Вясёлыя каруселі для звяроў - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Вясёлыя каруселі для звяроў
Вясёлыя каруселі для звяроў
Сапраўдны заапарк пабудавалі побач з вёскай Вясёлка. І засялілі яго разнастайнымі відамі звяроў і птушак. Жыхары навакольных гарадоў і вёсак, нават турысты з іншых краін едуць і едуць туды цэлымі сем'ямі з малымі дзецьмі на аўтамабілях, таксі, аўтобусах і нават цягніках каб паглядзець на дзіўных звяроў і птушак. А наколькі дзецям цікава пабываць на такой экскурсіі, ведае кожны дарослы чалавек, таму што сам ён калісьці таксама быў дзіцём.      Ходзяць наведвальнікі па заапарку, звяркоў і птушачак разглядваюць, усміхаюцца, нават смяюцца ад задавальнення. Якія ж цудоўныя гэтыя заморскія цюлені і белыя мядзведзі, ільвы і тыгры, кенгуру і сланы!
     Але вось бяда! Самі звяры ўжо і глядзець ні на каго не жадаюць! Сумна ім, надакучыла ў клетках сядзець ды госцей забаўляць, не цікава і ўсё тут! Засумавалі звяры, захварэлі. Дрэнна ядуць, ды і тэмпература ў некаторых паднялася.
     Устрывожыўся дырэктар заапарка. Што рабіць у такой сітуацыі? І тады яго маленькая дачушка прыдумала вось што:
     –Каб звяркі развесяліліся, іх трэба пакатаць на каруселях! Самых звычайных дзіцячых! – здагадалася дзяўчынка.
     – Твая праўда! – падтрымаў яе тата. – Звярам таксама патрэбная нейкая гульня.
     Неўзабаве ў заапарк прывезлі новенькія каруселі. Ды такія прыгожыя, проста любата! І вось ужо слон, за ім вярблюд, а потым казуля ўзлезлі на яркія і незвычайныя, проста казачныя каруселі і паехалі па крузе! Цудоўна!
     – Вы толькі паглядзіце! Звяры павесялелі і нават папрыгажэлі! – цешыўся гаспадар заапарка. – Малайчына, дачка! Прыдумала ім лекі!
     Чутка пра звярыныя каруселі разляцелася па акрузе. Шустрая каза Дзераза дзеда Сямёна з вёскі Вясёлка каровам і козам, пеўням і свінкам пра каруселі расказала. Адкуль жа яна сама пра ўсё даведалася? Справа ў тым, што кожны дзень каза Дзераза пасвілася побач з заапаркам. А знаёмая Варона, што жыла ў бліжэйшым лесе, казе пра казачныя каруселі і паведаміла. Але казе Дзеразе не вельмі хацелася катацца на іх, бо яе і так палохалі звярыныя галасы, якія яна чула кожны дзень.
     А вось баба Насця, суседка дзеда Сямёна, стала заўважаць – штосьці незразумелае адбываецца з яе каровай. Тая раптам засумавала і малака менш даваць стала.
     Ягорка, унук, ай да малайчына, усё разгадаў:
     – Бабуля! Нашай Бялянцы, відаць, захацелася пакатацца на тых каруселях, што ў заапарк прывезлі!
     – Ну, дык адвядзі яе туды. Хай пакатаецца, – адразу ж пагадзілася баба Насця.
     Як жа карова ўзрадавалася! Не паспеў Ягорка вывесці яе за вароты, яна на ўсіх парах да заапарка пабегла. Хлопчык ледзь за ёй паспяваў. Потым Бялянка ўскокнула на каруселі і пачала катацца разам са звярамі!
     А Ягорка глядзеў, як круцяцца прыгожыя размаляваныя вельмі незвычайныя звярыныя каруселі, і разважаў сам з сабой:
     – Якія ж дапытлівыя гэтыя жывёлы! Усё ім цікава, быццам малым дзецям!
     
     Гэтая казка на рускай мове
31.03.13