Новы год у Белавежскай пушчы - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Новы год у Белавежскай пушчы
Новы год у Белавежскай пушчы
На Зямлі ёсць дзіўныя месцы, дзе такая прыгажосць, якую немагчыма перадаць словамі. Той, каму пашчасціла пабываць у адным з іх, усё жыццё з захапленнем успамінае пра гэта. Ёсць такое выдатнае месца і ў Еўропе, імя яму – Белавежская пушча. У гэтым старадаўнім рэліктавым лесе растуць магутныя векавыя дубы, хвоі і елі, ясені, клёны, бярозы. Цяжка пералічыць усе віды раслін, што растуць тут.      Ранняй вясной на некранутай цывілізацыяй, Богам захоўваемай мірнай зямлі ўсё лясное жыццё ажывае. Дрымучая пушча напаўняецца радаснымі галасамі птушак і звяроў. У гэты час на белы свет нараджаюцца малышы – птушаняткі і звераняты!
     Вось і ў сям'і ў вавёркі ў дупле старой хвоі не так даўно нарадзілася ваверчаня. Дапытлівы малыш ўвесь час прыстае да мамы з пытаннямі. Пра вясну, лета і восень ён ужо ўсё ведае, а вось пра зіму – не. І таму просіць маму-вавёрку расказаць пра яе.
     – Зіма – гэта такая пара года, калі становіцца вельмі холадна, а на галінках дрэў і на зямлі бела ад снега. Калі ледзяная завіруха кружыць і скуголіць ля нашай хвоі.
     – Ой, як нядобра! – засмуцілася ваверчаня. – Я не жадаю, каб была такая зіма. Няхай заўсёды будзе вясна і лета!
     – Але ж толькі ўзімку здараюцца цуды, спраўджваюцца мары! – запярэчыла яму матуля. – Таму ўсе любяць зіму, і ніхто яе не баіцца. Толькі пад Новы год Дзядуля Мароз дорыць малышам жаданыя падарункі!
     – Дзядуля Мароз? Хто ён такі? – ваверчаня запытальна зірнула на маму.
     – Ён жыве тут, недалёка ад нашай хвоі, у драўлянай хатцы з разнымі акенцамі і ганкам. Наш Дзядуля перасяліўся ў Белавежскую пушчу шмат гадоў назад. Кажуць, ён служыць памочнікам галоўнага Дзеда Мароза, які жыве на Крайняй Поўначы! – пахвалілася мама-вавёрка.
     – Аднойчы ўзімку, перад Новым годам, Дзядуля Мароз прыехаў сюды, каб павіншаваць усіх са святам і падарыць малышам падарункі. Яму так спадабалася Белавежская пушча, што ён вырашыў застацца ў нашым запаведным краі назаўжды. Лясныя жыхары дапамаглі яму ўладкавацца. Усе разам пабудавалі Марозу прыгожую драўляную хатку. Яго ўнучку, Снягурку, паклікалі ў памочніцы, пабудаваўшы і для яе маленькі церамок.
     Дзядулю палюбілі ўсе жыхары нашай пушчы. Мароз такі добры і ўважлівы! Ён падтрымлівае слабых, дапамагае лячыць хворых. З ім сябруюць не толькі звяры і птушкі. Ты б ведаў, як яго любяць магутныя дрэвы-волаты! Ён размаўляе з імі, а яны давяраюць яму свае векавыя таямніцы. Два рыцара – Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч – дзень і ноч вартуюць маёнтак старога і нізавошта не пусцяць да яго ў хату ліхіх чужынцаў.
     Вавёрачка скончыла свой аповед, а ваверчаня слухала, расчыніўшы рот. Усё было так цікава!
     Тым часам, каля вавёрчынай хвоі пачулася нечая гутарка. Малыш паглядзеў з дупла ўніз і ўбачыў, што сапраўдны Дзядуля Мароз са Снягуркай стаяць побач з бурай мядзведзіцай. Тая ж пра нешта ўсхвалявана распавядае Дзядулю. Ваверчаня адразу ж звярнула ўвагу на тое, што ў Мароза доўгая асляпляльна белая барада, а ў руцэ ён трымае нейкую незвычайную доўгую палку. "Гэта чароўны посах! З яго дапамогай Дзядуля здзяйсняе сваё добрае чараўніцтва!" – зразумеў малыш.
     Праслухаўшы аповед мядзведзіцы, Дзядуля Мароз на хвілінку задумаўся, а потым сказаў:
     – Небарака медзведзяня, захварэла! Ай-яй-яй! Напілася халоднай крынічнай вады! Але нічога, не хвалюйся, мядзведзіца. Дзіця хутка паправіцца, мы вылечым яму горлачка.
