Ветрык-ратавальнік (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Ветрык-ратавальнік (чытае Ліка Пташук)
Ветрык-ратавальнік (чытае Ліка Пташук)
На палянцы сядзеў маленькі Зайчык і плакаў. Убачыў гэта Ветрык, падляцеў да Зайчыка і пытаецца:      – Што здарылася, Зайчык?
     – Мая сяброўка, Зайка, згубілася. Я цэлы дзень шукаў яе, клікаў і гукаў. Аднак нідзе не знайшоў. А ўжо хутка будзе вечарэць.
     – Не плач, Зайчык! Я, Ветрык-ратавальнік, абавязкова знайду тваю сяброўку і ўжо як-небудзь дастаўлю сюды да надыходу цемры.
     Узяўшы з сабой адзін паветраны надзіманы шарык, Ветрык адправіўся на пошукі згубы. І праўду казаў Зайчык, яго сяброўка не скора знайшлася. Ветрык адшукаў яе ў самым далёкім лесе. Небарака страціла дарогу дахаты. Яна прабегала цэлы дзень і, стаміўшыся, заснула каля сасны.
     – Вось ты дзе, згуба! – прасвістаў Ветрык над самым вухам у Зайкі.
     Малая прачнулася, убачыла Ветрык, зразумела, што ён прыляцеў за ёю, і вельмі абрадавалася. Вось толькі бегчы дахаты ў Зайкі ўжо не было сілы.
     Але ўсім вядома, што ратавальнікамі працуюць толькі самыя кемлівыя, адважныя і шпаркія! Такім быў і наш Ветрык. Ён у імгненне надзьмуў паветраны шарык і прывязаў да яго Зайку. Потым Ветрык падзьмуў на шарык, і той панёс малую дахаты, дзе яе чакаў Зайчык.
     А Ветрык паляцеў далей ратаваць каго-небудзь яшчэ, пакуль зусім не сцямнела. Калі ён пралятаў ля скошанай сенажаці, то заўважыў недалёка ад стога сена чарнагрывага Коніка.
     – Чаму ты такі невясёлы? – спытаў у яго Ветрык.
     – Ды з чаго мне весяліцца! Пакуль я дапамагаў чалавеку давезці сена да сяла, мая сястрычка, белая Кабылка, знікла. – адказваў Конік. – Я аббегаў усё навокал, але яе не знайшоў. А хутка сцямнее. Прападзе яна ўначы!
     – Не бойся, я знайду тваю сястрычку, – супакоіў Коніка Ветрык.
     Ён узяў з сабой пяцьдзесят паветраных шарыкаў і адправіўся на пошукі белай Кабылкі. Сцямнела, але Ветрык змог яшчэ адрозніць на зямлі белы колер ад чорнага і таму, хоць не так хутка як Зайку, адшукаў і белую Кабылку. Зараз ратавальніку спатрэбілася надзьмуць цэлых пяцьдзесят шарыкаў, каб падняць яе ў паветра і аднесці да Коніка. Але на тое Ветрык і ратавальнік, каб умець усё рабіць. Нават, калі б яму прыйшлося падымаць у паветра Слана, Ветрык надзьмуў бы цэлых трыста шароў!
     І толькі цяпер, пасля працоўнага дня, Ветрык-ратавальнік вырашыў адпачыць. Ён улёгся на траву і заснуў да світання.
     
     
     Гэтая казка на рускай мове
18.01.14