Моё дзяцiнства ў пасляваенным Мінску
Iграй мая гармошка, гучы мая гiтара.Я па табе, мой дворык, засумавала. Песня.
Маё першае ўражанне ад жыцця – яркае сонца, свежы цёплы пах, які ішоў ад адталай зямлі, празрыстае паветра і чыстае неба. Гэта я, зусім маленькая, стаю на праталіне, на горачцы каля гароду ў нашым панадворку на вуліцы Розы Люксембург. Гэта быў выдатны панадворак. Ён быў абгароджаны з двух бакоў даваеннымі аднапавярховымі драўлянымі дамамі. У кожным доме жыло па шэсць, а то і па восем сем'яў. Усе вокны былі з аканіцамі. Дамы злучаліся пад прамым вуглом. Гэта было скрыжаванне вуліц Розы Люксямбург і Клары Цэткiн. На вуглу дамоў стаяла калонка, адкуль жыхары дамоў бралі ваду. З трэцяга боку панадворак абрамлялі старыя адрыны, за якімі віднеўся сад, маліннік. Там жыў багаты чалавек, акцёр Уладзімір Дзядзюшка. У яго былі дзве машыны, па тых часах – вялікая раскоша. З апошняга боку панадворка быў гарод: штук дзесяць градак, на якіх жыхары кватэр вырошчвалі салату, лук, моркву, кроп на зеляніну. Дрэвы ў панадворку былі велізарныя, а па сярэдзіне стаяў драўляны стол з лаўкамі, вакол якога раслі шыкоўныя кусты белых руж.
У мяне была сяброўка Люда. Яна была на год маладзей з-за мяне і жыла ў тым жа доме, што і я, толькі ў нас быў першы ганак, а ў яе – другi. У двары жыў сабака-дварняк і, вядома ж, каты. На паддашку аднаго з дамоў пасяліліся галубы. Іх там разводзіў малады хлопец, а па маіх тагачасных паняццях – нейкі вялікі дзядзька.
Маё другое яркае ўражанне – мама завязвала мне на галаву мяккую пуховую шапачку і адпраўляла гуляць на двор. Я стаяла на кухні: ззаду было акно з белай паркалёвай фіранкай, з аднаго боку – пліта, прыбудаваная да печкі. На ёй мама варыла ежу і кіпяціла бялізну. З другога боку была сцяна, дзе на гапліку віселі паліто, і быў прыбіты мыйнік. Я памятаю: дзеці вялікія, як мне тады здавалася, гулялі ў скакалку ў двары. Адна дзяўчынка круціла па зямлі скакалку вакол сябе, а астатнія – скакалі праз яе. Я падышла бліжэй, і мяне балюча стукнуў канец скакалкі, я заплакала…
Мама ў печцы варыла вельмі смачны пахкі курыны суп і бульбяную бабку са скарыначкамі. Я іх вельмі любiла. У куце пакоя стаяла печка, пабеленая мелам. Мама тапіла яе дровамі і брыкетам, якія прыносіла з павеці. У пакоі было тры акна, стаялі тры ложка ўздоўж сцен, кушэтка ля акна, невялікая аднастворкавая шафа з люстэркам, на сцяне вісела радыё. Па сярэдзіне пакоя стаяў стол.
Нас было пяцёра: мама, тата, я і мае брат з сястрой. Я была малодшай у сям'і. Брат быў старэйшы з-за мяне ўсяго толькі на год. Я яго вельмі любiла. Ён усюды вадзіў мяне за руку, хоць вельмі саромеўся гэтага. Але так наказвала яму мама. А ён быў вельмі паслухмяны. На ложку мы спалі з ім "валетам", побач – мама. Разам з братам мы перахварэлі ўсімі дзіцячымі хваробамі: адзёрам, свінкай. Я памятаю, як мама завешвала вокны коўдрамі, каб было цёмна.
Мой брат быў вельмі цямлівы. У пяць гадоў ён навучыўся чытаць па азбуцы, пісаў словы мелам па драўлянай падлозе, прачытваў іх і выхваляўся перада мною. Я хутка пераняла ў яго гэта ўменне. "А ты думаеш, я так не змагу?", – казала я і таксама прачытвала словы па складах. Мама ўсміхалася і хваліла нас. Цацак у нас з братам было вельмі мала. Я памятаю толькі зробленую з матэрыі ляльку з пластмасавай галавой, драўлянага каня-качалку, кубікі, мяч, ваўчок. Брат рана навучыўся майстраваць. Ён змайстраваў сабе ў адрыне драўляны пісталет, рагатку. А потым, калі на вуліцы поруч нашых дамоў паклалі асфальт, ён змайстраваў самакат з падшыпнікамі замест колаў. Якая радасць і асалода была нам, дзецям, катацца на ім з горкі: ад дома Дзядзюшкі па вуліцы Клары Цэткін да калонкі ці вакол клуба танкасуконнага камбіната, які быў размешчаны насупраць нашага дома праз дарогу.
