Праменьчык-мастак (чытае Ліка Пташук)
Жыў на свеце адзін таленавіты сонечны Праменьчык. Не, ён зусім не быў задавакай, проста вельмі любіў маляваць. Праменьчык ставіў свой востры кончык на роўную гладкую і спакойную паверхню вады ляснога возера і маляваў усё тое, што бачыў на беразе – бярозкі, вербы, хвоі, елі. Здавалася, усё, што намалявана ім на вадзе – сапраўднае! Настолькі малюнак Праменьчыка быў падобны на жывыя дрэвы, што раслі на беразе! Усякі, хто хадзіў тым часам па процілеглым беразе возера, захапляўся такімі цікавымі вельмі падобнымі малюнкамі Праменьчыка і казаў:
– Якое прыгожае і дакладнае адлюстраванне дрэў у вадзе!Але была адна непрыемнасць. Варта было Праменьчыку ўцячы ўслед за Сонейкам на другі бок Зямлі, як лясное возера апускалася ў начную цемру, і на яго паверхні знікалі ўсе малюнкі агністага Праменьчыка!
Аднойчы ў лес да возера прыйшлі дзеці. Яны паставілі мальберты ля самага берага і сталі маляваць яркімі акварэльнымі фарбамі тое, што бачылі перад сабой. І здарыўся цуд! Неўзабаве, Праменьчык заўважыў, як уся тая прыгажосць, якую ён так старанна маляваў на азёрнай вадзе – бераг, дрэвы, кусты – з'явілася і на дзіцячых малюнках. Але гэта была ўжо не дакладная копія таго, што расло тут. Дзеці малявалі ярчэй, выразней, так, быццам гэта быў не звычайны, а казачны свет!
Сумна стала Праменьчыку, бо маляваць, як малявалі дзеці, ён не ўмеў, ды і чароўных акварэльных фарбаў у яго не было.
Сонейка ж, убачыўшы свайго сумнага сыночка, ціхенька шапнула яму:
– Не хвалюйся! Лепш падляці да дзетак і падфарбуй іх малюначкі залатой фарбай. Такой фарбы, як у цябе, у іх няма!
Узрадаваўся Праменьчык, што зможа дапамагчы дзецям, і пазалаціў сваёй фарбай іх казачныя малюнкі.
Усё лета дзеці прыходзілі ў лес і малявалі возера, неба, дрэвы. Але ніхто з іх не мог зразумець, чаму ў сонечныя дні ў акварэльных фарбах з'яўляецца нейкая дзіўная залацінка, якая робіць іх малюнкі яшчэ прыгажэй і ярчэй. А сціплы Праменьчык так і не распавёў нікому з дзяцей пра тое, што гэта ён дапамагаў ім маляваць.
Скончылася лета, і настала зіма. Дрэвы і кусты атуліліся снегам, а на вокнах хат вопытны мастак зімы, Мароз, намаляваў такія фантастычныя ўзоры, якія не змагло б паўтарыць ніводнае дзіця з мастацкай школы.
Аднак, дзеці ўсё роўна заўсёды і ва ўсім жадаюць быць першымі і лепшымі. І вось ужо яны стараюцца з усяе сілы. Стаіўшы дыханне, выводзяць на сваіх палотнах зімовы лес, казачныя хаткі і срэбныя сняжынкі. А сціплы працаўнік, сонечны Праменьчык, і тут не перастае дапамагаць ім. Ён улятае ў акно і дамалёўвае бліскучым срэбрам і перламутрам цудоўныя ўзоры сапраўднай зімовай казкі на дзіцячых малюнках...
У кожнага з нас ёсць памочнік. Той, хто дапамагае нам заўсёды і ўсюды. Гэты шаноўны і вельмі сціплы памочнік – наш Анёл-захавальнік. Ён дапамагае нам, таму што любіць, верыць у нас і жадае, каб людзі на Зямлі былі шчаслівыя.
Гэтая казка на рускай мове
17.04.13