Хто спявае прыгажэй? (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Хто спявае прыгажэй? (чытае Ліка Пташук)
Хто спявае прыгажэй? (чытае Ліка Пташук)
У густым лесе пад старой елкай пасялілася вялікая дружная мурашыная сям'я. Аднойчы ў цудоўны вясновы дзянёк маленькі Муравік вырашыў пайсці пагуляць. Ён выйшаў з цёмнага мурашніка на белы свет і ўбачыў, як жа навокал цудоўна! У лесе ўжо зазелянела траўка і зацвілі яркія лугавыя кветкі. Гарэзліваму малому захацелася падняцца ўгару па сцяблінцы самай высокай травінкі, каб паглядзець, што робіцца на ўсёй Зямлі!      Муравік узлез на самы верх тоненькай сцяблінкі і зірнуў уніз. З вышыні ён убачыў свой мурашнік, вялікія дрэвы, кусты і яшчэ шмат усяго такога прыгожага, чаго ніколі не бачыў. У гэты час побач з ім пралятала незнаёмка з паласатым брушкам, доўгім хвастом і перламутравымі крылцамі. Гэта была вельмі гаварлівая Страказа. Яна села на галоўку кветкі недалёка ад сцяблінкі, на якой прымасціўся Муравік.
     – Як жывеш, малеча? – спытала Страказа. – Хочаш, я зважу цябе на сваю сажалку?
     – Вядома, хачу, – не разважаючы пагадзіўся Муравік.
     Яму было вельмі цікава разглядаць доўгія і бліскучыя крылцы Страказы, бо ў яго самога такіх крылцаў не было.
     – Тады сядай мяне на спінку, і паляцім! – затрашчала Страказа.
     Муравік быў такі шчаслівы! Першы раз у жыцці ён падняўся ўгару, нават вышэй самых высокіх сцяблінак!
     Калі ж Страказа падляцела да лясной сажалкі, першай, каго ўбачыў Муравік унізе, была зялёная лупатая Жаба. Яна сядзела на вялікім лісце белага гарлачыка і квакала ва ўсё сваё жабінае горла.
     – Чаму яна так гучна крычыць? – здзівіўся Муравік.
     – Дык гэта ж Квакушка, галоўная спявачка нашай сажалкі! – горда адказала Страказа.
     – Ведаешь, мне зусім не падабаецца песня тваёй Квакушкі, – растлумачыў Муравік. – Я не чую ў яе кваканні прыгожай мелодыі. У лесе, дзе я жыву, няма сажалкі, затое растуць выдатныя Званочкі. Яны звіняць вельмі далікатна і намнога прыгажэй.
     – Ня можа быць! – заспрачалася Страказа. – Наша Квакушка лепш за ўсіх!
     – Калі не верыш, дык я магу паказаць табе музыкаў майго лесу, – прапанаваў Муравік.
     – Добра, – пагадзілася Страказа. – Паказвай!
     І зноў Страказа паляцела, але ўжо назад, у лес, дзе жыў Муравік.
     – Ляці сюды! – камандаваў Муравік. – Сядай вунь туды!
     Апусціўшыся ўніз, яны адразу пачулі ціхі, але вельмі прыгожы перазвон. Страказа прыгледзелася і ўбачыла некалькі блакітных кветак, ад якіх ішло далікатнае гучанне. Побач з кветкамі стаялі Конікі і падыгрывалі Званочкам на маленькіх гітарах. Уся іх музыка атрымлівалася звонкай і вясёлай!
     – Так, твае Званочкі вельмі далікатна звіняць, хоць і не так гучна, як квакае Квакушка, – прызналася Страказа.
     – Вось бачыш! А ты не верыла. А яшчэ Званочкі могуць схаваць ад дажджу, бо галоўкі ў іх падобныя на сапраўдныя парасонікі, – усміхнуўся Муравік. – Зараз мне трэба бегчы дахаты, таму што мама з татам будуць хвалявацца. Здаецца, збіраецца на дождж. Да сустрэчы! – крыкнуў Муравік і пабег да свайго мурашніка.
     А Страказа не паспела дабрацца да сажалкі. Ёй прыйшлося перачакаць лівень пад парасонікам самага вялікага Званочка, які з задавальненнем абараніў ад дажджу незнаёмую госцю.
     – Дзякуй, Званочак, за тваю дабрыню і дапамогу! – сказала Страказа.
     Калі дождж скончыўся, яна паляцела дахаты, зусім не замачыўшы сваіх перламутравых крылцаў.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
20.01.14