Вуліца Розы Люксямбург была нешырокай, метраў восем, але роўнай. Па ёй хадзілі грузавыя машыны. Гэтая вуліца ішла да Нямецкіх могілак. Далей было Грушаўскае мястэчка, дзе, як казалі тады, жыло шмат бандытаў, і мы дзеці страшна баяліся іх. Вуліца Клары Цэткін была зусім вузенькай. Ад нашай хаты яна ішла пад горку, а потым спускалася ўніз. Уздоўж гэтых вуліц запар стаялі драўляныя хаты, расцвіталі сады, зелянелі гароды. Вакол расло шмат старых таполяў, клёнаў, акацый. Усё патанала ў зеляніне. Гэта быў Райскі куток майго дзяцінства. Мне і цяпер сняцца тыя месцы, па якіх я тады хадзіла.
Калі мне ўжо было гадоў дзевяць, суседзі за сцяной купілі тэлевізар. Ім аказалася скрынка з экранам не больш за дзесяць квадратных сантыметраў. І мы, дзеці ўсяго двара, хадзілі паглядзець на яго ў маленькі, амаль як гэты тэлевізар, пакойчык нашых суседзяў, дзе яны жылі ўчатырох.
Я памятаю, наколькі прыязныя былі людзі ў той пасляваенны час. Усе жылі ў двары як адна сям'я.
Праз дарогу стаяў дом, у якім жыў поп з пападдзёй. У падвале іх дома жыла старэнькая бабуля. Яна прадавала смажаныя семачкі. І мы, дзеці, бегалі да яе купляць іх. Аднойчы мама ўпотай ад таты вырашыла перахрысціць усіх траіх сваіх дзяцей. Дамовілася з бацечкам. І мы пайшлі ў царкву на Ваенныя могілкі. Сам бацечка быў нашым хросным бацькам. Ён даў нам з'есці маленькія ладанкі. Увечар, калі бацечка ішоў дахаты, ён сустрэў майго брата на вуліцы і даў яму тры рублі на пачастунак. У той жа дзень мы елі вялікі салодкі кавун. Тады мы не насілі свае крыжыкі, але мама зберагла іх. І вось цяпер я нашу яго.
У нашым двары раслі старыя клёны, акацыі. На дрэвах былі прыбіты шпакоўні. Увосень двор пакрываўся жоўтым дываном. А носікі з акацый мы ляпілі сабе на насы. Узімку выпадаў такі снег, што гурбы ўздоўж расчышчаных дарожак былі вышэй нашага росту. Я вельмі любіла наш двор, дзе зацвіталі кветнікі з вяргінямі, садовымі рамонкамі. На адным з дрэў віселі арэлі – дзве тоўстыя вяроўкі з перакладзінай, на якой мы, дзеці, узнімаліся да неба. За адрынамі былі градкі, на іх нашы бацькі вырошчвалі ўсякую зеляніну. Улетку мы ставілі паміж градкамі ванначкі з вадой, а калі вада награвалася, пляскаліся ў іх з вялікім задавальненнем. А яшчэ мы хадзілі з мамай загараць на Яўрэйскія могілкі. Яны былі абгароджаны напаўразваленым агароджам з цэглы ў шашачку. Могілкі былі ўсе зарослые. Конікі цвыркалі на ім ва ўсе галасы.
Вось надышоў дзень дванаццатага красавіка тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят першага года, калі абвясцілі, што ў космас паляцеў касманаўт Юрый Гагарын. Я памятаю, як мы глядзелі ў неба, спадзяючыся ўбачыць у ім касмічны карабель. Камусьці нібы атрымоўвалася ўбачыць у небе рухомую кропку, меркаваны карабель.
У які цікавы час праходзіла маё дзяцінства! А колькі разоў мы, дзеці, бегалі глядзець кіно ў кіназалу танкасуконнага камбіната – не злічыць. Квіток каштаваў дзесяць капеек. Колькі фільмаў мы перагледзелі: камедый, трагедый, савецкіх, замежных, асабліва французскіх. Мне асабліва запомніліся "Гусарская баллада", "Фантомас", "Граф Монте-Кристо", "Молодая гвардия", "Полосатый рейс".
Вядома, карміліся мы ўсе роўна. Смажаная бульбачка са скваркамі, бацвінне, амаль ніякага мяса. Цукеркі – на Новы год на Ёлцы. Але наколькі ясным светлым радасным і прыязным было наша жыццё! І ўсё гэта дзякуючы вялікай духоўнасці, якая тады панавала ў людзях. Я ўдзячная лёсу, што маё дзяцінства прайшло ў такі час.
Гэтае апавяданне на рускай мове
5.05.13