Як лес падарыў сялянам радасць
Агібаючы ўзгоркі, уздоўж лясоў і палёў несла свае быстрыя воды вузенькая рэчачка. І стаялі на яе берагах дзве вёскі. З левага боку, побач з вялікім пшанічным полем, уся ў ззянні сонечных праменьчыкаў, лашчылася вёсачка з прыветлівай назвай Сонейкі. З правага ж боку на ўскраіне лесу размясцілася вёсачка Ластаўкі.
Хтосьці калісьці перакінуў праз рэчку вузенькі драўляны масток. І хадзілі па ім людзі, прыносячы адзін аднаму весткі пра сваё жыццё-быццё. Здаралася, збяруцца, як на свята, на беразе ракі дзеці з абедзвюх вёсак. Розныя гульні ладзяць, жартамі-прымаўкамі перакідваюцца, вясёлыя песні спяваюць. Толькі вось няма ў іх музычных інструментаў, каб сабе падыграць. А дзяўчынкам-прыгажуням патанчыць так хочацца!Упрасіў Янка, сын багатага млынара з вёскі Сонейкі, купіць гарамонік. Суседскія дзяўчынкі пачулі, як па акрузе разліваецца звонкі голас новенькага інструмента, і тут жа закахаліся ў маладога гарманіста.
А тым часам на другім беразе ракі ў вёсцы Ластаўкі жыў-пажываў такі ж вясёлы хлопец Макарка. Вось толькі сям'я яго была не такой багатай, як у млынара. Бацька Макаркі даўно памёр, і матуля гадавала траіх дзетак, яго і малодшых – сястрычку Марусю і браціка Сцёпку. Па суседству з імі жыла Зося, прыгожая блакітнавокая дзяўчынка з русай касой да пят. Вельмі падабалася яна Макарку, але сказаць ёй пра гэта ён ніяк не адважваўся. Як толькі ў суседняй вёсцы з'явіўся гармонік, Зося пачала збягаць праз раку па драўляным мастку да хаты Янкі. Так зачаравалі яе песні гарманіста, што пра Макарку яна зусім забылася.
Засмуткаваў хлопец. Бывала, сядзіць на прызбе сам не ў сабе, усё пра нешта думае. Але адкуль яму ўзяць такі ж гармонік, як у Янкі, не ведае.
– Ды, не журыся ты так, брацік! – пашкадавала яго сястрычка. – Лепш пойдзем заўтра ў лес па грыбы.
– Добра, пойдзем! – падумаўшы, пагадзіўся Макарка.
На досвітку дзеці адправіліся ў лес. Вось ідуць яны па знаёмай лясной сцяжынцы, а з-за дрэў залацістае сонца падымаецца, уся трава серабрыцца ад кропелек расы. Узышлі на пагорак, агледзеліся. Вунь там, у нізіне, ручай бяжыць. Колькі разоў ён паіў дзяцей сваёй ключавой вадой!
Макарка прыслухаўся:
– Чаму ж цяпер не чуваць журчання ручая? – здзівіўся ён.
Хлопчык спусціўся ў нізіну:
– Ах, вось яно што! Ручай разліўся! Ды гэта ж дрэва звалілася і заступіла яму дарогу! – здагадаўся Макарка. – Маруся! – падазваў ён сястру. – Ручай у бядзе! Давай дапаможам яму, прымем гэтае дрэва.
Як толькі дзеці ўбралі з дарогі перашкоду, ручай схамянуўся і тут жа адшукаў сваё старое рэчышча. Ён весела зажурчаў, падкідваючы ўгару вадзяныя кропелькі-іскрынкі! Тым самым лясны прыгажун дзякаваў за дапамогу, якую яму аказалі добрыя людзі.
Вярнуўшыся на пагорак, Макарка з Марусяй пайшлі па знаёмай сцяжынцы далей у лес, зазіраючы пад дрэвы і кусты ў пошуках грыбоў. Неўзабаве іх плеценыя кошыкі да верха напоўніліся жоўценькімі лісічкамі, залацістагаловымі падбярозавікамі, пузатымі баравікамі. Змарыўшыся, дзеці прыселі перадыхнуць каля старой разгалістай ліпы. І раптам яны заўважылі, што хтосьці варушыцца ў высокай траве каля іх ног!