     Потым ён звярнуўся да Снягуркі:
     – Унучачка, ты ж жвавая. Збегай, калі ласка, у маю хату. Там, у каморы, знойдзешь слоічак з ліпавым мёдам. Прынясі яго сюды. Гэты мёд гаючы. Мне даслалі яго пчолы мінулай восенню. Вось я і захоўваў яго на ўсякі выпадак. Ім ты, матухна, і падлечыш малога.
     Прытаіўшыся, ваверчаня з вышыні назірала, як Снягурка прынесла мёд і перадала яго мядзведзіцы. Тая ж, падзякаваўшы Дзядулю, паспяшалася дадому. І толькі тады мама-вавёрка аклікнула дарагіх госцей, Дзядуля Мароз паглядзеў угару, і, заўважыўшы малыша-ваверчаняці, гучна сказаў:
     – Добры дзень, вавёрка! Бачу, у цябе падрастае сынок. Дык няхай жа ён будзе заўжды здаровым і шчаслівым. Усяго добрага вашай сям'і!
     – Дзякую, Дзядуля Мароз! – ветліва падзякавала яму вавёрка. – А вы куды накіроўваецеся? Мусіць, па нейкіх важных справах?
     – Так! Абыходзім пушчу. Трэба ж сачыць за парадкам. Бо, калі хтосьці захварэе ці незнарок патрапіць у бяду, то без старонняй дапамогі яму не абысціся. Мы дапаможам, а не зладзімся, так паклічам сяброў. Іх у нас шмат - цэлая пушча сяброў!
     – А ты, малыш, гадуйся, – Дзядуля Мароз звярнуўся да ваверчаняці. – Калі навучышся спрытна скакаць па галінках, прыходзь з мамай да мяне ў госці. Я вас пачастую духмянай гарбатай з малінавым варэннем, ды яшчэ Снягурка пячэнне спячэ. Праўда, Снягурка? – стары з усмешкай зірнуў на ўнучку.
     – Вядома, Дзядуля, самае смачнае пячэнне спяку!
     Развітаўшыся з вавёркай і яе сынком, дарагія госці адправіліся далей па лясной сцяжынцы. І пакуль яны не схаваліся з поля зроку, ваверчаня ўсё яшчэ глядзела ім услед. А мама сцвярджальна шаптала: "Гэта праўда. Клопатаў і спраў у яго звышдастаткова. Колькі звяроў і птушак жыве ў пушчы! Усе ведаюць пра тое, што Дзядуля ў цяжкую гадзіну заўсёды прыйдзе на дапамогу. Так, нічога не скажаш, добрая ў яго душа...".
     
     А тым часам жыццё ў Белавежскай пушчы працягвалася. Не паспелі яе жыхары азірнуцца, як кудысьці ўцякла вясёлая няўрымслівая ярка-зялёная вясна. За ёй лета чырвонае з хмурнымі навальніцамі ды далікатнымі вясёлкамі паспяшалася. Потым ціхая залатая восень пакружылася і паляцела кудысьці. І вось ужо здалёку паказалася белая зіма.
     Усё адбылося сапраўды так, як распавядала мама-вавёрка. З неба пасыпаліся бліскучыя асляпляльна белыя сняжынкі. Яны ахуталі ўсе дрэвы, траву і нават патрапілі ў вавёрчына дупло. Але мама-вавёрка мігам зачыніла ўваход у жыллё дзверцамі з сухіх галінак. І тады адразу ж стала цяплей.
     Малыш да зімы падрос. Ён ужо добра скакаў па галінах дрэў і нічога не баяўся. Увосень яны разам з мамай пабывалі ў гасцях у Дзядулі Мароза. Стары паказаў ваверчаняці Скарбніцу – сховішча з дзіцячымі падарункамі. Аказваецца, дзеці ўсяго свету пішуць Дзядулю лісты, дасылаюць свае малюнкі і вырабы. А ён захоўвае ўсё гэта ў сваёй Скарбніцы. Потым Мароз прыводзіць туды госцей і распавядае ім пра тое, наколькі таленавітыя нашы дзеці.
     – Мама! А мне можна папрасіць падарунак у Дзядулі Мароза? Я ведаю, ужо хутка прыйдзе Новы год, – аднойчы запыталася ваверчаня.
     – Вядома, можна. Але табе не трэба нічога прасіць. Дзядуля Мароз сам здагадаецца аб усім, – параіла матуля. – А ці бачыў ты тую велізарную елку, што расце каля яго хаты? – працягвала вавёрка.
     – Так. Я нават залазіў на яе верхавіну! – пахваліўся малы. – А які адтуль адкрываецца від на нашу пушчу! Здаецца, што глядзіш на ўсё не з дрэва, а з самога неба!
