Сінічкіны званочкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сінічкіны  званочкі
Сінічкіны званочкі
Сярожа падышоў да акна. Там, у глыбіні двара, на адным з дрэў ён спрабаваў разгледзець сінічку, якая, не змаўкаючы, шмат разоў без разбору звонка паўтарала свае "дзінь-дзінь", " дзінь-дзінь ", "дзінь-дзінь ". Але так і не адшукаўшы ў лістоце клёна, а затым вярбы маленькую пявунню, хлопчык залюбаваўся бэзам, які толькі нядаўна распусціўся пад акном. І толькі потым Сярожа заўважыў цудоўныя вазоны фіялак, што стаялі на падаконніку.      – Бабуля! Ты бачыла? Твае фіялкі зацвілі!
     – Так, Сярожанька, я іх учора паліла. Праўда, прыгожыя кветкі? Яны такія ружовыя і сінія, як неба!
     – Гэта іх сонца размалявала, – здагадаўся ўнук. – Увесну ўсё прыгожае і яркае.
     – І птушкі спяваюць весялей і званчэй, – працягвала разважаць бабуля.
     – А чаму сініцы быццам не спяваюць, а звоняць у званкі? – спытаў Сярожа.
     – Напэўна ім вельмі падабаецца перазвон званоў. Вось яны і імітуюць яго, – вырашыла бабуля.
     – А дзе яны яго чулі?
     – Калісьці даўно хтосьці расказаў мне гісторыю пра адну Сінічку, як яна навучылася так спяваць, – бабуля загадкава паглядзела на ўнука.
     – Калі ласка, раскажы гэтую гісторыю мне! – папрасіў Сярожа.
     – Тады слухай.
     Бабуля Надзя адклала вязанне, зняла акуляры і працягвала:
     – Цяпер вясна, усім цёпла, утульна. Птушкі не галодныя, яны могуць знайсці сабе корм на зямлі альбо на дрэвах. А тады была лютая зіма. Снежная заслона закрывала небасхіл, і ад злой завірухі не было выратавання ні днём, ні ўначы. Людзі і звяры пахаваліся ў хатах і норках, а маленькая Сінічка замярзала пад дахам старой царквы. Ёй было неўздагад, што заўтра Раство Хрыстова, вялікае царкоўнае свята. І яна, не дачакаўшыся раніцы наступнага дня, паляцела ў парк, далей ад людзей, каб укрыцца ў дупле старога дрэва. Паесці ёй там, вядома ж, не было чаго, але хоць ад холаду схаваешся.
     Прайшла ноч, надышла раніца, і неба праяснілася. На зямлю спусціліся Анёлы. Іх было шмат, яны сустракалі разам з людзьмі свята Божага Нараджэння. Але Сінічка нічога не ведала пра гэта. Галодная, яна спала ў дупле, пакуль гучны перазвон не разбудзіў яе. Вылецеўшы на святло, маленькая птушачка ўбачыла залатыя купалы царквы, асветленыя прамянямі сонца, і Анёлаў, якія луналі над Зямлёй. І тады Сінічка зразумела, што з неба на Зямлю сышло Божае святло, і яе галасок зазвінеў, быццам тыя самыя срэбныя званочкі, што трымалі ў руках белакрылыя Анёлы.
     З той пары маленькая Сінічка ўзімку ніколі не бывае галодная. Яе кормяць людзі. Яны развешваюць каля сваіх хат для жаўтагрудай птушачкі кармушкі. А Сінічка ўжо даўно не баіцца людзей, яна адчувае іх клопат і любоў, і сама адказвае тым жа. Вось так і звініць, не змаўкаючы, узімку і ўлетку ў гарадах і мястэчках, у вёсках і каля цэркваў яе звонкі галасок, нібы маленькі святочны званочак. А добрыя людзі слухаюць Божы галасок гэтай маленькай птушачкі і любуюцца яе прыгажосцю.
     
     Гэтая казка на рускай мове
7.01.14