Маруся ўстала, падышла бліжэй, прыгледзелася:
– Ды гэта ж птушанятка сініцы! Яно выпала з гнязда! Макарка! Калі ласка, залезь на дрэва і пакладзі яго назад у гняздо! Бо, калі маляня застанецца на зямлі, яго знойдзе ліса ці воўк, і ён загіне!
Адшукаўшы ў траве малютку, Макарка асцярожна падняўся на дрэва і паклаў птушаня ў гняздо. Вось так дабрыня і спагадлівасць дзяцей выратавала маленькага някемлівага птушанятку. А з дрэва ўдзячная сініца ўжо дзякавала маладым людзям далікатным посвістам.
Праз некаторы час змрок пачаў спускацца на лес. Маруся зірнула на брата:
– Пойдзем дахаты, Макарка! – сказала яна.
Дзеці падняліся з травы і моўчкі пайшлі назад па знаёмай сцяжынцы. Але раптам з-за маленькай ялінкі выглянула нечая невыразная фігурка! І хтосьці незнаёмы гучна паклікаў іх:
– Дзеці! Я бачыў, як вы дапамаглі ручаю і птушаняці сініцы, калі яны так мелі патрэбу ў дапамозе! Значыць, у вас добрае і спагаднае сэрца! За гэта я, захавальнік лесу, дару вам музычныя інструменты – цымбалы і дуду. Гэтыя інструменты не простыя, а чароўныя! Нібы звонкі лясны ручай будуць гучаць струны цымбал, а далікатная мелодыя дуды напоўніць вашу хату галасамі птушак.
Як зачараваныя дзеці слухалі таго, хто дарыў ім чарадзейныя інструменты, але ўбачыць яго так і не змаглі. Таямнічы незнаёмец хутка схаваўся ў лясным гушчары. Наперадзе, на сцяжынцы, ляжалі цудоўныя інструменты. Усхваляваныя і абрадаваныя дзеці панеслі іх дахаты.
Неўзабаве, Маруся навучылася іграць на цымбалах, а Макарка – на дудзе. Вывучыўшы, як належыць, новы інструмент, хлопчык зразумеў таямніцу яго гучання і змог змайстраваць для малодшага браціка з трыснягу і бяросты жалейку.
З той пары дзяўчынкі з вёскі Ластаўкі больш не бегалі за раку ў вёску Сонейкі на танцы. Навошта гэта рабіць, калі тут, ля хаты Макаркі, заўсёды па святах гучыць музыка. То звонкія і радасныя, то працяглыя і далікатныя, спяваюць галасы цымбал, дуды і жалейкі. І здаецца, што гэта зусім не ігра музычных інструментаў, а журчанне ручайка, перазвон кропелек дажджу ці спеў лясных птушак.
Усім жыхарам двух вёсак так спадабалася лясная музыка, што яны неўзабаве самі сталі майстраваць для сябе простыя дудкі і жалейкі. Лес даваў ім дрэва, бяросту, рака – трыснёг. І вось ужо ў руках пастуха – маленькая дудачка. Яна дапамагае яму ў працы, таму што і жывёлы любяць слухаць музыку, ахвотна адгукаюцца на кліч свістулькі, такой простай драўлянай дудачкі з далікатным галаском.
А па восені ў абедвух вёсках пачалі спраўляць вяселлі. Янкін гармонік, Марусіны цымбалы, Макаркіна дуда, Сцёпкава жалейка з таго часу ў поўным хаду. А калі гучаць такія цудоўныя музычныя інструменты, ногі самі рвуцца ў скокі, а песні льюцца ракой!
Вось якая цікавая гісторыя здарылася аднойчы ў старажытных беларускіх мясцінах, дзе сам лес падарыў сялянам шчасце і радасць для душы ў падзяку за добрыя справы.
p.s. малюнак аўтара казкі, фота Аляксея Кудраўцава.
Гэтая казка на рускай мове
22.01.14