца лянок,
     Ох, і ткала Іванаўна лянок.
     
     А саткаўшы сарочак нашыла,
     А саткаўшы бялёных нашыла.
     
     Народная песня.
     
     Гэты аповед на рускай мове
23.01.14