     – Вось гарэза! А я пра гэта нават не ведала! – пажурыла маці сына. – Кажуць, што гэтая елка самая высокая з усіх елак у Еўропе. Ведаеш, колькі ёй гадоў?
     – Колькі?
     – Больш за сто!
     – І яе ўсе звяры разам са Снягуркай і Дзядулем Марозам сёння будуць прыбіраць да Новага года. Яна стане галоўнай Навагодняй Ёлкай нашай пушчы.
     – І я хачу яе прыбіраць! – усклікнула ваверчаня.
     – Тады бяжы, дапамагай! – усміхнулася мама-вавёрка, гледзячы, як яе сынок выскачыў з цёплага дупла і як мага хутчэй панёсся да хаткі Дзядулі Мароза.
     "Нічога! Не змерзне. Ён дужы. Потым напаю яго ліпавай гарбатай", – вырашыла яна.
     У вечары таго ж дня знакамітая Ёлка ля хаткі Дзядулі Мароза стала проста непазнавальнай, настолькі маляўнічым быў яе навагодні ўбор! Галіны лясной царыцы ўпрыгожылі рознакаляровымі шарамі, хлопаўкамі, банцікамі. Ды яшчэ якое дзіва! На Ёлцы ярка мігацелі і пераліваліся казачныя агеньчыкі. Іх даслалі ёй у падарунак сапраўдныя нябесныя зорачкі!
     Нарэшце настаў апошні дзень старога года. Ахутаная пухнатым снегам, ціхая і спакойная Белавежская пушча незвычайна ажыла. Справа ў тым, што ўсе звераняты пад Новы год атрымалі ад Дзядулі Мароза запаветныя падарункі!
     А што ж ён падарыў нашаму знаёмаму ваверчаняці?
     Не будзем сакрэтнічаць. Падарунак для малога знаходзіўся ў прыгожай скрыначцы, перавязанай стужкай з яркім банцікам. Гэта былі кедравыя арэшкі. Пра іх ваверчаняці распавядала мама. Менавіта іх ён і жадаў атрымаць у падарунак. Малы ведаў, што такія арэшкі не знойдзеш у Белавежскай пушчы. Затое яны ёсць у сібірскіх лясах, таму што там растуць кедравыя хвоі. "Мабыць, нашаму Дзядулю Марозу даслаў арэшкі з далёкай Сібіры іншы Дзядуля Мароз спецыяльна для мяне!" – цешылася свайму падарунку ваверчаня. Напэўна, малыш меў рацыю. Таму што Дзяды Маразы нашай планеты вельмі добрыя. Яны любяць малых і робяць усё дзеля таго, каб кожнае дзіця было шчаслівым у навагодняе свята.
     Нарэшце, надышоў Новы год! Усю ноч каля прыгажуні Ёлкі малышы вадзілі карагоды і загадвалі запаветныя жаданні. І каго толькі ў гэтым карагодзе не было! І ваўчаняты, і лісяняты, і зайчаняты, і медзведзяняты, і бабраняты, і важаняты, і мышаняты, і парасяты. Нават зубраняты, аленяняты і ласяняты і жарабяты прыбеглі.
     Раніцай прыехалі з горада дзеці. Усім сваім госцям Дзядуля Мароз уручыў падарункі. І свята працягнулася. Па загадзе Дзядулі Мароза ў карагод далучыліся казачныя героі. Калі вы чыталі чарадзейныя казкі, то пазналі б іх. Гэта Беласнежка і сем гномаў, дванаццаць месяцаў, Баба-Яга і Лясун, Царэўна-жаба і Іван-царэвіч, Бураціна, Чабурашка і шмат іншых. Весялосці не было канца. Дзеці з захапленнем разглядвалі незвычайна высокую, да самага неба, навагоднюю Ёлку, зазіралі ў чароўную студню, падыходзілі да ветрака і хадзілі па загадкавым мастку. Неверагодныя цуды адбываліся каля хаткі Дзядулі Мароза ў навагоднюю ноч! І ўсё дзеля таго, каб выконваць запаветныя жаданні госцей свята!
     Дзеці і іх бацькі, вядома ж, надоўга запомняць паездку да Дзядулі Мароза. Яны пабывалі ў сапраўднай лясной казцы і ўбачылі галоўнага чараўніка Белавежскай пушчы.
     А ваверчаня нікуды не з'едзе адгэтуль. Яно - карэнны жыхар пушчы, як і ўсе астатнія яе насельнікі. Малому пашанцавала. І ён не раз яшчэ сустрэне ў гэтым дзівосным старадаўнім лесе свайго добрага сябра, Дзядулю Мароза.
     
     p.s. ілюстрацыя да казкі мастачкі Анастасіі Балыш.
     
     Гэтая казка на рускай мове
1.09.13